— Дзякуй богу, цяпер ужо лепей — цэмент (ну ў сэнсе гіпс) з маёй нагі нарэшце знялі, але нага яшчэ трохі пабольвае, асабліва калі на яе наступаю, — распавёў «Народнай Волі» Багданкевіч. — Спрабаваў пачаць хадзіць з палачкай, як раней, але не атрымліваецца! Добра, што хадункі ёсць — з імі яшчэ нічога, магу перасоўвацца самастойна.

Першы гіпс мне знялі праз два месяцы пасля здарэння, але затым адразу наклалі новы — нешта там не так пайшло. Цяпер ужо знялі, але нага ўсё адно яшчэ апухлая. З-за пералому яшчэ неяк ссунулася ступня — яе выкруціла ў левы бок, хадзіць складана.

Ды і бог з ім, не ў гэтым праблема — галоўнае, жывы застаўся! Я ў інтэрнэце пачытаў, што некаторыя маладыя людзі пасля падобных гісторый з пераломамі за паўтара месяца ў норму прыходзяць, а мяне ўжо тры месяцы як круціць і не адпускае!

— Можа, якія-небудзь фізіяпрацэдуры трэба рабіць? Што лекары кажуць?

— У нас лекары добрыя, нічога не прапісваюць (смяецца). У мяне быў пералом шчыкалаткі адразу ў трох месцах. Калі лесвіца звалілася на мяне зверху, косткі раздрабніліся. Але, здаецца, усё сабралі… Нічога, пакуль і так усё выдатна, а будзе яшчэ лепш!

— Добра, што яшчэ лесвіца на галаву не звалілася…

— Так, гэта я, можна сказаць, яшчэ ўдала прызямліўся — галава цэлая засталася. Але, праўда, ужо адчуваю, што старасць набліжаецца — не вельмі хутка думаю. Заўважыў, што стаў неяк павольней цяміць…

— Станіслаў Антонавіч, вам 1 студзеня наступнага года споўніцца 86 гадоў…

— Вось недзе пасля васьмідзесяці гадоў я стаў заўважаць, што крыху запавольваюся… Але з усіх сіл стараюся не выпадаць з рэальнасці, сачу за навінамі, цікаўлюся, што ў жыцці дзяцей адбываецца. Праўда, вось я нараджаў дзяцей, а яны ўсе мяне пакінулі…

— Ведаю, што адзін з вашых сыноў цяпер ва Украіне…

— У мяне трое сыноў. Старэйшы жыве тут, у вёсцы Зазерцы пад Мінскам, каля Пухавічаў. У яго там трэцяя жонка і двое маленькіх дзяцей. А ўсяго ў яго пяцёра дзяцей — усе баявыя, здольныя, жыццярадасныя. Здольны хлопец, ну што тут скажаш! Нацыю ўмацоўвае…

Самы малодшы ў Польшчы. Кажу яму, каб вяртаўся. Ён кінуў сваю асноўную прафесію банкіра, вывучыў моднае сёння праграмаванне і цяпер вельмі запатрабаваны. Але яго працадаўца паставіў умову — рэлакацыя. Спачатку яны паляцелі з Мінска ў Батумі, потым ім арганізавалі пераезд у Варшаву. Здымае кватэру-студыю, працуе. Палякаў вакол яго няма, мову не вывучае, працуе дыстанцыйна, вельмі загружаны. Дадому не спяшаецца. Кажа, вярнуся, калі сітуацыя ў краіне зменіцца.

А трэці сын — так, застаўся ва Украіне.

— З'язджаць не збіраецца адтуль?

— Жонка яго нядаўна прыязджала сюды, каб машыну сваю прадаць. Там на беларускіх нумарах, улічваючы, што беларусаў лічаць суагрэсарамі, амаль немагчыма ездзіць. Прадала, але таму да яго вярнулася з вялікай цяжкасцю. Не пускалі на мяжы!

— Чаму?

— Пашпарт беларускі, а адсюль жа расійскія самалёты ляцелі бамбіць украінскія гарады…

У іх раней кватэра была ў Кіеве, цяпер яны ў Львоў перабраліся. Дык вось яна дзве гадзіны на мяжы праплакала. Сын усе свае сувязі падключыў і, у рэшце рэшт, сяк-так яе прапусцілі.

Сын яшчэ ў мірны час ва Украіне завёў маленькі бізнэс, а цяпер кідаць справу не хоча, калі з'едзе, то ўсё страціць, а назад ужо не пусцяць…

— Затое, Станіслаў Антонавіч, з вамі заўсёды побач жонка. І клапоціцца пра вас.

— Так, калі б не яна, я, напэўна, ужо і здаўся б… Нядаўна ціск сваволіў — тройчы выклікалі «хуткую». За 200 перавальвала… Потым гэты пералом…

Мне прызначылі таблеткі, якія разрэджваюць кроў, каб тромб не ўтварыўся з-за пералому. Але ў мяне з-за гэтых лекаў двойчы здараўся крывацёк страўнікавы. Я ўжо думаў, ад чаго лепш памерці — ад ціску ці ад крывацёку… Урэшце кінуў гэтыя таблеткі. Але лекар мне затым замяніла іх на іншы, больш лёгкі прэпарат. Ну вось, пакуль п'ю…

Я вычытаў у інтэрнэце, што навукоўцы высветлілі: чалавек можа жыць да 150 гадоў. Ну і я сабе паставіў мэту такую… Думаю, больш за 150 гадоў жыць ужо не буду, а да гэтага ўзросту яшчэ вельмі паспрабую! Трэба ж камусьці жыць…

Вось Макей памёр — я яго нядрэнна ведаў, ён у свой час за мяне заступіўся, калі мяне хацелі выключыць з Рады пры Адміністрацыі прэзідэнта. Сказаў, мы для гэтага Раду і стваралі, каб былі такія Багданкевічы і гучалі розныя меркаванні…

Мой сябар юнацтва смяецца з маёй мэты дажыць да 150 гадоў, кажа, хоць бы да 105! Але я не згодны. Раз навукоўцы сказалі, што такое магчыма, значыць, буду спрабаваць! А раптам усё атрымаецца.

Чытайце таксама:

Станіслаў Багданкевіч зламаў нагу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

2
S / Адказаць
04.12.2022
Хоць вы і таксама сістэмны, дзядулька, але… трымайцеся.
5
Вадя / Адказаць
04.12.2022
Полез за молодильными яблоками и такой облом...
2
Квжан / Адказаць
04.12.2022
Вось на такіх людзях, як ён і трымалася нашая незалежнасьць. І хаця ён камуніст, але здолеў адысьці ад мінулага. Павага яму й мая малітва! Дай Божачка Пану дажыць да скону Лу-кі!
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру