У адной з наймалодшых каталіцкіх супольнасцяў сталіцы заслужаны іерарх цэлебраваў дзве святыя імшы: першую — з нагоды парафіяльнага адпусту ў гонар святога апостала Андрэя і 5-й гадавіны пасвячэння парафіяльнай капліцы, а другую — для дзяцей.
Падчас імшы з удзелам дзяцей заслужаны іерарх правёў гамілію ў форме дыялогу з маленькімі вернікамі.
Размова з імі датычылася адвенту як часу духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. У дыялогу арцыбіскуп распавёў дзецям некалькі смешных і адначасова павучальных духоўных гісторый, што ім вельмі спадабалася.
Пасля імшы адбылася сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі.
Іерарх у вобразе святога Мікалая павіншаваў наймалодшых парафіянаў, пажадаў ім узрастаць у ласцы ў Бога і людзей, добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння і раздаў ім падарункі.
Дзеці ў адказ чыталі вершы пра святога Мікалая.