Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

Мікалай Арцюхоў нарадзіўся 22 мая 1979 года ў Мінску. Навучаўся на юрыдычным факультэце Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. З 1996 года браў актыўны ўдзел у жыцці каталіцкай моладзі. Удзельнічаў у мясцовых і парламенцкіх выбарах у 2003 і 2004 гадах. Быў адным з ініцыятараў утварэння аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Але з 2011 года адышоў ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці.

Па матэрыялах абвінавачання, Арцюхоў у жніўні 2020 года ў фэйсбуку на сваёй старонцы размяшчаў выказванні пабуджальнага характару: заклікі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, іх адабрэнне і падтрымку, да прыняцця ў іх асабістага ўдзелу, да блакавання дарожнага руху — захоўваў названую інфармацыю ў свабодным доступе ў сетцы інтэрнэт, забяспечваў яе дубліраванне паміж інтэрнэт-рэсурсамі, якія ўтвараюць сістэму абмену данымі, а таксама распаўсюджванне і папулярызацыю сярод іншых карыстальнікаў.

Такім чынам навязваў сваё меркаванне і тым самым дапускаў дыскрэдытацыю дзяржаўнай улады, распаўсюджваў сумненні ў дакладнасці вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ён жа распаўсюджваў у інтэрнэце інфармацыю аб месцы і часе збору ўдзельнікаў пратэсных акцый у Мінску, а таксама іншыя звесткі па кіраўніцтве і каардынацыі супрацьпраўнай дзейнасці, што прывяло да масавых публічных пратэсных акцый.

Так, 15 жніўня 2020 года на сваёй старонцы ён размясціў інфармацыю аб «Маршы Свабоды», 17 жніўня — інфармацыю, у якой праводзіць разбор «памылак» мінулага маршу, а 20.08.2020 піша аб тым, як трэба дзейнічаць пры падаўленні пратэстаў праваахоўнымі органамі. Такіх паведамленняў ён пакінуў больш за дваццаць.

Арцюхова таксама абвінавацілі ў непасрэдным удзеле ў адной такой акцыі ў Мінску ў жніўні 2020 года.

Мікалай у судовым пасяджэнні сваю віну ў здзяйсненні інкрымінаваных яму падзей прызнаў у поўным аб'ёме, не адмаўляў аўтарства тэкстаў і паведамленняў, якія ён пакідаў ва «УКантакце» і фэйсбуку.

Таксама ў судзе заяўлены грамадзянскі іск КУП «Мінсктранс» аб спагнанні з Арцюхова маёмаснай шкоды, нанесенай грамадскаму транспарту Мінска ў суме 27 416 рублёў 67 капеек.

Суд пастанавіў пакраць Мікалая пазбаўленнем волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
9