Фонд у сваёй заяве звяртае ўвагу, што рэжымы Расіі і Беларусі развязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям сваіх уласных грамадзян. Пры гэтым сярод палітычных вязняў у Беларусі больш за 30 спартоўцаў, а сотні беларускіх спартоўцаў і трэнераў былі змушаныя пакінуць краіну, дзясяткі ж страцілі магчымасць выступаць на Алімпійскіх гульнях з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Гэтыя дзеянні, паводле арганізацыі, не адпавядаюць прынцыпам, закладзеным у Алімпійскай хартыі, а таксама з'яўляюцца парушэннем базавых правоў чалавека. У гэтых умовах удзел спартоўцаў з Беларусі і Расіі ў найбуйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку Алімпіядах і Паралімпіядах, недапушчальны, паколькі будзе выкарыстаны як сродак прапаганды.

У той жа час Фонд лічыць, што да Алімпіяды могуць быць дапушчаныя атлеты з беларускім ці расійскім грамадзянствам, якія ў поўнай меры прытрымліваюцца прынцыпаў Алімпійскай хартыі. Але яны мусяць выканаць наступныя базавыя ўмовы:

  • Нейтральны статус — адсутнасць гімнаў, сцягоў і іншых элементаў дзяржаўнай сімволікі;

  • Публічнае асуджэнне дзеянняў расійскага і беларускага рэжымаў у дачыненні да развязанай агрэсіўнай вайны і ўнутраных рэпрэсій па палітычным прынцыпе, далучэнне да Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў;

  • Адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы, у тым ліку цесна звязаных з ёй юрыдычных і фізічных асоб;

  • Нядопуск афіцыйных прадстаўнікоў, спартыўных функцыянераў, а таксама прадстаўнікоў прапаганды дзвюх краін на мерапрыемства.

Учора стала вядома, што Алімпійскі і Паралімпійскі камітэт ЗША (USOPC) падтрымлівае ідэю дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы, калі яны не будуць выступаць пад нацыянальнымі сцягамі сваіх краін. 

Чытайце таксама:

ЗША падтрымалі ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпіядзе 2024 года

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0