Сёлета абвяшчэння Нобелеўскай прэміі міру чакала ўся Украіна. Мы расцэньваем яе як прызнанне намаганняў усяго ўкраінскага народа, які смела выступіў супраць спробаў разбурыць мірнае развіццё Еўропы, і як адзнаку важнасці працы праваабаронцаў у папярэджанні ваеннай пагрозы ва ўсім свеце.

Мы ганарымся, што сёння ўпершыню ўкраінская мова прагучыць на афіцыйнай цырымоніі.

Мы атрымліваем Нобелеўскую прэмію міру падчас вайны, якую распачала Расія. Гэта вайна доўжыцца ўжо 8 гадоў 9 месяцаў і 21 дзень. Для мільёнаў людзей сталі звыклымі такія словы, як абстрэлы, катаванні, дэпартацыі, фільтрацыйныя лагеры. Але няма такіх словаў, каб перадаць боль маці, якая страціла нованароджанага сына пасля абстрэлу радзільнага аддзялення шпіталя. Яна толькі што прыціскала сваё дзіця, называла па імені, карміла грудзьмі, удыхала яго пах — і раптам расійская ракета зруйнавала ўвесь яе сусвет. І цяпер яе такое чаканае і жаданае дзіця ляжыць у самай маленькай у свеце труне.

Не існуе напрацаваных рашэнняў для выклікаў, праз якія мы і ўвесь свет праходзім.

Людзі ў розных краінах таксама змагаюцца за свае правы і свабоды ў надзвычай складаных абставінах. Таму сёння я паспрабую хаця б задаць правільныя пытанні, каб мы пачалі гэтыя рашэнні шукаць.

Першае. Як вярнуць значэнне правам чалавека? 

Пакаленні, якія перажылі Другую сусветную вайну, змяніліся іншымі. Людзі пачалі ўспрымаць правы і свабоды як данасць. Нават у развітых дэмакратыях набіраюць вагу сілы, што ставяць пад сумнеў прынцыпы Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Але правы чалавека не здабываюцца раз і назаўжды. Каштоўнасці сучаснай цывілізацыі трэба абараняць.

Мір, прагрэс і правы чалавека непарыўна звязаныя. Дзяржава, якая забівае журналістаў, кідае за краты актыўных людзей або разганяе мірныя дэманстрацыі, уяўляе пагрозу не толькі для сваіх грамадзянаў. Такая дзяржава ўяўляе пагрозу для ўсяго рэгіёна і глабальнага свету ў цэлым. Таму на сістэмныя парушэнні свет павінен рэагаваць. Правы чалавека павінны быць не менш вызначальным фактарам у прыняцці палітычных рашэнняў, чым эканамічная выгада ці бяспека. Гэты падыход трэба ўжываць і ў знешняй палітыцы.

Гэта добра відаць на прыкладзе Расіі, якая паслядоўна знішчала ўласную грамадзянскую супольнасць. Але краіны дэмакратычнага свету доўгі час заплюшчвалі на гэта вочы. Яны працягвалі ціснуць руку расійскаму кіраўніцтву, будаваць газаправоды і весці «business as usual».

Дзесяцігоддзямі расійскія войскі здзяйснялі злачынствы ў розных краінах. Але заўсёды заставаліся беспакаранымі. Свет належным чынам не адрэагаваў нават на акт агрэсіі і анексію Крыма, якая стала першым прэцэдэнтам у постваеннай Еўропе. Расія паверыла, што можа рабіць усё, што захоча.

Цяпер Расія імкнецца зламаць супраціў і акупаваць Украіну праз наўмыснае нанясення балючых удараў па мірным насельніцтве. Расійскія войскі мэтанакіравана знішчаюць жылыя дамы, цэрквы, школы, шпіталі, расстрэльваюць эвакуацыйныя калідоры, кідаюць людзей у фільтрацыйныя лагеры, праводзяць прымусовыя дэпартацыі насельніцтва, выкрадаюць, катуюць і забіваюць на акупаваных тэрыторыях.

Расійскі народ будзе несці адказнасць за гэтую ганебную старонку сваёй гісторыі і імкненне сілай адрадзіць колішнюю імперыю.

Другое. Як пачаць называць рэчы сваімі імёнамі?

Людзі ва Украіне як ніхто хочуць міру. Але мір не надыходзіць, калі краіна, на якую напалі, складае зброю. Тады гэта не мір, а акупацыя. Мы знаходзілі целы мірных жыхароў на вуліцах і дварах іх дамоў пасля вызвалення Бучы. У гэтых людзей наогул не было зброі.

Трэба перастаць маскіраваць адкладзеныя ваенныя пагрозы пад «палітычныя кампрамісы». Дэмакратычны свет звыкся да саступак дыктатурам. І таму такая важная гатоўнасць украінскага народа супрацьстаяць расійскаму імперыялізму. Мы не пакінем людзей на акупаваных тэрыторыях на смерць і катаванні. Жыццё людзей не можа быць «палітычным кампрамісам». Змагацца за мір — гэта не паддавацца на ціск агрэсара, а абараняць людзей ад яго бязлітаснасці.

У гэтай вайне мы змагаемся за свабоду ва ўсіх яе сэнсах. І плацім за гэта самую высокую цану. Мы, грамадзяне Украіны ўсіх нацыянальнасцяў, не павінны абмяркоўваць сваё права на суверэнную і незалежную ўкраінскую дзяржаву і развіццё ўкраінскай мовы і культуры. Як людзі, мы не павінны ўзгадняць права вызначаць сваю ідэнтычнасць і самастойна рабіць свой дэмакратычны выбар. Крымскія татары і іншыя карэнныя народы не павінны даказваць сваё права свабодна жыць на роднай зямлі ў Крыме.

Ад таго, як мы змагаемся сёння, залежыць, якой будзе Украіна ў будучыні. Каб у постваеннай краіне мы маглі будаваць не хісткія канструкцыі, а ўстойлівыя дэмакратычныя інстытуты. Каштоўнасці — гэта тое, што вызначае нашы паводзіны не тады, калі лёгка, а тады, калі нам цяжка. Мы не павінны стаць люстэркам дзяржавы-агрэсара.

Гэта не вайна дзвюх дзяржаў, гэта вайна дзвюх сістэм — аўтарытарызму і дэмакратыі.

Мы змагаемся за магчымасць будаваць дзяржаву, у якой правы кожнага чалавека абароненыя, улада падсправаздачная, суды незалежныя, а паліцыя не б'е мірныя студэнцкія дэманстрацыі на цэнтральнай плошчы сталіцы.

Мы павінны пераадолець траўму вайны і звязаныя з ёй рызыкі на шляху да еўрапейскай сям'і і зацвердзіць выбар украінскага народа, вызначаны рэвалюцыяй годнасці.

Трэцяе. Як забяспечыць мір для людзей ва ўсім свеце?

Міжнародная сістэма міру і бяспекі больш не працуе. Вязень сумлення, крымскі татарын Сервер Мустафаеў і многія іншыя людзі кінутыя ў расійскія турмы, бо займаліся праваабарончай працай. Мы, праваабаронцы, якія шмат гадоў выкарыстоўвалі права для абароны людзей, не маем ніякіх прававых механізмаў, каб спыніць расійскія зверствы.

Таму многія з праваабаронцаў былі вымушаныя са зброяй у руках абараняць тое, у што яны вераць. Як мой сябар Максім Буткевіч, які цяпер у расійскім палоне. Ён і іншыя ўкраінскія ваеннапалонныя, а таксама ўсе затрыманыя мірныя асобы, якія павінны быць вызваленыя.

Сістэма ААН, створаная пасля Другой сусветнай вайны яе пераможцамі, заклала для асобных краін неапраўданыя індульгенцыі. Калі мы не хочам жыць у свеце, дзе правілы вызначаюць дзяржавы з больш магутным ваенным патэнцыялам, дык гэта належыць змяніць.

Мы павінны пачаць рэформу міжнароднай сістэмы для абароны людзей ад войнаў і аўтарытарных рэжымаў. Патрэбныя дзейсныя гарантыі бяспекі і павагі правоў чалавека для ўсіх дзяржаў і іх грамадзян, незалежна ад удзелу ў ваенных блоках, іх ваеннага патэнцыялу ці эканамічнай магутнасці. Правы чалавека мусяць заняць у гэтай новай сістэме цэнтральнае месца.

І гэта задача не толькі палітыкаў. Палітыкі маюць спакусу пазбягаць пошуку складаных стратэгій, якія патрабуюць працяглага часу. Яны часта паводзяць сябе так, быццам глабальныя выклікі самі калісьці знікнуць. Але праўда ў тым, што яны толькі абвастраюцца.

Мы, людзі, якія хочуць жыць у міры, павінны гаварыць палітыкам, што нам патрэбная новая архітэктура светапарадку.

Магчыма, у нас няма палітычных інструментаў, але ў нас заўсёды застаецца ўласнае слова і ўласная пазіцыя. Звычайныя людзі маюць значна больш уплыву, чым яны сабе ўяўляюць. Голас мільёнаў людзей у розных краінах можа змяніць сусветную гісторыю хутчэй, чым умяшанне ААН.

Чацвёртае. Як забяспечыць справядлівасць усім ахвярам вайны?

Дыктатары баяцца сцвярджэння ідэі свабоды. Таму Расія спрабуе пераканаць увесь свет, што вяршэнства права, правы чалавека і дэмакратыя — гэта фальшывыя каштоўнасці. Бо падчас вайны яны нікога не абараняюць.

Так, права зараз не працуе. Але мы верым, што гэта часова. Нам трэба будзе разарваць гэтае кола беспакаранасці і змяніць падыходы да правасуддзя за ваенныя злачынствы.

Устойлівы свет, які дае свабоду ад страху і надзею на лепшую будучыню, немагчымы без справядлівасці.

Мы дагэтуль глядзім на свет праз прызму Нюрнбергскага трыбунала, дзе ваенных злачынцаў асудзілі толькі пасля падзення нацысцкага рэжыму. Але справядлівасць не павінна залежаць ад устойлівасці аўтарытарных рэжымаў. Урэшце, мы жывём у новым стагоддзі. Правасуддзе не павінна чакаць.

Нам трэба пераадолець брак адказнасці і даць шанец на справядлівасць усім пацярпелым людзям. Калі нацыянальная сістэма перагружаная колькасцю ваенных злачынстваў. Калі Міжнародны крымінальны суд абмяжоўваецца некалькімі абранымі кейсамі або наогул не мае юрысдыкцыі.

Вайна ператварае людзей у лічбы. Мы павінны вярнуць імёны ўсіх ахвяр ваенных злачынстваў. Незалежна ад таго, хто яны, іх сацыяльнага статусу, віду злачынства і жорсткасці, ад якіх яны пацярпелі, і ці цікавіцца медыя і грамадства іх справай. Бо жыццё кожнага чалавека мае значэнне.

Права — гэта жывая матэрыя, якая ўвесь час знаходзіцца ў развіцці. Мы павінны стварыць міжнародны трыбунал і прыцягнуць Пуціна, Лукашэнку і іншых ваенных злачынцаў да адказнасці. Так, гэта смелы крок. Але мы павінны даказаць, што вяршэнства права працуе, а правасуддзе існуе, хоць бы і адкладзенае ў часе.

Пятае. Як глабальная салідарнасць можа стаць нашым захапленнем?

Наш свет стаў вельмі хуткім, звышскладаным і ўзаемазвязаным. Проста зараз людзі ў Іране змагаюцца за сваю свабоду. Людзі ў Кітаі ладзяць супраціў лічбавай дыктатуры.

Людзі ў Самалі вяртаюць да мірнага жыцця дзяцей-салдатаў. Яны як ніхто адчуваюць, што значыць быць людзьмі і адстойваць чалавечую годнасць. Ад іх поспеху залежыць і наша будучыня. Мы адказныя за ўсё, што адбываецца ў свеце.

Правы чалавека — гэта пра вобраз мыслення, пэўную парадыгму ўспрымання свету, якая вызначае, як чалавек думае і будзе дзейнічаць. Яны губляюць значэнне, калі іх абарону пакінуць толькі юрыстам і дыпламатам. Таму недастаткова прыняць правільныя законы ці стварыць фармальныя інстытуты. Каштоўнасці грамадства ўсё роўна будуць мацнейшымі.

Гэта значыць, што нам патрэбны новы гуманістычны рух, які будзе працаваць з грамадствам на ўзроўні сэнсаў, займацца асветай, фарміраваць масавую падтрымку і далучаць людзей да абароны правоў і свабод. Гэты рух павінен аб'ядноўваць інтэлектуалаў і грамадзянскія супольнасці розных краін, бо ідэі свабоды і правоў чалавека ўніверсальныя і не маюць дзяржаўных межаў.

Так мы зможам сфарміраваць запыт на вырашэнне і супольна пераадольваць глабальныя выклікі — войны, няроўнасць, наступ на прыватнасць, умацаванне аўтарытарызму, змяненне клімату і гэтак далей. Так мы зможам зрабіць гэты свет больш бяспечным.

Мы хочам, каб нашы дзеці не былі вымушаныя праходзіць праз войны і пакуты. Мы павінны ўзяць адказнасць, каб не перакладваць на іх плечы тое, што павінны зрабіць мы, іх бацькі. Чалавецтва мае шанец пераадолець глабальныя крызісы і выйсці на новы шлях светаразумення.

Час узяць адказнасць. Мы не ведаем, колькі ў нас гэтага часу.

І паколькі гэтая Нобелеўская прэмія міру падчас вайны, я дазволю сабе звярнуцца да людзей у розных краінах свету з заклікам да салідарнасці. Вы не павінны быць украінцамі, каб падтрымаць Украіну. Дастаткова быць проста чалавекам.

Клас
47
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5