Фота: Nick Humphries / r-e-a.net

Фота: Nick Humphries / r-e-a.net

З-пад змроку еўрапейскага энергетычнага крызісу пачынае праглядаць спакойная ўпэўненасць. Цэны на прыродны газ падаюць па меры запаўнення сховішчаў. Попыт зніжаецца, чаму спрыяе цёплае надвор'е. Перажыць зіму без расійскага газу здаецца цалкам магчымым.

Аптымізм настолькі вялікі, што нават пасля апошніх даных па рэкорднай інфляцыі ў еўразоне эканамісты прагназуюць больш мяккі спад. На мінулым тыдні агенцтва Bloomberg Economics выказала здагадку, што можна пазбегнуць рэцэсіі, калі кошт энерганосьбітаў працягне зніжацца, а палітыкам і далей будзе шанцаваць.

Але ўпэўненасць не павінна ператварыцца ў самазаспакоенасць.

Вялізныя выдаткі і няпростыя намаганні ў падрыхтоўцы да зімы паказваюць, колькі Еўропа плаціць за сваю залежнасць ад расійскага газу, доля якога некалі складала да 40% паставак у ЕС, і нават цяпер гэты паказчык складае трохі менш за 20%.

Імкненне запоўніць сховішчы газам перад пачаткам зімы запатрабавала пошуку максімальнай колькасці альтэрнатыўных крыніц, ад Нарвегіі да Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, па цэнах ваеннага часу. Па падліках Бэна Маквільямса з брусельскага аналітычнага цэнтра «Брэйгель», зробленых на аснове сярэдніх цэн на газ у 140 еўра за мегават-гадзіну, агульны кошт дадатковага газу ў сховішчах ЕС у перыяд з 1 красавіка па 31 кастрычніка складае 107 мільярдаў еўра.

Карэляцыя цэн на газ і запаўнення сховішчаў. Найбольшая цана была ў жніўні, акурат калі краіны ЕС тэрмінова напаўнялі газавыя сховішчы. Візуалізацыя: tradingeconomics.com (зверху) і Bloomberg.

Карэляцыя цэн на газ і запаўнення сховішчаў. Найбольшая цана была ў жніўні, акурат калі краіны ЕС тэрмінова напаўнялі газавыя сховішчы. Візуалізацыя: tradingeconomics.com (зверху) і Bloomberg.

Гэта вялікая лічба, якая ўдвая перавышае аб'ём дапамогі ЗША Украіне на сённяшні дзень. Небяспека ў тым, што цана ў наступным годзе акажацца яшчэ вышэйшай. Халодная зіма можа цалкам вычарпаць існуючыя запасы, і пачнецца новая гонка па запаўненні рэзервуараў, толькі гэтым разам патэнцыйна без паставак з Расіі. «Ф'ючэрсныя цэны на наступнае лета вельмі высокія, што адлюстроўвае рызыкі таго, што сховішчы будуць вычарпаныя зімой», — кажа Аніс Ганболд, кіраўнік аддзела даследаванняў сусветных энергетычных рынкаў у брытанскай кампаніі Aurora Energy Research (толькі 10% газу ў сховішчах Вялікабрытаніі знаходзіцца пад непасрэдным кантролем дзяржавы).

Многае таксама залежыць ад здольнасці зменшыць попыт, што абыходзіцца нятанна. Краіны спрабуюць змякчыць удар па хатніх гаспадарках і прадпрыемствах, але рост працэнтных ставак і валацільнасць фінансавых рынкаў прымушаюць такія краіны, як Францыя і Польшча, скарачаць фінансавую падтрымку.

Больш за тое, запаўненне сховішчаў фактычна скоўвае рэсурсы, якія маглі б быць патрачаны на інвестыцыі ў праекты, якія павысілі б энергетычную бяспеку. Інвестыцыі ў дадатковыя магутнасці захоўвання, у пашырэнне альтэрнатыў выкапнёвага паліва ў бок больш энергаэфектыўных тэхналогій — усё гэта буйныя артыкулы расходаў бюджэту ў будучыні.

«Не час спачываць на лаўрах», — кажа Джэйкаб К'еркегаард з Інстытута міжнароднай эканомікі Петэрсана.

Поспех залежыць ад таго, ці змогуць краіны ЕС знайсці адзіны шлях пераадолення гэтага энергетычнага крызісу. Нягледзячы на тое, што запоўніць сховішчы ўдалося, кожная з краін дабівалася гэтага самастойна. Германія адыграла ключавую ролю як краіна, найбольш залежная ад расійскага газу, але ў той жа час якая мае самыя вялікія фінансавыя кішэні для таго, каб траціць грошы на вызваленне ад гэтай залежнасці. На шчасце для сваіх суседзяў, Германія гатовая добра ўкласціся ў гонку за запаўненне сховішчаў, запоўніўшы іх амаль на 100%, стартаваўшы з 25%, што каштавала краіне, па даных Bruegel, каля 25 мільярдаў еўра. Пры гэтым Германія нацыяналізуе энергетычнага гіганта Uniper SE.

Аднак «дрэнны бок» Германіі таксама выявіўся ў яе непаваротлівасці ў пытанні захавання ў працоўным стане ядзерных рэактараў і ў яе супраціўленні больш раўнамернаму размеркаванню цяжару крызісу шляхам сумеснага запазычання. Міністр фінансаў Крысціян Лінднер адхіліў апошні варыянт, пры гэтым Берлін плануе выдзеліць на энергетычныя датацыі ўнутры краіны да 200 мільярдаў еўра — што іншыя краіны па зразумелых прычынах разглядаюць як канкурэнтную пагрозу.

Прыйшоў час для больш скаардынаваных адказаў. Сумесная праграма, падобная да пандэмічных крэдытаў SURE на 100 мільярдаў еўра для падтрымкі работнікаў, магла б быць накіраваная на інвестыцыі ў энергетычную інфраструктуру, ланцужкі паставак або стварэнне энергаэфектыўнага жылля. «Вялікая здзелка» па энергетыцы магла б стымуляваць унутраныя крыніцы забеспячэння, каб яны працавалі даўжэй, як, напрыклад, радовішча Гронінген у Нідэрландах. «Гэты крызіс павінен стаць сігналам да спынення самазаспакоенасці ў дачыненні да таго, як мы спажываем энергію», — кажа Джэк Шарплз з Оксфардскага інстытута энергетычных даследаванняў.

У гэтым годзе Еўропа прадэманстравала годную захаплення гатоўнасць плаціць цану за свае мінулыя памылкі. Але ёй трэба зрабіць больш. Цана залежнасці склала каля 100 мільярдаў даляраў — і не хочацца ведаць, якой будзе цана самазаспакоенасці.

Клас
56
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
11
Сумна
5
Абуральна
6