У пятніцу 25 лістапада Макей сустрэўся з нунцыем Ёзічам.

Асноўнымі тэмамі гэтай гутаркі сталі 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, узаемадзеянне Ватыкана і Мінска, а таксама актуальнае становішча Рыма-Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Варта адзначыць, што сустрэчы прадстаўніка Папы Францішка ў Беларусі з міністрам Макеем адбываліся рэгулярна. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заўсёды быў адкрытым для кантактаў і прыкладаў вялікія асабістыя намаганні для падтрымання традыцыйна добрых адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, падкрэслівае catholic.by.

«Арцыбіскуп Ёзіч у малітве даручае душу спачылага Уладзіміра Макея Божай Міласэрнасці і выказвае спачуванні яго родным, блізкім і калегам, моліцца аб суцяшэнні для іх у гэтую цяжкую хвіліну расстання», — гаворыцца ў паведамленні.

За памерлага міністра падчас ранішняй святой імшы ў мінскім катэдральным касцёле, якая транслявалася на радыё, маліўся таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Паведамляецца, што Антэ Ёзіч возьме ўдзел у развітанні і пахаванні спачылага Уладзіміра Макея, якое адбудзецца ў аўторак.

Таксама літыю за душу Уладзіміра Макея правёў апостальскі візітатар для беларусаў — грэка-каталікоў Сяргей Гаек.

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
5