Да такіх высноў прыйшлі эксперты Conflict Armament Research — незалежнай групы з Вялікабрытаніі, якая ідэнтыфікуе і адсочвае зброю і боепрыпасы, якія выкарыстоўваюцца ў войнах. Незадоўга да лістападаўскага расійскага ракетнага абстрэлу ў Кіеў па запрашэнні ўкраінскіх уладаў прыбыла невялікая група экспертаў.
Яны вывучылі абломкі крылатых ракет Х-101, якія прывялі да маштабных адключэнняў электраэнергіі ва Украіне. Паводле справаздачы групы, апублікаванай у панядзелак, адна з ракет была вырабленая гэтым летам, выраб яшчэ адной завяршыўся пасля верасня, пра што сведчыць маркіроўка на ёй.
Па словах аднаго з экспертаў Conflict Armament Research, той факт, што Расія працягвае вырабляць такія перадавыя кіраваныя ракеты, як Х-101, сведчыць пра тое, што Масква знайшла спосабы набываць паўправаднікі і іншую тэхніку, нягледзячы на санкцыі, ці што ў яе былі значныя запасы кампанентаў да пачатку вайны.





