Суразмоўца, блізкі да прадпрымальнікаў з «блізкага кола» Уладзіміра Пуціна, выказаўся яшчэ больш жорстка: «Пайшло разуменне, што сапраўдную вайну мы прайгралі. Людзі пачынаюць думаць пра тое, як жыць далей, якое месца ў будучыні хацелі б заняць, якую стаўку зрабіць, на чым гуляць. [З аднаго боку] будуць рэваншысцкія настроі. З іншага — будзе запыт на нармалізацыю і стабілізацыю».

У палітычным блоку АП настроеныя крыху больш аптымістычна. Адзін з суразмоўцаў растлумачыў: «У Крамлі па-ранейшаму спадзяюцца, што на Захадзе разваліцца кансэнсус у падтрымку Украіны праз неабходнасць у танных энерганосьбітах».

Яшчэ адна надзея Крамля, паводле інфармацыі крыніц «Медузы», — рэзкае змяненне палітычнай сітуацыі ў самой Украіне і адстаўка Уладзіміра Зяленскага. На чым заснавана чаканне такіх падзей, невядома.

Акрамя таго, у Крамлі вераць, што праз некалькі месяцаў расійскае войска стане больш баяздольным праз мабілізацыю і зможа пераламаць сітуацыю на фронце.

Разам з тым, са слоў суразмоўцаў, у АП заўважылі, што ў адрозненне ад «эліт» на настроі большасці расіян адступленне з Херсона ніяк не адбілася.

Грамадства амаль не заўважае гэтага, гэта яму не цікава. Далучэнне Херсона не паспелі «прасунуць» [у прапагандзе]. Дзякуй богу, гэта перакрылі мабілізацыяй. Спачатку думалі, што гэта дрэнна, а цяпер, атрымліваецца, няшчасце дапамагло. Людзі не загарэліся Херсонам і таму лёгка прымаюць афіцыйныя тлумачэнні, што яго неабходна было пакінуць.

Даныя незалежных сацыялагічных даследаванняў гэтыя тэзісы хутчэй пацвярджаюць.

Высокапастаўлены суразмоўца ў адным з рэгіянальных урадаў растлумачыў, што яго рэгіён ад Херсона далёка — і ў ім працягваецца сваё жыццё. Пры гэтым крыніцы сярод рэгіянальных палітыкаў і бізнэсменаў не вераць, што Крамлю атрымаецца пераламаць сітуацыю.

Суразмоўца ў адным з рэгіянальных аддзяленняў «Адзінай Расіі» рэзюмаваў: «Тое, што здарылася ў Херсоне, успрымаецца як ганьба і вынік непарадку ў дзяржаве, быццам бы і ведалі пра яго, але не да такой ступені».

Яшчэ адзін рэгіянальны чыноўнік прызнаўся, што ў яго коле «пачало ўзнікаць адчуванне чужой вайны»:

«Раней «спецаперацыя» была фонам, які, можа быць, нават выклікаў нагоду для гонару. Асабліва калі ты нічым, акрамя афіцыйнай інфармацыі, не цікавіўся. Пасля мабілізацыі — гэта частка жыцця, але цябе пра гэтыя рашэнні ніхто не спытаў… Гэта там наверсе ваююць (ды яшчэ і без поспехаў), а ўплывае на нас».

Падобныя настроі пранікаюць і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і ва ўрад. Крыніцы прызналі, што на фоне пастаянных ваенных паражэнняў іх стала яшчэ больш турбаваць «поўная закрытасць вышэйшага кіраўніцтва краіны».

«Нас ні з чым не знаёмяць, многае даведваемся з навін, прычым украінскіх і заходніх. Выглядае так, што ўвесь час ідзём на ўступкі і яшчэ спрабуем гэта схаваць», — патлумачыла блізкая да ўрада крыніца, дадаўшы, што «пануе ўражанне», што ў тым ліку Крэмль падманулі па «збожжавым пагадненні».

Яна адзначыла, што сярод высокапастаўленых чыноўнікаў усё больш разумнай здаецца пазіцыя прадстаўнікоў «эліты», якія не агітуюць за спецаперацыю. Падчас вайны сярод расійскага вышэйшага чыноўніцтва сфармавалася так званая «партыя маўчання». Яе прадстаўнікі аддаюць перавагу «вышэйшаму кіраўніцтву», якое сумленна выконвае асобныя даручэнні і адкрыта з мілітарысцкімі прамовамі не выступае. Сярод прадстаўнікоў гэтай партыі называлі прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна і мэра Масквы Сяргея Сабяніна.

Тым не менш, па словах крыніц «Медузы», нягледзячы на ўсю незадаволенасць, у расійскіх чыноўнікаў і бізнэсменаў няма намеру прадпрымаць якія-небудзь дзеянні супраць Пуціна. Яны проста хочуць, каб усё гэта хутчэй скончылася.

Клас
8
Панылы сорам
34
Ха-ха
11
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
16