Зняволеныя з ПВК Вагнера, якія адправіліся на вайну ва Украіну, каб пазбегнуць катаванняў у турме, сутыкаюцца з катаваннямі і на фронце: камандаванне адразае зэкам пальцы і хавае сляды катаванняў, спальваючы целы ў крэматорыях, а таксама пагражае паказаць ім відэа, на якім з жывога чалавека знялі скуру за стрэл у камандзіра. Сведчанні перапіскі і дакументы перадаў The Insider заснавальнік праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін. The Insider удалося верыфікаваць перапіску і асабістыя даныя зняволенага, а таксама пацвердзіць, што ён з'яўляецца байцом ПВК Вагнера.

Зняволены распавёў, што падпісаў дамову з ПВК, як і многія, каб пазбегнуць катаванняў у турме. У трохбаковай дамове, акрамя іншага, патрабавалася пазначыць даныя родных: прозвішча, імя, адрасы пражывання бацькі і маці.

Таксама дакумент прадугледжваў, што цела зняволенага маюць права не выдаваць, а крэміраваць. Сам суразмоўца лічыць, што так «замятаюць сляды», каб у СК не маглі разабрацца ў выпадку, калі зняволеных катавалі. За спробы ўцёкаў зняволеных расстрэльваюць, а за спрэчкі з камандаваннем адразаюць пальцы. Камандзіры сцвярджаюць, што ў выпадку, калі ўцекачоў не зловяць, будуць аказваць ціск на сваякоў.

«Калі пабяжыце, зловім, будзем катаваць, вельмі доўга будзеце паміраць, калі не зловім, на вашых сваяках адаб'ецца ўсё», — так пагражаюць зняволеным.

Кожны другі зняволены хоча збегчы з часткі, аднак усе запалоханыя, бо камандзіры кожны дзень паказальна адразаюць асуджаным пальцы або вязуць людзей у катавальню. У якасці засцярогі ад уцёкаў зэкам распавялі, як аднаго са зняволеных, які падстрэліў камандзіра, падвергнулі катаванням. З яго знялі скуру і «спецыяльна трымалі яго на кропельніцах, каб ён некалькі дзён паміраў у страшных пакутах». Таксама зняволеным абяцалі паказаць відэа з месца, дзе «распырсканыя мазгі зэкаў», якія аказвалі непадпарадкаванне.

Усе зняволеныя хаваюць тэлефоны, бо за іх выкарыстанне могуць адрэзаць пальцы. Сувяззю карыстаюцца, толькі калі не бачаць камандзіры, напрыклад, у акопах. У цяперашні час зняволеных з пензенскіх калоній ужо кінулі на перадавую, зэкаў з Валгаградскай вобласці рыхтуюць да бою, а арэнбургскія зняволеныя праходзяць экспрэс-падрыхтоўку, якая фактычна заключаецца ў запалохванні. Пры гэтым асуджаным не плацяць за вайну, а абяцаюць вызваленне.

Клас
12
Панылы сорам
15
Ха-ха
28
Ого
18
Сумна
9
Абуральна
61