— Юрась, ці ёсць у педагога пэўная місія? Ці, можа, прыйшоў на ўрок, адбыў і да пабачэння, дзеткі?

— Лічу, што яна павінна быць. Для прыкладу, калі я заходжу ў клас, бачу дзетак, то хочацца не проста вывучаць з імі мову ці літаратуру. Сваю місію я бачу ў тым, каб паказаць, што беларуская мова — гэта нармальны сродак зносін, якім магчыма карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Часта дзеці ў мяне пытаюцца: «Што мы — малыя — можам зрабіць для мовы, калі ўсе навокал размаўляюць па-руску». Я на гэта адказваю: «Пачніце з таго, што налады вашага смартфона перавядзіце на беларускую мову (гэта ж так лёгка зрабіць!), павіншуйце вашага сябра, матулю, тату на роднай мове, павітайцеся па-беларуску з суседам».

Ніякіх гераічных учынкаў тут, канешне, рабіць не варта, пачынайце заўжды з сябе. Дзеці на мае прапановы зазвычай рэагуюць станоўча. Для мяне істотна тое, што яны ўжо не глядзяць на беларускую мову, як на забранзавелы помнік. Настаўнік мусіць давесці: мова — наш спадарожнік, добры сябра, а не сувенір на паліцы. Вось пра гэта мы часта размаўляем падчас заняткаў, а таксама, здараецца, і на перапынках.

Прыблізна гэтакі ж падыход і да выкладання беларускай літаратуры. Неяк здзейсніў педагагічны эксперымент — папрасіў вучняў напісаць прозвішчы пяці сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзеці напісалі імёны тых, каго ўжо даўно няма побач з намі — Колас, Купала, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч… Я ўсё ж настойваю: а каго вы можаце назваць з жывых аўтараў — тых, з кім ёсць магчымасць пабачыцца, паразмаўляць, папіць кавы? На жаль, адказаць на маё пытанне здолелі толькі адзінкі.

Тут мая місія ў тым, безумоўна, каб паказаць, што беларуская літаратура — гэта жывая з’ява, што ў нас ёсць сапраўды выбітныя аўтары, на старонку якіх у інстаграме магчыма падпісацца, паставіць падабайку пад іх допісамі. Так, зусім нядаўна дзень нараджэння адзначаў Адам Глобус, і вучні павіншавалі яго ў сацыяльных сетках. Прыемна тое, што пасля гэтакай працы моладзь даволі ўпэўнена называе многіх паэтаў — Віталь Рыжкоў, Анка Упала, Віктар Жыбуль… І гэта не проста абстрактныя людзі, а тыя, каму яны нешта пісалі, з кім мелі размовы. Я нават прапаноўваў вучням заданне: папрасіць пэўнага пісьменніка параіць некалькі кніг, якія, на яго думку, варта прачытаць.

Так склалася, што год таму мне давялося перайсці на новую працу. Гэта была прыватная школа. Назіраў за тым, як вучні восьмага, дзявятага класа — неблагія вучні — лексікі беларускай мовы не ведалі амаль зусім. Зразумела, вырашыў з гэтым неяк змагацца… Прасіў скласці некалькі сказаў на бяскрыўдную тэму — дзіця ад гэтай маёй просьбы ўпадала ў ступар, бо не мела слоўнага запасу. Яшчэ горш з ведамі тых дзетак, якія прыйшлі з пачатковай школы. Для іх беларуская мова цяжэйшая за англійскую.

Я разумею тое, што няма ніякага плёну ад таго, калі мы проста будзем засвойваць правілы мовы, а ўласна самой мовай не карыстацца. Па гэтай прычыне на ўроках я ўсталёўваю правіла: размаўляць з вучнямі толькі па-беларуску, і заахвочваю іх да таго ж самага.

Часта заданні па беларускай мове атрымліваю праз вайбер. Вучні пішуць: «Добрый вечер. Заданія по белорусскому языку». Я ў іх пытаюся: «А што, павітацца па-беларуску нельга?» «А што можна?» — перапытваюць. Канешне можна, і нават трэба.

— Ці паспявае беларуская школа за часам? Як вы — настаўнікі — спраўляецеся з тым, што ўсё надта хутка змяняецца?

— Канешне, пра ўсю беларускую школу казаць не магу, скажу толькі пра сябе. Сапраўды, своеасаблівая гонка з часам адбываецца, і ў школу часта прыходзяць вучні, якія непараўнальна лепш валодаюць сучаснымі тэхналогіямі. Настаўніку трэба не адставаць ад іх, трэба развівацца. Асабіста я выкарыстоўваю сацыяльныя сеткі. Звяртаюся на ўроках да краязнаўчых хвілінак. А дзе ў Магілёве знаходзіцца вуліца Купалы ці Коласа, дзе сімвалічная магіла Цішкі Гартнага? Даю заданне вучням знайсці такую вуліцу і прачытаць верш пісьменніка, зрабіўшы відэа.

Мая асноўная задача — вырваць дзетак з той інфармацыйнай бурбалкі, дзе ўсё толькі на рускай мове. Падаю ім прыклады беларускамоўных блогераў, паказваю, колькі ў іх падпісчыкаў. Маўляў, можна ж быць папулярным і на беларускай мове. Зразумела, я не кажу пра тое, што не трэба выкарыстоўваць рускую мову. Калі ласка, чаму ж не! Наўпрост я імкнуся паказаць тое, што існуе іншы пласт культуры, яго варта заўважыць — і, магчыма, ён падасца маладым людзям прывабным.

Клас
57
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1