Аляксандр Пыка. Фота: сацсеткі

Аляксандр Пыка. Фота: сацсеткі

Затрыманага клічуць Аляксандр Пыка, і яму 32 гады. Ён з Мінска. У ягоных сацсетках няма нічога незвычайнага — фота з вандровак па лясах ды здымкі разам з улюблёнымі знакамітасцямі.

Але, відаць па ўсім, мужчына быў адным з удзельнікаў руху за свабодныя выбары і колішнім мадэратарам сеткі «Кіроўцы 97%». Гэта пацвярджаецца скрыншотамі з ягонага акаўнта, якія выкладаюць сілавікі. Але як на яго выйшлі?

Хутчэй за ўсё — выпадкова. Або да яго прыйшлі з нейкай іншай нагоды і праверылі ягоны тэлефон, або праз звесткі ў іншых затрыманых. Перапіскі ён не выдаляў.

Тое, што мужчына даўно ўжо не датычны да мадэрацыі канала, пацвярджае той факт, што «свежых» скрыншотаў з адмінкі сілавікі не публікуюць. Прычым дагэтуль у Аляксандра захоўвалася перапіска нават з акаўнтам Morpheus, што належаў Дзмітрыю Сасноўскаму, які ўдзельнічаў у «замаху» на Азаронка і якому нядаўна запрасілі 20 гадоў зняволення.

Атрымліваецца, ягоны акаўнт быў «на алоўку» як мінімум з моманту затрымання Сасноўскага, больш за год, і амаль два гады прайшло пасля арыштаў мадэратараў «Кіроўцаў 97%». Гэта значыць, што шыфраваўся хлопец няблага, але недастаткова.

Як засцерагчыся ад таго, каб вас не знайшлі праз шмат часу?

Самае важнае тут тое, што чым больш існуе ваш акаўнт, тым больш слядоў вы пакідаеце, і гэта непазбежна (пра гэта мы пісалі ў артыкуле пра тэлеграм). Аляксандр гэтага не ўлічыў. Хутчэй за ўсё, яго ніколі б не знайшлі, калі б ён выдаліў свой акаўнт у тэлеграме, а пасля стварыў новы на віртуальны ці замежны нумар.

І, вядома, выдаліў сляды сваёй актыўнасці — фота і відэаматэрыялы (гайд), сацсеткі (інстаграм, іншыя сацсеткі, лайкі) і месенджары (гайд, выдаленне ботаў у тэлеграме). Таксама не хаваў дома нічога з таго, што можа яго выдаць.

Сілавікі хочуць стварыць ілюзію сваёй усёмагутнасці, і гэта, вядома, не так. Але правал з ЧКБ (тут мы распавядаем, што рабіць, калі вы туды пісалі), колішняе ўкараненне агента ў «Рабочы рух», перыядычныя арышты адміністратараў дваравых чатаў і нізавых ініцыятыў і іншыя рэчы паказваюць, што не варта іх недаацэньваць.

Будзьце асцярожныя і беражыце сябе.

Клас
41
Панылы сорам
17
Ха-ха
13
Ого
4
Сумна
63
Абуральна
89