А цяпер мы можам убачыць-уявіць горад 20-х гадоў мінулага стагоддзя: выстава «Меер Аксельрод. Успамін пра Мінск» працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, піша «Звязда».

Сёлета адзначаецца 120-годдзе мастака, якога пры жыцці папракалі ў падабенстве з Мадзільяні. Ці ўсё ж параўноўвалі?! Бо за савецкім часам многае трэба было ўспрымаць наадварот. Аксельрод мог не ўпісвацца ў існуючую плынь сацрэалізму, бо для яго было важнае не толькі вонкавае падабенства прадметаў, але і ўласнае адчуванне таго, што ён маляваў. З рысамі хуткаплыннасці, імклівасці, часовасці таго, што было навокал.

З колерамі, за якімі — здзіўленне, эмоцыі, увасабленне жыцця. Экспрэсія — кажам цяпер. Як у яго ж паплечніка па таварыстве «4 мастацтвы» Кузьмы Пятрова-Водкіна, які пэўны час быў пад уплывам Маціса. Усё мяняецца ў жыцці, і тым не менш, у любых абставінах можна заставацца сабой — як Меер Аксельрод.

Яго часта згадваюць як бацьку паэткі і перакладчыцы Алены Аксельрод. Так і ёсць — проста яна бліжэй да нас у часе (нарадзілася ў 1932 годзе, прычым у Мінску!). Наогул лёсавызначальны горад для Меера Аксельрода.

Дарэчы, тут ён канчаткова зрабіў свой жыццёвы выбар на карысць мастацтва. У Мінску сям'я асела пасля Першай сусветнай вайны, таму што не змагла вярнуцца з эвакуацыі ў роднае Маладзечна, дзе і нарадзіўся Меер. Малады чалавек, які да таго часу ўжо вучыўся маляванню, пачаў рабіць афішы для кінатэатраў — гэтым зарабляў.

Мінск яго натхняў на ўдасканаленне ўласнай творчасці і на тое, што трэба з ёю выходзіць да людзей. Не толькі праз выкладанне малявання ў школах. Аказалася, яго ўласная творчасць вартая ўвагі.

Меер бярэ ўдзел у І Мастацкай выставе ў Мінску ў 1921 годзе — там былі прадстаўлены адразу 36 яго работ. Патэнцыял мастака адзначылі і накіравалі яго на факультэт графікі Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў. Але нават пераехаўшы ў Маскву, ён не парываў сувязі з Радзімай, супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам. Горад даваеннага часу ў яго захаваўся горадам магчымасцяў не толькі ўласна для самога сябе — ён быў мультыкультурны, але з адметным гістарычным абліччам. Меер тое бачыў і разумеў, таму што яму давялося жыць каля Мінскага замчышча. І вось жа мы бачым гэтыя мясціны праз 100 гадоў!

Шчырасць, радасць, улюбёнасць — у работах, прадстаўленых на выстаўцы ў музеі Купалы. Малюнкі, на якіх тонкія лініі алоўка схапілі абрысы будынкаў, альбо творы, дзе колер пазначае ландшафт і акцэнтуе характэрныя для Мінска аб'екты — нават цяпер мы іх пазнаём. Для Аксельрода адчуванне Мінска 1920-х гадоў, які адкрыў яму шлях у мастацтва, было вельмі дарагое. Нездарма паводле накідаў, эскізаў і замалёвак ён у 1960-я створыць серыю «Успаміны пра стары Мінск».

Малюнкі і акварэлі, што прадстаўлены на цяперашняй выстаўцы, знаходзяцца ў прыватным зборы калекцыянера Аляксандра Радаева, які, дарэчы, злучае і нашчадкаў Аксельрода з яго Радзімай. Унук Меера Аксельрода — мастак Міхаіл Яхілевіч — з задавальненнем дзеліцца ўспамінамі пра свайго дзеда, які меў шмат выставак пры жыцці як у СССР, так і за яго межамі. Але і пасля смерці Меера Аксельрода выстаўкі яго твораў ладзіліся ў Маскве, Ленінградзе, Нью-Ёрку, Лондане, Ізраілі. У юбілейны год мастака ўспамінае Мінск.

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0