Мінчука Івана Зянько затрымалі 20 кастрычніка 2020 года. Летась у сакавіку Івана судзілі з Яўгенам Бароўскім, Аляксеем Драбай і Уладзімірам Кацкелем. Іх абвінавачвалі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), у наўмысным пашкоджанні маёмасці (арт. 218 КК).

Падзеі, за якіх іх судзілі, адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Падчас разгону «Маршу гонару» каля станцыі метро «Пушкінская» абвінавачаныя перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, распачалі з імі бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Па справе пацярпелымі выступалі сем супрацоўнікаў АМАПа.

Зянько сваёй віны на судзе не прызнаў, а сказаў:

«На сто адсоткаў не вінаваты, адмаўляюся даваць паказанні».

Фігуранты гэтай справы на судзе заяўлялі пра катаванні. Іван распавёў, што яго збівалі, пагражалі згвалтаваннем, здымалі штаны.

Але, негледзячы на заявы аб катаваннях, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Юля Блізнюк па запыце пракуроркі Валерыі Таратынка асудзіла Івана Зянько да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Адбываць тэрмін Івана Зянько накіравалі ў шклоўскую калонію.

5 студзеня гэтага года Іван Зянько стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У сувязі з гэтым Івана перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Вядома, што 16 сакавіка палітвязня змясцілі на 10 сутак у ШІЗА. Але прычына невядомая.

6 і 7 красавіка 2022 года крымінальная справа супраць Зянько разглядалася ў судзе Фрунзенскага рана Мінска. Справу разглядала суддзя Наталля Бугук.

Гэтым разам палітвязня абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года, а менавіта ў блакіроўцы руху транспарту шляхам «счэпкі» з іншымі неўстаноўленымі асобамі. Асноўным доказам па справе выступала відэа, на якім «неўстаноўленая асоба» спартыўнага целаскладу інструктуе пратэстоўцаў, як стаць у «счэпку». На судзе адвакат выказаў здагадку, што гэта аператыўны супрацоўнік міліцыі:

«Відавочна, што гэта неўстаноўленая асоба правацыравала астатніх да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым твар яго зарэтушаваны. Нельга выключаць, што гэта супрацоўнік праваахоўных органаў. Бо інакш як растлумачыць наўмыснае ўтойванне яго твару на відэа? А орган папярэдняга следства так і не ўстанавіў яго асобу. На мой погляд, устанавіць гэтую асобу не ўяўляла асаблівай цяжкасці».

Таксама ў матэрыялах справы ёсць некалькі фотаздымкаў. Іншых доказаў віны Зянько няма.

Напачатку суда Зянько адмовіўся ўставаць, за што суддзя папярэдзіла яго аб адказнасці. У апошнім слове палітвязень сказаў:

«Рады бачыць родных, блізкіх, сяброў. У мяне ўсё ў парадку, я набіраюся сіл, я здаровы. Магчыма, там быў я ў першых шэрагах. Але калі я выйду, я дакладна буду ў першых шэрагах».

Пракурорка запрасіла для Івана Зянько па новай крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса два гады калоніі — менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Бугук. Але на выніковы тэрмін гэта не паўплывала: у выніку палітвязень асуджаны да пяці гадоў калоніі.

ШІЗА, ПКТ і новая крымінальная справа

У ліпені Івана зноў этапавалі пасля разгляду апеляцыі ў шклоўскую калонію № 17. Амаль адразу яго змясцілі ў штрафны ізалятар за «парушэнне парадку». Пасля гэтага адміністрацыя калоніі адправіла Івана ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да 19 лістапада і ініцыявала завядзенне крымінальнай справы паводле арт. 411 КК. Разгляд новай справы быў прызначаны на 21 кастрычніка, але пасля першага пасяджэння быў абвешчаны перапынак. Суд праходзіў на тэрыторыі калоніі, куды можна трапіць толькі з дазволу начальніка ўстановы. 

9 лістапада суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год ў калоніі. Пасля суда палітвязня перавялі ў магілёўскую турму № 4 да разгляду апеляцыйнай скаргі. Цяпер кожны чалавек можа падтрымаць Івана грашовымі пераводамі, пасылкамі з рознымі прыемнымі дробязямі і медыцынскімі бандэролькамі. Гэта будзе добрай падтрымкай не толькі для Івана, але і для ягонай сям'і. 

Па даных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 41 палітзняволенага перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 16-ці распачалі новыя крымінальныя справы.

Падтрымайце Івана грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі і лістамі на адрас:

Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Іван Аляксандравіч Зянько

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру