Гэта блакітная кропка — планета Зямля. Фота: NASA

Гэта блакітная кропка — планета Зямля. Фота: NASA

Падчас гэтага манеўру сувязь з апаратам перапынілася на 34 хвіліны, паколькі модуль знаходзіўся з адваротнага боку Месяца.

Пасля выхаду на сувязь карабель паслаў у цэнтр кіравання палётамі здымак Зямлі, на якім яна выглядае маленькім блакітным шарыкам на фоне чорнага космасу.

Па словах спецыялістаў НАСА, пакуль што місія пераўзыходзіць усе чаканні.

«Гэта адзін з тых дзён, аб якіх доўга-доўга думаеш і марыш, — прызнаўся кіраўнік праграмы палётаў НАСА Зебулон Сковіл. — Раніцай мы правялі вакол Месяца чарговы касмічны карабель, здольны несці экіпаж, і праз некалькі гадоў будзем зноў гатовыя адправіць туды людзей. Гэта сапраўдны прарыў».

Калі капсула пралятала над Месяцам, яна прайшла над месцамі пасадкі караблёў «Апалон-11-12-13».

Пачатак місіі «Артэміда» паклаў пуск самай магутнай на сённяшні дзень ракеты-носьбіта з Касмічнага цэнтра імя Кенэдзі ў Фларыдзе.

Паколькі гэта выпрабавальны палёт, у капсуле, тэхнічна прызначанай для экіпажа, размясціліся тры манекены, абвешаныя разнастайнымі датчыкамі і прыборамі.

«Усе гэтыя прыборы дапамогуць высветліць, ці падыходзяць для людзей умовы на борце, — тлумачыць кандыдат у астранаўты НАСА Зена Кардман. — Там ёсць датчыкі радыяцыі, сэнсары руху, акселераметры — увогуле, усё тое, што мае вялікае значэнне для людзей».

Калі гэты пробны палёт пройдзе нармальна, то ў наступны рэйс да Месяца адправяцца ўжо не манекены, а жывыя астранаўты.

За палётам уважліва сочыць і Еўрапейскае касмічнае агенцтва, якое адказвае за будаўніцтва тэхнічнага адсека «Арыёна», у якім размешчаны энергетычная і сілавая ўстаноўкі.

ЕКА «дамовілася» і аб адпраўцы да Месяца свайго пасажыра — знакамітага брытанскага мульцяшнага героя баранчыка Шона, які ляціць прышпілены па ўсіх правілах у крэсле. Кампанію яму складае амерыканскі герой коміксаў і мультфільмаў, талісман НАСА сабачка Снупі. Той, праўда, не прышпілены і свабодна лётае па капсуле.

Прайшоўшы побач з Месяцам, «Арыён» зараз павінен выйсці на больш высокую арбіту і 26 лістапада пабіць рэкорд далёкасці, усталяваны «Апалонам-13», аддаліўшыся ад Зямлі на 400171 км.

А праз два дні капсула пераадолее мяжу ў 430 тыс. кіламетраў — так далёка не залятаў яшчэ ніводны касмічны карабель, прызначаны для экіпажа.

Пасля гэтага «Арыён» адправіцца ў зваротны палёт, зноў пройдзе побач з Месяцам і 11 снежня павінен прывадніцца ў Ціхім акіяне.

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0