Да 2020 года ў Вольгі быў свой бізнэс у Мінску. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна вырашыла быць незалежным назіральнікам і была сведкай фальсіфікацый. Пасля масавых затрыманняў грамадзян, жанчына стала весці свой TikTok, дзе публікавала відэа з пратэстамі і збіццём беларусаў. Яе публікацыі набіралі дзясяткі і сотні тысяч праглядаў. Вольга не хавала сваіх поглядаў у сацыяльных сетках і рабіла таксама перапосты матэрыялаў, запісвала відэа, у якіх выказвала сваю пазіцыю супраць дыктатуры і вайны ва Украіне.

Вольгу затрымалі 12 красавіка 2022 года паводле арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Дома ў Вольгі застаўся 12-гадовы сын. Пасля затрымання жанчыну павезлі ў ГУБАЗіК. Там з яе здзекаваліся супрацоўнікі службы.

— Ужо выходзячы з машыны, адзін з сілавікоў ударыў мяне ў галаву і сказаў, каб я глядзела ў падлогу. У кабінеце ён ударыў мяне яшчэ раз — і я ўпала. А ўжо далей пачаліся ўдары нагамі. У адзін момант зайшоў у кабінет мужчына — з выгляду адэкватны чалавек, як аказалася, ён ускрываў мой тэлефон. Спытаў у калег, што тут адбываецца, я ўжо падумала пра прамень надзеі і сказала, што ў гэтым месцы збіваюць людзей. Тады ён узяў мяне за валасы і выцягнуў з кабінета, цягаў па калідоры. Я не магла ўявіць, што такое можа быць у 2022 годзе ў цэнтры Мінска, — распавядае Вольга.

З жанчынай у ГУБАЗіКу паспрабавалі запісаць відэа. Але выціснуць з яе «прызнанне» ў сілавікоў, відавочна, не атрымалася. У відэа, якое зманціравалі на фоне дзвярэй, уставілі «нарэзкі» з допыту Вольгі. На ім жанчына кажа толькі пра тое, што яе заробак складае 500 рублёў і што ў яе ёсць BMW 2013 года выпуску. І больш нічога.

— На відэа я была з мокрымі валасамі, бо да гэтага моманту на мяне вылілі літр вады. Я ляжала на падлозе, і, каб прывесці ў прытомнасць, адзін з супрацоўнікаў ліў на мяне ваду з бутэлькі.

Пасля допыту жанчыну завезлі на Акрэсціна, дзе яна правяла 10 дзён у нечалавечых умовах. Далей было СІЗА на Валадарскага. Там упершыню пасля затрымання Вольгу звадзілі ў душ, і ёй пасля Акрэсціна Валадарка падалася санаторыем. У СІЗА жанчына правяла тры месяцы. Яна сядзела ў адной камеры з галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай.

4 ліпеня суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Вольгу Рытус вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прысудзіў жанчыне тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Вольга Рытус была вызвалена ў зале суда. Праз месяц жанчына збегла з Беларусі.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
38