На гэты момант вядома, што палітзняволеная знаходзіцца ў бальніцы хуткай дапамогі Гомеля ў рэанімацыйным аддзяленні. Гэту інфармацыю пацвердзілі адвакату ў бальніцы.

Папала яна туды 28 лістапада, шпіталізавалі Марыю ў першае хірургічнае аддзяленне. Перад гэтым праходзіла інфармацыя, што Калеснікаву змясцілі ў ШІЗА, але не было звестак, калі і наколькі яна туды трапіла. 

Усіх палітзняволеных перыядычна, часам на працяглы тэрмін, змяшчаюць у ШІЗА (у карцар) без падстаў для таго. Выглядае, што такі загад у калоніі прыйшоў зверху, бо такая інфармацыя даходзіць з усіх ІК, хоць ступень жорсткасці абыходжання з палітвязнямі, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, у розных калоніях розная, і гэта залежыць ад кіраўніцтва устаноў.

Пазней у канале Віктара Бабарыкі з'явілася дадатковая інфармацыя:

«Машу прывезлі ў бальніцу з хірургічнай паталогіяй і прааперавалі 28 лістапада. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. Заўтра павінны перавесці ў хірургічнае аддзяленне».

Выданне «Зеркало» на падставе сваіх крыніц сцвярджае, што ў Калеснікавай былі праблемы са страўнікам.

Калі вы ці вашы знаёмыя працуюць у бальніцы Гомеля і вы маеце больш інфармацыі пра Марыю Калеснікаву, пішыце нам у @nasa_niva_bot ці на [email protected]. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
70
Абуральна
86