Кіроўца «жывемабіля» з’ехаў з Беларусі, калі заставацца яму стала небяспечна. Цяпер ён жыве ў Варшаве, а пасля нападу Расіі на Украіну аддаў увесь час на ратаванне ўкраінскіх уцекачоў. Нядаўна Андрэй даведаўся, што супраць яго пачалі крымінальную справу і арыштавалі яго маёмасць. Праўда, мужчына дакладна не ведае, паводле якога артыкула распачатая справа — мяркуе, што па «народным» 342-м (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

«Пасля таго, як даведаўся пра крымінальную справу, захацелася ажыццявіць нейкае дзеянне ў адказ.

Я заўсёды да гэтага ставіўся трошкі з гумарам, калі яшчэ ў Беларусі нада мной праходзілі суды, усе яны былі вясёлымі, — адзначае беларус. — Тут прыйшла думка: калі завялі крымінальную справу, значыць, трэба рабіць і відэа. Нашы ж міліцыянты не могуць яго зняць, таму я вырашыў зрабіць гэта сам».

Андрэй распавядае, што відэа разам з сябрам яны стварылі хутка: на здымкі патрацілі каля гадзіны, а за тыдзень сябар усё змантаваў.

У роліку беларус «прызнаецца», што ў 2020 годзе вазіў на сваім «жывемабілі» людзей, у сувязі з чым у заняпад прыйшоў грамадскі транспарт у Віцебску. А калі выпусціў футболкі з «жывемабілем», то збанкрутаваў «Беллегпрам». «Вёз з сабой сродкі для звяржэння рэжыму ў выглядзе дыхлафосу», — зачытвае сваё «абвінавачванне» на камеру, пераапрануўшыся ў міліцыянта пад імем Генералаў С.С.

«Інфармацыя наконт крымінальнай справы да мяне дайшла яшчэ прыкладна ў канцы кастрычніка, але ж у мяне бракавала часу, і я доўга не мог трапіць у Варшаву, каб запісаць ролік, таму апублікаваў яго толькі цяпер», — адзначае Андрэй.

Цяпер ён не глядзіць відэа беларускіх сілавікоў — бачыў іх тады, калі гэта практыка толькі пачыналася.

«Нічога, акрамя фэйспалму, гэта ні ў кога не выклікала. Міліцыянты, якія павінны нас абараняць, запісваюць на камеру свае злачынствы, за якія ім самім трэба сядзець», — гаворыць мужчына.

Андрэй — кіроўца мікрааўтобуса Volkswagen Transporter T3 з бел-чырвона-белай сімволікай, які жыхары Віцебска назвалі «жывемабілем».

Пасля пачатку вайны ва Украіне беларус стаў валанцёрыць на польска-ўкраінскай мяжы і дапамагаць уцекачам. 

Паводле слоў Андрэя, з пачатку вайны на сваім аўтамабілі ён перавёз больш як 50 тысяч украінцаў.

Цяпер, кажа ён, на мяжы з Польшчай ужо нямнога людзей, але ж і валанцёраў амаль не засталося. У цяперашні час у асноўным Андрэй перавозіць людзей з інваліднасцю. Калі вы хочаце падтрымаць добрую справу, напішыце валанцёру ў Instagram.

Чытайце таксама:

«Як толькі бамбяць — узрастае плынь уцекачоў». Уладальнік бела-чырвона-белага «Жывемабіля» перавёз каля 15 тысяч украінцаў

Клас
57
Панылы сорам
3
Ха-ха
16
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
5