Бранхіт і пнеўманія не лечацца без антыбіётыкаў

Вельмі нават лечацца. Прызначаць антыбактэрыяльную тэрапію або не, залежыць не ад хваробы, а ад таго, што яе выклікала. Часцей за ўсё бранхіты маюць вірусную прыроду, адпаведна, антыбіётыкі не патрэбныя. Гэтак жа, як і пры пнеўманіі, узбуджальнікам якой з'яўляюцца вірусы. У такіх выпадках асноўнае лячэнне — гэта пасцельны рэжым, шмат вадкасці, сімптаматычнае лячэнне (гарачкапаніжальнае, каб збіць тэмпературу, абязбольвальнае, каб суняць боль, і г.д.).

Але бывае і так, што пасля да віруса далучаецца бактэрыяльная інфекцыя, хвароба набывае вірусна-бактэрыяльны працяг. І тады прызначэнне антыбактэрыяльнай тэрапіі неабходна.

Пробу Манту нельга мачыць

Проба Манту — дыягнастычны тэст на сухоты, які выкарыстоўваецца многія дзясяткі гадоў. Але яшчэ раней ўжываўся тэст Пірке: скуру драпалі, наносілі туберкулін і па рэакцыі арганізма на яго рабілі выснову пра наяўнасць або адсутнасць інфекцыі. Паколькі тэст выконваўся наскурна, мачыць гэтае месца сапраўды было нельга, каб не вымыць туберкулін і не атрымаць ілжывы вынік. Але пры пробе Манту рэчыва ўводзіцца пад скуру. Спецыяльна мачыць ўчастак скуры, на якім праводзіўся дыягнастычны тэст, вядома, не варта. Але калі вада трапіць на яго выпадкова, катастрофы таксама не здарыцца. А вось церці і расчэсваць скуру адназначна нельга — гэта можа ўплываць на рэакцыю арганізма ў месцы правядзення пробы.

Лепш перахварэць вятранкай, чым прышчапіцца

Калі перахварэць вятранкай да 8-10 гадоў, то, можа быць, і лепш. У пераважнай большасці маленькія дзеці пераносяць вятранку досыць лёгка. Але чым старэйшае дзіця, тым вышэйшая рызыка цяжкага працякання вятранкі, справа можа дайсці і да шпіталізацыі. Горш за ўсё пераносяць вятранку дарослыя. Таму калі дзіця не перахварэла ёю гадоў да 10, ёсць сэнс задумацца пра вакцынацыю. Яна не ўваходзіць у нацыянальны каляндар прышчэпак, выконваецца на платнай аснове, але гэта варта таго, каб пазбегнуць магчымай рызыкі ўскладненняў віруснай інфекцыі.

Зрабіць прышчэпку ад вятранкі рэкамендуецца людзям, якія не хварэлі ёю і ўваходзяць у групы рызыкі: жанчынам, якія плануюць цяжарнасць (у першым трыместры вятранка можа выклікаць заганы развіцця плоду, а ў трэцім — прывесці да яго заражэння); людзям з цяжкімі хранічнымі захворваннямі, анкалогіяй, імунадэфіцытнымі станамі, паколькі ў выпадку заражэння ў іх вышэйшая верагоднасць цяжкага працякання ветранай воспы і яе ўскладненняў. Даведацца дакладна, ці хварэлі вы на вятранку, можна здаўшы аналіз на спецыфічныя антыцелы.

Пры прастудзе і вятранцы нельга купацца

ВРВІ, як і вятранка ці іншыя вірусныя інфекцыйныя захворванні, не супрацьпаказанне для водных працэдур. Наадварот, водныя працэдуры неабходныя, каб змыць пот, палепшыць цыркуляцыю крыві, прадухіліць раздражненне.

Пры вятранцы, напрыклад, душ або купанне дапамагаюць палегчыць сверб. Тым не менш трэба выконваць пэўныя правілы. Ванну ці душ можна прымаць толькі пры нармальнай тэмпературы цела. У іншым выпадку водныя працэдуры лепш замяніць абціраннямі прахалоднай вадой (дарэчы, гэта адзін з фізічных метадаў зніжэння высокай тэмпературы цела). Вада павінна быць не гарачай, але і не халоднай — камфортнай тэмпературы. Пры вятранцы высыпанні не трэба церці вяхоткай і выкарыстоўваць сродкі гігіены з агрэсіўнымі кампанентамі. Дастаткова вады і мяккага крэм-мыла з нейтральным pH.

Калі тэмпература ў дзіцяці трымаецца даўжэй за 3 дні, патрэбныя антыбіётыкі

Зусім не. Пры віруснай інфекцыі высокая тэмпература ў дзіцяці можа трымацца і даўжэй. Пры пэўных умовах дапушчальна, каб дзіця тэмпературыла першыя 5 дзён захворвання без прызначэння дадатковых лекавых сродкаў. Пры гэтым важны кантроль лекара, які будзе ўлічваць стан дзіцяці, выяўленасць сімптомаў, характар працякання захворвання. Калі неабходна, прызначыць дадатковыя абследаванні. Дакладна сказаць, якая інфекцыя мае месца ў тым ці іншым выпадку, можна толькі па лабараторных аналізах. Пасля чаго лекар вырашыць, быць антыбіётыкам ці не быць.

Ацыклавір паказаны пры лячэнні герпангіны

Ацыклавір пры герпангіне прымаць катэгарычна нельга. Таму што герпесную ангіну выклікае не вірус герпесу (што магло б здацца відавочным з-за падабенства назваў), а зусім іншыя вірусы: групы Коксакі, энтэравірусы, цытамегалавірусы, эхавірусы і г.д. Ацыклавір пры герпангіне бескарысны і можа прынесці толькі шкоду.

Дзіця часта хварэе, значыць, у яго праблемы з імунітэтам

Як правіла, такія скаргі маюць бацькі, калі дзіця пачынае наведваць дзіцячы садок. Сапраўды, пасля таго як «хатняе» дзіця трапляе ў дзіцячы калектыў, яно пачынае часцей хварэць, таму што яго арганізм упершыню сустракаецца і знаёміцца з рознымі, дагэтуль не вядомымі яму вірусамі і інфекцыямі.

Гэты перыяд называецца адаптацыяй. Яна можа прайсці даволі хутка, а можа расцягнуцца на пару гадоў. Але гэты перыяд мае вялікае значэнне для фарміравання імунітэту дзіцяці. Насцярожанасць павінны выклікаць зацяжныя інфекцыі, якія часта даюць ўскладненні і цяжка паддаюцца стандартнаму лячэнню. Але дакладна казаць пра імунадэфіцыт можна толькі на падставе спецыфічнага аналізу — імунаграмы.

Імунітэт можна падняць імунамадулюючымі прэпаратамі і БАДамі

Большасць імунамадулюючых прэпаратаў і біялагічна актыўных дабавак не маюць даказанай эфектыўнасці і ўплыву на ўмацаванне і фарміраванне імунітэту. А бескантрольны і неабгрунтаваны іх прыём можа нават уяўляць небяспеку для здароўя чалавека ў любым узросце. І ўсё ж такі ёсць спосабы падняць і ўмацаваць імунітэт дзіцяці. Яны простыя і даўно вядомыя: паўнавартаснае, разнастайнае і збалансаванае харчаванне; здаровы сон не менш за 7 гадзін; гартаванне; фізічная актыўнасць і добразычлівая, камфортная атмасфера ў тым асяроддзі, дзе расце, выхоўваецца, вучыцца дзіця.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру