Ілюстрацыйны здымак. Фота: Офіс Ціханоўскай

«Мозг перагружаны»

Кацярына за дзейнасцю Ціханоўскай і Кабінета не сочыць. Яна мала чытае навіны і ў цэлым рэдка заглыбляецца ў інфармацыйную прастору. 

«Часам перад сном магу паглядзець, хаця лічу, што перад сном гэта рабіць дрэнна, потым трывожнасць падвышаная і бяссонніца. 

Адзін раз нават было, што чытала пра затрыманні, пачала перажываць і нейкую міні-істэрыку злавіла. Страшна было ў кватэры, не адчувала сябе ў бяспецы.

Мозг ужо перагружаны негатыўнымі навінамі і інфармацыяй, нават фізічна дрэнна, калі нехта пачынае ўсё гэта абмяркоўваць.

Гэта не значыць, што мне ўсё роўна ці я бяздушная, проста мой арганізм не дае рады такому стрэсу, і я павінна пра сябе паклапаціцца, у гэтым выпадку — абмежаваць інфармацыю», — кажа дзяўчына. 

Да беларусаў, якія з’ехалі з краіны, Кацярына ставіцца нармальна. Ніякіх негатыўных эмоцый да такіх людзей яна не адчувае.

«Нікому ў гэтай сітуацыі не лёгка: ні тым, хто застаўся, ні тым, хто з'ехаў, — лічыць яна. — Мерацца, каму горш, — самае дурное, што цяпер можна зрабіць. Узаемныя папрокі і абвінавачванні — гэта тое, што разбурае наша адзінства, робіць нас слабейшымі.

Правільна спрабаваць зразумець іншага ці хаця б не вінаваціць, а глядзець на сябе і на тое, што робіш ты».

«Але гэта не я»

Аляксандр намаганні і крокі Ціханоўскай і Кабінета ацэньвае пазітыўна. 

«З лідараў мне запаў у душу Латушка. НАУ ў чымсьці выглядае цэльнай і дасведчанай ініцыятывай, бо там людзі з лесвіцы ўлады. І досвед іх спатрэбіцца безумоўна. 

Падабаецца Вячорка. Сапраўды, камяні ляцелі ў яго, аднак ён можа трымаць сябе. Удары былі яўна праз яго скіраваны ў бок Святланы Ціханоўскай, а ён іх прыняў на сябе. Праўда, гэты кейс з «Інфапойнтам», агентам у ЧКБ — пэўная пляма, але ж не ён адбіраў кадры», — кажа ён. 

Таксама мужчыне сімпатычны Аляксандр Азараў і яго каманда.

«З вопытам працы не паспрачаешся, але зноў жа: як будзе выглядзець дзень Х?

Сахашчык добры ў плане звароту да дэсантнікаў не браць зброю.

А ўзровень камунікацыі Кавалеўскага мне падаецца слабым, хаця не магу не прызнаць яго адказнасці і рашучасці ў выпадку з пані Анісіяй Казлюк [праваабаронцай, якой не хацелі працягваць дазвол на жыхарства ва Украіне]».

Фота: Офіс Ціханоўскай

Аляксандр кажа, што, калі сфарміравалі Кабінет, ён здзівіўся з’яўленню ў ім былой тэлевядучай Белсата. 

Пра дзейнасць палітыкаў за мяжой ён чытае няшмат, бо пішуць пра гэта ў асноўным рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Але кажа, што хацеў бы мець магчымасць даведвацца пра іх менш небяспечным шляхам.

«Можа, хтосьці больш смелы і сочыць штодня за імі. Але гэта не я», — кажа ён. 

Што можа рабіць Кабінет для беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне?

«Спрыяць пераезду, падымаць кейс палітвязняў. Казаць пра адрозненне народа і ўлады, каб ізноў нас з ёй у адзінае цэлае ў свеце не злучалі», — разважае ён.

Да беларусаў, якія з’ехалі, Аляксандр ставіцца «абсалютна нармалёва». 

«Я не хачу бачыць ворага ў тых, хто вырваўся з канцлагера. Гэта нават не ўцёкі з Шаўшэнка. Навіны пра агароджы мяне робяць сумным, бо колькі людзей могуць апынуцца зачыненымі тут. Я ўвогуле хацеў бы ўратавання шэрагу людзей, сяброў, арганізацый», — расказвае ён.

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Два гады катаюцца»

Карына на пытанне, як яна ставіцца да дзейнасці Кабінета і Ціханоўскай, адказала, што «ненавідзіць іх». 

«Два гады катаюцца па Еўропе, ніхто ім уладу ў Беларусі не дасць, не пусцім у краіну. Яна не разумее, праз што тут праходзяць людзі. Зарабляе толькі грошы на нас», — коратка адказала дзяўчына.

Некаторыя крытыкі Ціханоўскай і дэмакратычных структур за мяжой, да якіх «Наша Ніва» звярталася па каментар, не захацелі тлумачыць сваю незадаволенасць. 

«Беларусь перадусім» 

Лізавета да Святланы Ціханоўскай ставіцца адмоўна.

«Мне першапачаткова яшчэ сам Сяргей Ціханоўскі ніяк не сімпатызаваў. Калі Святлана Ціханоўская з’ехала, я ўвогуле перестала яе як-небудзь падтрымліваць. Калі яна вернецца пасля ўсяго са сваім Офісам, праграмай, я гэтага не прыму, таму што яе ў Беларусі не было. 

Для мяне лідар той, хто не з’ехаў. Але ў цэлым лічу, што адзін чалавек мала што зрабіць зможа ў новай краіне, трэба будзе неяк аб’ядноўвацца. 

Ціханоўская ездзіць па розных краінах, размаўляе з людзьмі на пасадах. Разумею, што яна не спрабуе паказаць, што яна крутая жанчына-палітык, але гэта выглядае так. Чалавеку ў Беларусі на гэта складана глядзець. Я не бачу вынікаў ад такой працы. 

Для беларусаў, якія ў эміграцыі, калі прыязджае Ціханоўская — гэта нейкае свята. Мне складана зразумець чаму. Цікавасці да яе, прызнання ўплывовай персонай у мяне няма», — расказвае яна.

Да беларусаў, якія з’ехалі з краіны па палітычных матывах, дзяўчына ставіцца добра, а вось да тых, якія едуць па магчымасці, лепшае жыццё, — дрэнна. 

«Чалавек проста з’язджае, бо тут эканамічны крызіс. Наўрад ці ён будзе штосьці рабіць у эміграцыі для Беларусі, — лічыць яна. — 

Беларусь перадусім, а праблемы ёсць у любой краіне і не паўсюль так класна, як расказваюць.

Таксама не падабаюцца бясконцыя канфлікты (я дакладна не скажу, бо стараюся такім не грузіцца, але яны ж пастаянна грызуцца быццам бы за ўладу і аўтарытэт), таксама з Зарэцкай. Яны бяруць чалавека, а потым робяць выгляд, быццам бы іх гэта не датычыць. Там не ўсё чыста і з мужчынамі, але чамусьці «падставілі» і зрабілі знакамітай менавіта Зарэцкую».

На пытанне, чаго не хапае Кабінету і Офісу Ціханоўскай, Лізавета адказвае, што празрыстасці. 

«Незразумела, як бяруць людзей да сябе, ладзяць працу і планы, гэта ўсё зніжае давер», — кажа яна. 

Фота: Офіс Ціханоўскай

«Што не прыкрылі выдачу віз — заслуга Офіса»

Генадзь да дзейнасці Святланы Ціханоўскай ставіцца станоўча. Да іншых палітыкаў — нейтральна.

«Не хочацца казаць словы больш жорсткія, — кажа ён. — Падабаецца толькі Ціханоўская, бо яе ініцыятывы і яе праца бачна, бачны вынікі, а астатнія, на маю думку, сябе зжылі як палітычныя асобы. Можа, я, канешне, не цікавіўся паглыблена, але тое, што бачна цяпер — гэта проста спробы не знікнуць з інфаполя».

На думку Генадзя, цяпер Офісу і Кабінету не хапае адзінства. 

«Нейкія асобныя спрэчкі паміж тымі ж Латушкам, Цапкалам, Вячоркам, Матолькам выглядаюць як шапіто: быццам «у спрэчках нараджаецца ісціна», але ж цяпер, здаецца, не той момант, каб такім займацца», — лічыць ён. 

Адказаць, што Кабінет можа зрабіць для беларусаў у краіне, мужчыне складана. Ён кажа, што вельмі мала прасторы для манеўраў.

«Мабыць, працягваць тую працу, якая ладзіцца, проста намагацца, каб тыя ж санкцыі былі больш асабістымі, а не шкодзілі простым беларусам. Можа, каб людзі маглі хутчэй зрабіць візу. Хаця наўрад ці на гэта можна неяк паўплываць», — кажа ён. 

Да пачатку вайны ва Украіне Генадзь адчуваў уплыў Офіса Ціханоўскай унутры краіны. 

«Да 24 лютага было ўражанне, што амаль усе санкцыі і тое, што беларусам было крыху прасцей з'ехаць — гэта плён працы Ціханоўскай, яе каманды і іншых палітыкаў. Пасля санкцыі быццам пашлі канвеерам, і не заўсёды яны працавалі толькі супраць рэжыму — часам і супраць беларусаў. Аднак тое, што, напрыклад, нам не прыкрылі ўвогуле выдачу віз — гэта, як я разумею, цалкам заслуга Офіса, Кабінета», — разважае ён. 

Да беларусаў, якія з’ехалі, Генадзь ставіцца добра. «Не магу казаць за ўсіх, але тыя, каго я ведаю, каго я бачу ў сацсетках, напрыклад, не адвярнуліся ад краіны, яны не абыякавыя да таго гамону, які тут працягваецца», — кажа ён.

«Яна здолела падтрымаць агонь»

Аляксандр кажа, што ставіцца да дзейнасці Ціханоўскай з павагай. «Удзячны Святлане за яе мужнасць пагадзіцца ачоліць прэзідэнцкую гонку, нягледзячы тое, што ў яе саперніка рукі па локаць у крыві, а ёй ёсць, што губляць.

Яна здолела падтрымаць той агонь, які ўжо палаў у сэрцах беларусаў.

Разам з тым, я не ўскладаю ніякіх чаканняў на Офіс Ціханоўскай і на ўсе каляофісныя структуры. Таму мне абыякава, назвалася яна прэзідэнткай ці не, паабяцала нешта ці змаўчала.

Якіх бы цудоўных паплечнікаў ні меў, мала што зможаш зрабіць супраць банды галаварэзаў, якія захапілі ўладу ў краіне. Асабліва калі ты сам не ў гэтай краіне. Ды і на міжнароднай арэне мала што здолееш зрабіць, бо цябе будуць паўсюль прымаць, спачувальна ківаць галовамі, а потым будуць працягваць сваю Realpolitik», — разважае мужчына. 

Ён лічыць, што адзінае, што можа рабіць Ціханоўская, — расказваць паўсюль пра Беларусь, палітзняволеных і ўцекачоў. 

«І гэта ў яе нядрэнна атрымліваецца.

З плюсаў Святланы Ціханоўскай я б назваў паварот ад спадзяванняў на Расію да цывілізаванага і дэмакратычнага свету. 

З мінусаў — слабае выкарыстанне беларускай мовы і абыякавасць да беларускай нацыянальнай ідэі, а таксама спробы замоўчвання сваіх памылак». 

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама: 

«Вам трэба больш такіх людзей, як Латушка, больш сілавікоў, людзей з КДБ»

Офіс Ціханоўскай будзе змагацца з чэргамі ў візавых цэнтрах

Аб'яднаны пераходны кабінет апублікаваў справаздачу за 100 дзён

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

6
by / Адказаць
28.11.2022
Для тых у каго лідары тыя хто не з'ехаў: Шаноўныя, вы мо не ведаеце, але ўсе вашыя лідары ў турмах, вызваліце іх адтуль, яны ж вашыя лідары. Думаю што абсалютна ўсе, і хто з'ехаў і хто не - будуць не супраць такога развіцця падзей
0
Оля / Адказаць
28.11.2022
[Рэд. выдалена]
34
Anatol Starkou / Адказаць
28.11.2022
Паспрабуйце ў сённяшняга дня, бел-чырвона-белыя, пісаць у СМІ і казаць адзін другому, што ў Беларусі ДЭМАКРАТЫЯ. Якая? Беларуская. А ў Празе, дзе два дзясятка адраджэнцаў нацыі ля амерыканскай касы Свабоды адраджаюцца рэдакратамі РС, чэская дэмакратыя. Ў Польшчы, дзе 50 тыс бчб ГЕРОЯЎ НАЦЫІ - польская дэмакратыя. ў Літуве, дзе 40 тыс лепшых былых беларускіх хлопчыкаў і дзяўчат - літуўская дэмакратыя,
Чуеце? Не дыктатура на Беларусі, а дэмакратыя. Год так адзин аднаму кажыце і пішыце ў СМІ і праз год у Беларусі будзе дэмакратыя, вернуцца амаль 50тыс беларускіх палякаў, 40 літуўскіх беларусаў. Застануцца тольки адраджэнцы Свабоды. Гэтых і колам ад амерыканскай касы амерыканскай Свабоды не адгоніш. Яны да той касы прыраслі. Без яе ім не адрадзіцца. Затое праз год іх слухаць нікто не будзе. Бо ў РБ будзе дэмакратыя.
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру