Скрыны з відэа

Скрыны з відэа

Яўген Нужын адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі ў Разані. Ён быў асуджаны на 24 гады за забойства, знішчэнне чужой маёмасці, хуліганства і спробу ўцёкаў з месцаў пазбаўлення волі.

Расійская армія, якая панесла вялізныя страты ў жывой сіле, пачала вербаваць на вайну зняволеных у сярэдзіне 2022 года. Зэкам узамен абяцаюць свабоду пасля сканчэння вайны. Зняволеных адпраўляюць у састаў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» — насамрэч, псеўдапрыватнай, бо падкантрольнай Мінабароны Расіі. Узначальвае яе Яўген Прыгожын — былы кухар Уладзіміра Пуціна, чалавек з найбліжэйшага кола прэзідэнта Расіі.

Вярбоўка зэкаў стала сімптомам таго, наколькі крытычная сітуацыя расійскай арміі. Звычайна ў войска крымінальнікаў не бяруць, а тым больш асуджаных за цяжкія злачынствы.

Пасля таго як Нужын апынуўся на фронце, ён трапіў у палон да ўкраінцаў і даў інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Юрыю Бутусаву. У ім палонны заявіў, што здаўся ўкраінцам, каб ваяваць у легіёне «Свабода Расіі». 

На відэа, апублікаваным каналам, звязаным з вагнераўцамі, Нужын распавядаў, што ў Кіеве яго ўдарылі па галаве, ён страціў прытомнасць і прыйшоў у сябе ўжо ў новым палоне. Яму сказалі, што «будуць судзіць». На гэтых словах мужчыну разносяць галаву кувалдай.

Украінскія каналы пішуць, што Нужына ніхто не выкрадаў. Яго вярнулі ў Расію ў рамках абмену палоннымі.

ПВК Вагнера раней учыняла дасудовыя казні ў Сірыі.

Заснавальнік групоўкі Вагнера Яўген Прыгожын пазней цынічна пракаментаваў відэа:

«Я выбіраю глядзець гісторыю ў тэатры. Што тычыцца акувалдаванага, то ў гэтым шоу відаць, што ён не знайшоў шчасця ва Украіне, а сустрэўся з нядобрымі, але справядлівымі людзьмі. Мне здаецца, гэты фільм называецца «Сабаку — сабачая смерць». Выдатная рэжысёрская праца, глядзіцца на адным дыханні».

Клас
9
Панылы сорам
40
Ха-ха
11
Ого
31
Сумна
12
Абуральна
176