Яе жаніх, амерыканец Дзюрэк Верэт, прапагандуе ненавуковыя медыцынскія практыкі, у прыватнасці, сцвярджае, што хварэць на рак — гэта выбар. Ён таксама сцвярджае, што паўплываў на Гвінет Пэлтроу.

«Прынцэса Марта Луіза «адмаўляецца ад сваёй патранажнай ролі», бо яны са спадаром Верэтам імкнуцца «размежаваць сваю дзейнасць і Каралеўскі дом Нарвегіі», — гаворыцца ў заяве палаца. У ёй таксама дадаюць, што кароль Харальд V вырашыў, што яна захавае свой тытул.

«Яна выконвала свае абавязкі з цеплынёй, клопатам і глыбокай адданасцю», — гаворыцца ў паведамленні.

Кароль Харальд апісаў Верэта як «выдатнага хлопца, з якім весела бавіць час».

У яго добрае пачуццё гумару, і мы шмат смяёмся, нават у гэты няпросты час. Я думаю, што і мы, і ён лепш зразумелі тое, пра што ідзе гаворка, і мы пагадзіліся не згаджацца адно з адным», — сказаў кароль Харальд нарвежскім журналістам.

У асобнай заяве прынцэса Марта Луіза сказала, што «ўсведамляе важнасць ведаў, заснаваных на даследаваннях», але лічыць, што альтэрнатыўная медыцына можа быць «важным дадаткам да дапамогі».

Яна дадала, што важна «адрозніваць яе як прыватную асобу, з аднаго боку, і як члена каралеўскай сям'і — з другога».

51-гадовая прынцэса дзесяцігоддзямі выклікала спрэчкі ў Нарвегіі з-за сваёй сувязі з альтэрнатыўнымі метадамі лячэння, уключаючы адкрыццё школы, якая мела на мэце дапамагчы людзям «мець зносіны са сваімі анёламі». 

У 2002 годзе яна выйшла замуж за нарвежскага пісьменніка і мастака Ары Бэна, і ў пары нарадзілася трое дачок. Яны развяліся ў 2017 годзе, і Бэн, які казаў пра тое, што пакутуе ад дэпрэсіі, здзейсніў самагубства на Каляды ў 2019 годзе.

У чэрвені прынцэса Марта Луіза заручылася з Верэтам. Яна абвясціла пра свае адносіны ў інстаграме ў 2019 годзе, апярэдзіўшы патэнцыйную крытыку.

У допісе яна сказала: «Для тых з вас, хто адчувае патрэбу крытыкаваць: прытрымайце коней. Не вам выбіраць за мяне ці судзіць мяне. Шаман Дзюрэк — гэта проста чалавек, з якім я люблю бавіць час, і які дапаўняе мяне».

Нягледзячы на гэта паведамленне, пара выклікала значную крытыку ў Нарвегіі, а Верэта назвалі шарлатанам, махляром і прыхільнікам тэорый змовы.

Былы прэм'ер-міністр краіны Эрна Солберг назвала яго погляды «вельмі дзіўнымі» і «не заснаванымі на фактах», казала, што яго ідэі прапагандуюць тэорыі змовы.

Дзюрэк Верэт — афраамерыканец, які называе сябе «шаманам у шостым пакаленні» — сцвярджаў, што ўваскрос з мёртвых і прадказаў тэракты 11 верасня ў Злучаных Штатах за два гады да таго, як яны адбыліся.

Ён казаў, што крытыка, з якой ён сутыкаецца, звязаная з расізмам, і што ён «ніколі не адчуваў столькі расізму», калі прыехаў у Нарвегію. Ён таксама параўноўваў сябе з такімі людзьмі, як Альберт Эйнштэйн і Томас Эдысан, сцвярджаючы, што яны былі «геніямі, якіх няправільна разумелі».

На сваім вэбсайце ён называе сябе «візіянерам Now Age», які «дэмістыфікуе духоўнасць». 

Апытанне, апублікаванае ў верасні, паказала, што толькі 13% нарвежцаў лічаць, што прынцэса Марта Луіза павінна прадстаўляць каралеўскую сям'ю ў афіцыйных абавязках.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?