Як лічаць літоўскія спецыялісты, вайна Расіі ва Украіне стала сігналам таго, што часовае перасяленне ў Літву можа заняць больш часу, чым дагэтуль думала большасць беларусаў. Такая сітуацыя можа парадаксальным чынам стымуляваць жаданне беларусаў мацней інтэгравацца ў Літве (як асобных людзей, так і арганізацыі).

Па звестках праведзенага апытання, каля 86 % рэспандэнтаў пакінулі Беларусь па палітычных матывах. Большасць прыехаўшых у Літву — людзі працаздольнага ўзросту, якія маюць на новым месцы пастаянную крыніцу даходу (амаль 70 % апытаных). 68% рэспандэнтаў маюць від на жыхарства ў Літве, 15% — гуманітарную візу, а крыху больш за 8 % атрымалі афіцыйны прытулак або чакаюць рашэння аб наданні прытулку.

Асноўнымі прычынамі, па якіх рэспандэнты абралі Літву замест іншай краіны, з'яўляюцца магчымасць атрымання візы або дазволу на часовае пражыванне ў Літве, адсутнасць моўнага бар'ера, асабісты вопыт жыцця ў Літве, лепшы палітычны клімат для грамадскай і прафесійнай дзейнасці, а таксама давер да вяршэнства закона.

Прыезд беларусаў у Літву не стварае значных выдаткаў для літоўскага бюджэту: сацыяльнымі праграмамі ў гэтай краіне карыстаюцца толькі 10 % беларусаў, пры гэтым некаторыя з гэтых праграм рэалізуюцца няўрадавымі арганізацыямі.

Прыбыццё бежанцаў з Украіны і больш спрыяльныя ўмовы для інтэграцыі ўкраінцаў на рынак працы не выклікалі напружанасці паміж беларусамі і ўкраінцамі ў Літве, але прывялі да недаверу беларускай дыяспары да літоўскіх устаноў. Тым больш, што прычыны для больш спрыяльных умоў для бежанцаў з Украіны, з пункту гледжання беларускай дыяспары, належным чынам не тлумачацца.

Беларусы адчуваюць сябе дадаткова ўразлівымі праз тое, што беларускія ўлады могуць выкарыстоўваць консульскія паслугі як сродак сачэння і ціску нават за мяжой.

Рэспандэнты ацэньваюць пачуццё бяспекі ў Літве ў сярэднім на 8,81 з 10 балаў, а якасць жыцця ў Літве ў сярэднім на 7,62 з 10.

Беларусы ў Літве сутыкаюцца з праблемамі, якія актуальныя для ўсіх жыхароў Літвы: інфляцыя, занепакоенасць адносна магчымай ваеннай агрэсіі супраць Літвы, недахоп месцаў у дзіцячых навучальных установах, доўгія чэргі ва ўстановах аховы здароўя, надзвычай высокія цэны на арэнду жылля і г.д.

Даследаванне праводзілася ў Літве ў чэрвені-верасні 2022 года. Літоўскія сацыёлагі адзначаюць, што было праведзена колькаснае апытанне грамадскай думкі на анлайн-платформе пры ўдзеле 335 рэспандэнтаў, а таксама 11 глыбінных інтэрв'ю, якія пашыраюць аналіз колькасных даных.

Клас
13
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
1