АТ «Брансксельмаш» робіць зборку гомельскіх камбайнаў для расійскага рынку.
Новае іх афармленне ўпершыню было прадстаўлена на выставе агратэхнікі «Аграсалон—2022», якая праходзіла ў пачатку кастрычніка ў Маскве. На корпусе мадэляў GS12 і FS80 былі намаляваныя сярэднявечныя волаты Перасвет і Дабрыня з сучасным сцягам Расійскай Федэрацыі.
А пасля гэтага дызайнеры завода вырашылі развіць тэму ў нечаканым кірунку. На выставе «ПоўдзеньАгра—2022», якая адбылася ў лістападзе 2022 года ў Краснадары, на мадэлі камбайна GS12 быў намаляваны волат Ерамей, у вобразе якога лёгка адгадваюцца рысы твару дырэктара ТАА ГД «Палессе-Поўдзень» Дзмітрыя Яроменкі.
Гэтая кампанія — афіцыйны дылер «Гомсельмаша» ў Паўднёвай і Паўночна-Каўказскай акругах РФ.
«Флагшток» паспрабаваў знайсці аналагічныя прыклады з дызайнерскай практыкі, але беспаспяхова.
Малюнак не вядомага шырокай публіцы топ-менеджара на корпусе камбайна, падобна, з'яўляецца абсалютнай навінкай для машынабудавання. Ці дасць гэта нейкі плён для павелічэння ўзроўню продажу камбайнаў, пакажа час.





