Фота: dmitry.glukhovsky / Facebook

Глухоўскі кажа, што нягледзячы на некаторыя спробы выказаць незадаволенасць і ўмовамі ўтрымання мабілізаваных, і самім прынцыпам, паводле якога мабілізаваных прызываюць, нягледзячы на абурэнні ў Дагестане і ў Бураціі, пратэсты не набылі масавы характар.

Больш за тое, ён лічыць, што прыняцце мабілізацыі паказала, што грамадства гатовае праглынуць не толькі гэта.

«Мне здаецца, што сам факт мабілізацыі — экстраны выклік 300 тысяч чалавек, якіх цалкам рандомным парадкам адшуквалі на станцыях метро, лавілі, хапалі і такім чынам заграблі, і грамадства як быццам [гэтага не заўважыла] (ну акрамя тых 700 тысяч, якія зʼехалі). Усе астатнія палічылі за лепшае з гэтым змірыцца і гэта ўсё «схаваць».

Той факт, што можна любога чалавека ўзяць каля станцыі метро за шкірку, схапіць і кінуць у мясарубку, і яго сваякі гэта неяк прымуць, і сам ён з гэтым змірыцца, і ў турму не пойдзе, а пойдзе паміраць — гэта гаворыць нам аб тым, што грамадства ў прынцыпе гатовае ўжо і да рэпрэсій. Таму што гэта тое ж самае рандомнае, нічым не вытлумачальнае, з боку дзяржавы абсалютна адвольнае пакаранне, як у сталінскія часы», — кажа пісьменнік.

Глухоўскі мяркуе, што калі людзі гатовыя прыняць з боку дзяржавы адвольны гвалт, права дзяржавы фактычна любога кінуць на смерць, то далей няма ўжо істотнага адрознення паміж гэтым і тым, што любога бяруць на вуліцы, ставяць да сценкі і расстрэльваюць.

«Ну ў чым розніца? Розніцы няма. Калі ты лічыш, што дзяржава ў прынцыпе можа такое пракруціць, і ты з гэтым не спрачаешся і не пратэстуеш, то акно Авертона знакамітае ўжо ў прынцыпе ссунутае, і ты для сябе ўяўляеш магчымасць таго, каб па вуліцах паехалі нейкія чорныя мікрааўтобусы з эскадронамі смерці, якія людзей за справу і не за справу грабуць».

Ён мяркуе, што, магчыма, толькі адсутнасць рэпрэсіўнай інфраструктуры ў краіне і тое, што ўсе штрафныя ізалятары запоўненыя, перашкаджае ў дадзены момант раскруціцца масавым рэпрэсіям.

«Можа быць, цяпер, калі «ўтылізуюць», дзякуючы намаганням ПВК Вагнер, нейкую колькасць людзей, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, і месцы ў турмах вызваляцца, вось можа быць гэтыя месцы і будуць запаўняцца ўсімі, хто не згодны з сітуацыяй ці проста нават у адвольным парадку. 

Таму што калі ў масавага тэрору няма логікі, яго эфектыўнасць яшчэ вышэйшая.

Тады няма надзеі нейкім чынам сябе добра ў адносінах да ўлады паводзіць і тым самым тэрору пазбегнуць. Калі як у сталінскія часы, дамоклаў меч вісіць над кожным чалавекам і кожны знаходзіцца ў стане пастаяннага чакання арышту і расправы, то спроба нейкім чынам з дзяржавай дамовіцца або яе абхітрыць, ператвараецца праз сляпы жах у такую ж глыбокую павагу да яе», — кажа Глухоўскі.

«Банкір, нават, ці, дапусцім, супрацоўнік тэлебачання, як сярод некаторых маіх знаёмых было. Прыходзіць чалавеку позва, яму нават тэлефанаваць няма каму, ён спрабуе з кімсьці дамовіцца, каб яго цяпер адпусцілі, таму што ён вельмі дзяржаве патрэбны, а яму кажуць, не, нічога не ведаем, сюды прыходзь, там разбяромся.

Нават карупцыйныя схемы не наладжаныя яшчэ. І ўсё гэта ператварае гэтую гісторыю з мабілізацыяй у гісторыю са сляпымі рэпрэсіямі з боку дзяржавы.

Гэта значыць, людзі ў прынцыпе змірыліся з тым, што сёння, у 21 стагоддзі, у сучасным свеце, праз 70 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, пасля апошняй вялікай вайны ў Еўропе, любога расійскага грамадзяніна мужчынскага полу можна ўзяць за шкірку, кінуць у мясарубку, яго смерць ад сваякоў схаваць. І ўсё. І забыцца, і забараніць успамінаць. Вось калі мы на гэта гатовыя цяпер падпісацца (а, атрымліваецца, што калі паўмільёна награблі, то гатовыя), тады значыць у наступнай серыі — ужо мы як бы самі ўладу да гэтага запрашаем — у наступнай серыі — масавыя рэпрэсіі», — упэўнены ён.

На пытанне, ці верыць ён у 300 тысяч мабілізаваных, Глухоўскі кажа, што адказаць на гэтае пытанне немагчыма.

«У дзяржаве, якая цалкам будуе ўсю камунікацыю са сваім народам на хлусні, хто гэта палічыць?» — адказвае ён.

«Я ведаю, што некалькім маім знаёмым прыйшлі позвы, і я ведаю праз адзін поціск рукі дзясяткі людзей, якім прыйшлі позвы, і якія па позвах явіліся, і якія з-за позваў збеглі за межы Расійскай Федэрацыі.

Такім чынам, гэта відавочна абсалютна масавая гісторыя, мабыць, больш масавая, чым кавід, таму што праходзіць у больш сціслыя тэрміны, а знаёмых знаёмых і простых знаёмых, якія пад яе [мабілізацыю] патрапілі ў кожнага чалавека знаходзіцца шмат, значыць, гэта сотні тысяч», — кажа ён.

Ці разваліцца Расійская імперыя?

Глухоўскі кажа, што Расія паламала звыклае ўладкаванне Еўропы, мноства пісаных і няпісаных правілаў, і тым самым дала магчымасць іншым паводзіць з сабой гэтак жа.

«Мне здаецца, што галоўны і небяспечны прэцэдэнт, які быў створаны, гэта абʼяўленне сваімі [чужых] тэрыторый. І ў Расіі няма сіл іх абараніць. І калі ты кажаш, што тут Расія, там Расія, вось тут Расія, а заўтра тут зноў Украіна, і ніхто, акрамя Расіі, гэтую тэрыторыю прызнаць не гатовы, нават Нікарагуа, то

на якіх падставах ты далей будзеш сцвярджаць, што свяшчэнная там тэрыторыя Хабараўскага края, калі туды зойдзе Кітай, дапусцім, або тэрыторыя Калінінграда, калі на яго паквапіцца хто-небудзь з ранейшых уладальнікаў ці яшчэ нехта. Гэта значыць, прэцэдэнт адсутнасці свяшчэннасці і няздольнасці Расіі абараніць свае тэрыторыі створаны.

Далей драбненне будзе залежаць ужо не ад таго, што ўсе выконваюць нейкія разумныя абмежаванні, традыцыі, табу, правілы прыстойнасці і гэтак далей.

Гэтая сіла была інерцыйная, але вельмі моцная — так прынята рабіць, так не прынята рабіць. Расія велізарную колькасць правілаў, галосных і тайных дамоўленасцяў, на якіх грунтавалася архітэктура свету пасляваеннай Еўропы, разбурыла гэтай вайной. І далей будуць вырашаць ужо ў многіх выпадках проста прэцэдэнты цяперашняй вайны і рэальныя інтарэсы», — кажа ён.

Цяпер Расія, лічыць Глухоўскі, не зможа заклікаць да нейкіх правілаў, законаў або міжнародных дамоўленасцяў, калі Кітай раптам, убачыўшы, што яна слабая і не здольная абараняць свае тэрыторыі, пачне часткі гэтых тэрыторый падбіраць, грунтуючыся на нейкіх гістарычных прэтэнзіях і гэтак далей.

Глухоўскі кажа, што сам ён ні грамадзянскай вайны, ні распаду Расіі не жадае.

«Калі я чагосьці маёй роднай краіне магу пажадаць, то толькі выздараўлення, вызвалення і вылячэння ад дэманаў, якія ёй завалодалі, ад апантанасці, таму што інакш як апантанасцю цяперашні стан Расіі ніяк апісаць нельга», — кажа ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
не такі як ёсць / Адказаць
04.11.2022
Масковія мусіць разваліцца на некалькі больш дробных дзяржаў і ўся яны мусяць пазбавіцца ядзернай зброі - гэта адзіны шанец на ўсталяванне міра ў Еўропе
0
хх / Адказаць
04.11.2022
не такі як ёсць, згодна. але... а зша? таксама пазбавіцца ад ядзернай зброі?
0
даведка / Адказаць
04.11.2022
Отличение сталинских репрессий от чинимых Лукашенко только в том, что на чёрных бусах нет надписи ХЛЕБ.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру