Прадстаўнік па міжнародных справах Абʼяднанага пераходнага кабінета, былы дыпламат Валер Кавалеўскі заявіў, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей застанецца ў гісторыі «неадʼемнай часткай рэпрэсіўнага рэжыму». Кавалеўскі мяркуе, што ўсю працу міністра перакрэсліла тое, што ў 2020 годзе ён не перайшоў на бок народа.

«Макей за ўвесь час працы на Лукашэнку, і асабліва за апошнія два гады, запомніўся тым, як шчыра ён працаваў на дыктатара, вельмі часта рабіў гэта за кошт беларускіх нацыянальных інтарэсаў, за кошт беларускасці, людскіх лёсаў. Той пераломны момант, які зрабіў яго сапраўды антыбеларускім палітыкам, здарыўся ў жніўні 2020 года, калі ён застаўся з дыктатарам і працягнуў яму служыць», — сказаў Валер Кавалеўскі ў інтэрв’ю «Белсату».

Кавалеўскі ўпэўнены, што пазіцыяніраванне Макея як інтэлігентнага празаходняга палітыка, які зʼяўляўся на публіцы ў вышыванцы, было гульнёю і маніпуляцыяй з грамадскім меркаваннем.

«Гэта не было шчыра, гэта былі маніпуляцыі з грамадскім меркаваннем. Калі чалавек паслядоўны, сапраўды верыць у беларускасць, падтрымлівае яе, то як ён мог так крута змяніць свае меркаванні ў 2020 годзе, калі фактычна ўсё беларускае пачало забараняцца?» — зазначыў Кавалеўскі.

Прадстаўнік Кабінета звярнуў увагу на тое, што для дзяржаўных медыя смерць міністра не стала топ-навіной. Напрыклад, на сайце агенцтва БелТА публікацыя пра Макея стаіць побач з прагнозам надворʼя, а для Белтэлерадыёкампаніі яе спачуванні больш важныя, чым уласна навіна пра скон чыноўніка.

«Народная рэакцыя трапная ў тым, што служка рэжыму Лукашэнкі сышоў. Мы бачым, як падаецца гэтая навіна ў дзяржаўных крыніцах: вельмі сцісла, вельмі стрымана, без дэталяў. Гэта губляецца дзесьці ў навінавых стужках, нібыта гэта такая шараговая навіна. Гэта сведчанне таго, як рэжым ставіцца да людзей, нават да тых, якія верна служаць дыктатару», — сказаў суразмоўца «Белсату».

Ён упэўнены, што цяпер трэба чакаць канспіралагічныя версіі здарэння, бо сапраўдныя прычыны смерці ўлады не раскрыюць.

«Натуральна, што ніхто не паверыць афіцыйнай версіі, бо рэжым ніколі не казаў нам праўду. Апошнім часам гэтая няпраўда становіцца больш відавочнай. Нармальна ўспрымаю тое, што зараз будзе шмат думак пра тое, што адбылося, чаму адбылося і што гэта можа азначаць. Заўсёды так будзе, калі будзе недахоп інфармацыі. А ў гэтым выпадку недахоп інфармацыі проста прадугледжаны», — адзначыў Кавалеўскі.

На пытанне пра тое, хто можа замяніць Макея на пасадзе кіраўніка міністэрства замежных спраў, прадстаўнік Кабінета адказаў, што прозвішча гэтай асобы няважнае, бо яна будзе прызначаная нелегітымнай уладай.

«Гэтая асоба не будзе адстойваць інтарэсы беларускага народа, нацыянальныя інтарэсы дзяржавы. Гэта будзе антыбеларуская асоба, антыгуманіст. Годных асобаў, якія пякуцца пра Беларусь, там не будзе. Гэта будзе чарговы гаечны ключ у руках Лукашэнкі, які будзе служыць толькі яму, а не краіне», — падсумаваў Валер Кавалеўскі.

Пра скон Уладзіміра Макея сцісла паведаміла агенцтва БелТА. Паводле інфармацыі «Нашай нівы», ён памёр ад інфаркту ўдома ў Драздах. Афіцыйна прычына пакуль не агучвалася.

Макею было 64 гады. Апошнія 10 гадоў узначальваў міністэрства замежных спраў, дагэтуль 4 гады быў кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
не бывае былых лукашыстаў / Адказаць
26.11.2022
яшчэ адзін "дыпламат" "дыпламатычна" топчацца на шчэ не астылым трупе былога калегі, а потым раптам "ворага"...
сам дыпламат Кавалеўскі што - на дыктатара не працаваў?
5
ром / Адказаць
26.11.2022
Ой блин.. одни конспиролухи)) уже от инфаркта человек посереть не может П.с. Не перайшоу на сторону народа)) ?? Что это значит? То есть не зъехау?? Або не сеу у турму? И родных сваих не падставил?
4
In memoriam / Адказаць
27.11.2022
Так, ен запомнiцца. А пра цябе хто узгадае?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру