«Дынасад»

Нагадаем, што на тэрыторыі «Новай Баравой» ужо ёсць тры дзіцячыя садкі і адна школа. Свежы «Дынасад» адкрыецца ў «каляровым» квартале, побач з ужо існуючымі «алоўкамі». Каб ён гарманічна ўпісаўся ў навакольную прастору, фасад будынка вырашылі таксама разнастаіць каляровымі палосамі, але гэтым разам пафарбавалі не самі сцены, а аконныя адхоны, за кошт чаго атрымаўся цікавы аб'ёмны эфект.

Тэматыка гэтага дзіцячага садка — дыназаўры. Таму іх выявы мільгаюць паўсюль, у тым ліку на вуліцы: у цэнтры гульнявой пляцоўкі паставяць вялікую скульптуру паўзуна.

Інтэр'ер адрозніваецца выкарыстаннем натуральных матэрыялаў (іх дапоўняць яркія акцэнты), а яшчэ шырокімі калідорамі з вялікай колькасцю вокнаў і шкляных дзвярэй, якія вядуць у кабінеты, — такім чынам забудоўшчык прытрымліваецца прынцыпу «адкрытасці» адукацыйных прастор.

Для кожнай групы прадуманы свае гардэробныя, пакой для заняткаў і спальня, а ў прыбіральнях усе рукамыйніцы і ракавіны падбяруць пад сярэдні рост дзяцей рознага ўзросту.

«Дынасад» вырасце на тры паверхі і зможа прыняць да 230 дзяцей. На тэрыторыі размесціцца гульнявая зона з некалькімі варыянтамі пакрыцця (гумовым, пясочным), пляцоўка для малявання і вывучэння ПДР, арэлі і г. д. Для большай бяспекі абгароджаныя тэрыторыі выходзяць у двор блізкіх дамоў, закрыты для аўтамабіляў.

У садку таксама будзе вялікая спартзала і канцэртны пакой для заняткаў танцамі і музыкай. З'явіцца свая кухня, кабінеты псіхолага і дэфектолага. Прадугледжаны і медыцынскі блок з некалькімі палатамі.

Школа «Арт Парк»

Новая школа пад кодавай назвай «Арт Парк» з'явіцца ў квартале «Цэнтральны парк». Яна размешчана такім чынам, каб да яе лёгка можна было дабрацца як пешшу, так і на грамадскім транспарце — аўтобусны прыпынак знаходзіцца зусім побач. Таксама прадугледжана аўтамабільная стаянка са зручнай зонай для пасадкі/высадкі дзяцей. На паркоўцы ўсталююць яшчэ і навес, дзе можна будзе пачакаць бацькоў, а таксама захоўваць свой ровар.

Будынак складаецца з трох прамавугольных карпусоў, злёгку павернутых адзін да аднаго. Адзін будзе агульным, астатнія два падзеляць паміж малодшымі і старэйшымі класамі. Усе аб'екты пабудуюць са зборных жалезабетонных канструкцый ад завода «А-100 Дэвелапмент», аднак яны будуць знешне адрознівацца паміж сабой. Цэнтральны корпус выканаюць у чырвоным колеры з хаатычна размешчаным шкленнем. Правы, прызначаны для малодшых дзяцей, дэкаруюць акцэнтнымі элементамі ў выглядзе яркіх панэляў вакол вокнаў, але ў цэлым выглядаць ён будзе куды спакайней. А вось корпус старэйшай школы візуальна зробяць больш строгім.

Усе карпусы злучаць шклянымі галерэямі з лесвіцамі і амфітэатрамі. У кожнага будынка будзе свой асобны ўваход, так што з боку комплекс будзе чымсьці нагадваць кампактны гарадок.

«Арт Парк», разлічаны на 1125 дзяцей, будзе своеасаблівай школай талентаў. Яркія вестыбюлі, адкрытыя лесвіцы, крэатыўныя зоны адпачынку, кабінеты для заняткаў музыкай, маляваннем і іншымі відамі мастацтва — усё гэта заклікана раскрываць творчы патэнцыял вучняў. На першым паверсе цэнтральнага корпуса нават будзе інтэрактыўны электронны архіў школы, дзе на вялікім экране будуць пастаянна трансліраваць работы навучэнцаў.

У школе прадугледзяць і мноства рэкрэацыйных зон, якія маюць розную тэматыку — музыка, спорт, медыя. А побач з кабінетам астраноміі ў старэйшым корпусе з'явіцца геасфера для паказаў сферычнага кіно. Выглядаць гэта ўсё будзе даволі ярка і незвычайна.

А вось навучальныя кабінеты і калідоры, наадварот, аформяць у нейтральным стылі. Таксама ў «Арт Парку» будзе некалькі спартзалаў з трыбунамі, бібліятэка, актавая зала, сталовая, якая па канцэпцыі нагадае гарадскія бістро. Адміністрацыйныя памяшканні зробяць з празрыстымі сценамі з каляровага шкла, каб сцерці грань паміж вучнем і настаўнікам.

Дах школы таксама будзе эксплуатавацца: там створаць зоны адпачынку для малодшых і старэйшых класаў.

«Дынасад» плануюць здаць да канца 2023 года. А да канца 2024-га будзе ўведзены ў эксплуатацыю і «Арт Парк». Побач з ім, дарэчы, абяцаюць адкрыць яшчэ адну школу з трох карпусоў, якую назавуць «Кібердалінай». Іх аб'яднае агульная спартыўная зона, адзіная канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі і стылістыка фасада.

Забудоўшчык узводзіць усе гэтыя аб'екты за свой кошт. Пасля завяршэння будаўніцтва іх перададуць на баланс горада, а ўжо ў Міністэрстве адукацыі будуць размяркоўваць месцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру