У агульнай колькасці латарэйныя білеты ў гэты раз купіла больш за 27 млн еўрапейцаў, піша Бі-бі-сі.

Афіцыйная прадстаўніца бельгійскай Нацыянальнай латарэі Джэк Вермоер распавяла, што жыхары краіны часта гуляюць групамі, але ніколі яшчэ сіндыкат пераможцаў не быў настолькі шматлікім.

Усе ўдзельнікі сіндыката жывуць у невялікай вёсцы Дольмен непадалёк ад Антверпэна (яе насельніцтва складае каля 3,7 тыс. чалавек). Кожны з іх заплаціў за латарэйныя білеты, набытыя ў мясцовай краме, аднолькавую суму, то-бок прыз будзе падзелены на ўсіх пароўну.

Вермоер, якая ў сераду прысутнічала ў той самай краме, калі некаторым удзельнікам сіндыката паведамілі аб іх поспеху, апісала атмасферу як спалучэнне спакою і эйфарыі. Яна апісала перамогу як «самы лепшы падарунак да Каляд».

Уладальнік крамы, які арганізоўваў падобныя сіндыкаты для гульні ў латарэю на працягу некалькіх гадоў, распавёў бельгійскаму радыё, што яму давялося паўтараць паведамленне пра выйгрыш пяць-шэсць разоў, перш чым некаторыя пераможцы яму паверылі.

Імёны ўдзельнікаў сіндыката не абвяшчаюцца.

Хоць апошні джэкпот EuroMillions склаў даволі вялікую суму, ён не самы вялікі ў гісторыі. У ліпені адзін з жыхароў Вялікабрытаніі выйграў у гэтую латарэю 195 млн фунтаў, а за некалькі месяцаў да гэтага брытанская сямейная пара атрымала прыз 184 млн фунтаў.

У латарэі EuroMillions удзельнічаюць жыхары дзевяці еўрапейскіх краін, у тым ліку Бельгіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Партугаліі, Ірландыі, Аўстрыі, Швейцарыі і Люксембурга.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0