Шчыльная гарадская забудова. Фота ілюстрацыйнае

Шчыльная гарадская забудова. Фота ілюстрацыйнае

У Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры заявілі, што «Паўночны бераг» стане новым вітком у развіцці сталіцы. Так акрэсліў сітуацыю намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прамысловасці — начальнік вытворча-тэхналагічнага ўпраўлення Мінбудархітэктуры Аляксей Падвалоцкі падчас падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу паміж БЦК і ТАА «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» (ААЭ).

Пад гэты праект Аляксандр Лукашэнка выпусціў спецуказ №186 «Аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта», ён падпісаны 13 мая 2021 года. У ім інвестару даюцца шматлікія прэферэнцыі, галоўная з якіх у тым, што шчыльнасць забудовы дазволена павялічыць амаль удвая вышэй за лімітную норму, зацверджаную раней рознымі міністэрствамі, у тым ліку архітэктуры, аховы здароўя і іншымі.

Эколагі асцерагаюцца, што калі праект «Паўночны бераг» рэалізуецца ў тым выглядзе, які абяцаюць інвестары, то цэнтр сталіцы Беларусі, верагодна, будзе задыхацца ад пастаяннага смогу. Бо шчыльнасць забудовы будзе залімітнай (значна вышэй за «Мінск-Мір» або «Маяка Мінска»), а вышыня будынкаў — большай за 50 метраў.

Прытым хмарачосы плануюць збудаваць на поўначы Мінска, адкуль часцей за ўсё дзьмуць вятры, што выносяць з горада забруджанае аўтамабілямі паветра.

Але ўлады праз гэты будаўнічы праект хочуць сярод іншага вырашыць і праблемы розных прамысловых галін. Так, стала вядома, што забудоўшчык комплексу «Паўночны бераг» будзе купляць цэмент у Беларускай цэментнай кампаніі. «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з гэтым холдынгам.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
18