Згодна з матэрыяламі справы, Патапаў двойчы пакідаў каментар у «Аднакласніках», дзе пісаў аб запуску ракет з тэрыторыі Беларусі ва Украіну і згадваў Лукашэку. Гэта адбылося пасля аднаго з абстрэлаў Кіева — з-за іх у горадзе загінула яго дачка, а непаўнагадовая пляменніца страціла нагу.
На пасяджэнні Патапаў прызнаў віну. Суддзя спытаў яго: «Як вы звязалі прысутнасць прэзідэнта Лукашэнкі з тым, што адбылося ў вашай сям'і?».
На чарговым судовым пасяджэнні Патапаў заявіў, што ў яго пастаянна дрэннае самаадчуванне, цяжар у галаве, слабасць, і ён вымушаны прымаць абязбольвальныя сродкі. Яму абяцалі абследванне ў медыцынскім стацыянары, але апошнія 94 дні ён знаходзіўся ў жорсткіх умовах зняволення ў ШІЗА.
«Я баюся за сваё жыццё», — заявіў Патапаў суду.
Суд абвясціў перапынак і запрасіў даведку аб стане здароўя абвінавачанага. Медык СІЗА № 2, якога выклікалі ў суд, паведаміў, што Аляксандру аказваецца належная медыцынская дапамога, змяшчэнне ў стацыянар не патрабуецца. Даведку далучылі да матэрыялаў справы.
Тым не менш, гэта не паўплывала на рашэнне суда прызнаць Аляксандра Патапава вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.