Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Навукоўцы падлічылі, што кожны дзень толькі ў ЗША, прынамсі, мільён птушак гіне ў выніку сутыкненняў з будынкамі. А згодна з даследаваннем 2019 года, папуляцыя птушак у Паўночнай Амерыцы скарацілася на 29%. Гэта на 3 мільярды больш, чым за папярэднія паўстагоддзя, паведамляе CSMonitor. Навукоўцы кажуць, што самая галоўная прычына іх гібелі — змены ў асяроддзі пражывання. Большасць гіне падчас вясновых і восеньскіх міграцый. Паколькі птушкі лётаюць у асноўным ноччу, гарадскія агні прыцягваюць і дэзарыентуюць іх — і многія ўрэшце ўразаюцца ў вокны.

Праблем, такім чынам, дзве: святло і шкло. Святло ад гарадоў, якія пастаянна пашыраюцца, перашкаджае руху істот, якія эвалюцыянавалі, каб міграваць у цемры, выкарыстоўваючы зоркі і магнетызм Зямлі ў якасці праваднікоў. А сучасная архітэктурная мода на шкло аказалася для іх смяротнай. Большая частка шкла не бачная для птушак: яна выглядае як празрыстае паветра, праз якое можна праляцець, або як адлюстраванне дрэў і неба над імі.

Сёння прыкладаюцца намаганні, каб зрабіць гарады больш бяспечнымі для птушак. Архітэктары і забудоўшчыкі вучацца рабіць будынкі зручнымі для птушак, таму выкарыстоўваюць спецыяльна апрацаванае шкло, якое птушкі могуць бачыць. Актывісты па ўсім свеце сочаць за гібеллю птушак у выніку сутыкненняў са шклом і аказваюць ціск на прадпрыемствы і мясцовых чыноўнікаў, каб яны сур'ёзна ставіліся да бяспекі птушак, а ў некаторых месцах просяць уладальнікаў дамоў падумаць пра ўласныя вокны. Навукоўцы кажуць, што больш птушак гіне ад удараў аб дамы — гарадскія і вясковыя — чым ад удараў аб хмарачосы ў цэнтрах вялікіх гарадоў.

Назіральнікі таксама працуюць з уласнікамі будынкаў, каб паменшыць колькасць сутыкненняў. Адключэнне вонкавага асвятлення — гэта толькі пачатак. Святло пад'ездаў і вестыбюляў таксама прыцягвае птушак. Больш за тое, птушкі, якіх цягне ў горад, звычайна праводзяць там адзін-два дні, спыняючыся, каб адпачыць і пакарміцца, перш чым працягнуць падарожжа. Большасць сутыкненняў адбываецца на ніжніх паверхах днём.

А калі побач з вокнамі растуць дрэвы (ці нават толькі адно дрэва), то яго адлюстраванне можа завабіць птушку, яна сутыкнецца з шыбай. Часам птушкі ўспрымаюць уласнае адлюстраванне як суперніка і кідаюцца на яго, але б’юцца аб шкляную паверхню. Таму назіральнікі заахвочваюць уладальнікаў і карыстальнікаў будынкаў прыглушаць унутранае асвятленне, адсунуць расліны далей ад вокнаў і наклеіць плямістую плёнку на празрыстае шкло, каб птушкі маглі яго бачыць.

Згодна з данымі «Аховы птушак Бацькаўшчыны», у Беларусі падчас сутыкненняў з шыбамі штогод гіне больш за 1,5 мільёна птушак — і гэта даныя толькі за 2009 год. Каб зрабіць шкло заўважным для птушак, АПБ раіць фарбаваць яго або наносіць на яго розныя ўзоры з дапамогай некаторых тэхналогій. Гэта можа быць суцэльнае фарбаванне валікамі або трафарэтны друк з дапамогай фарбапульта. Можна выкарыстаць лічбавы друк, пры якім фарба потым цвярдзее пад уздзеяннем УФ-промняў (УФ-друк). Пафарбаваць можна любыя шкляныя паверхні, напрыклад, фасаднае шкло, балюстрады, агароджы балконаў і тэрас, дэкаратыўныя элементы. Такая тэхналогія шырока распаўсюджаная і мае неабмежаваныя магчымасці па колерах і дызайне.

Другі метад, які дазваляе атрымаць бачныя птушкам узоры, — гэта апрацоўка шкляных паверхняў кіслатой, лазерная гравіроўка або пескаструменная апрацоўка. Тут таксама мора варыянтаў дызайну. Важна: гэтыя метады могуць парушыць структуру шкла, таму на ўжо ўсталяваных шыбах лепш іх не прымяняць.

Дадатковы спосаб дэкору і ўмацавання шкляных паверхняў на этапе вытворчасці — налепкі або плёнкі (напрыклад, УФ) на ўсю паверхню або фрагментарна.

Прыклад друку на шкле / Фота: oknatrade.ru

Прыклад друку на шкле / Фота: oknatrade.ru

У выпадку з тымі будынкамі, якія ўжо існуюць, можна выкарыстоўваць налепкі ў выглядзе белых кропак або любой іншай формы, расклееныя па ўсёй паверхні шкла на адлегласці максімум 10 сантыметраў адна ад другой. Таксама ўжываецца лакіроўка шкла, роспіс фарбамі і эмульсіямі, УФ-маркерамі, якія не бачыць чалавек, але заўважыць птушка.

Прыклады розных патэрнаў, зробленых на шкле з дапамогай апрацоўкі кіслатой / Фота: guardianglass.com

Паводле многіх прыродаахоўнікаў, гэта праблема не толькі птушак. Яны кажуць, што ахова птушак з'яўляецца часткай больш шырокага імператыву: неабходна паменшыць уплыў чалавека на прыроду ў эпоху разбурэння асяроддзя пражывання і змены клімату. Для іх масавая гібель птушак — сімвал таго, як людзі ставяцца да навакольнага свету.

Кожны можа паспрыяць таму, каб менш птушак гінула ад сутыкненняў з шыбамі. Выберыце спосаб, які найлепш падыходзіць для вашага дома ці кватэры, тлумачце сваім дзецям, чаму важна, каб празрыстыя паверхні былі бяспечнымі для птушак.

А магчыма, вы захочаце дамовіцца з адміністрацыяй школы або бізнэс-цэнтра, у якім працуеце, каб зрабіць вокны гэтых будынкаў заўважнымі для птушак?

Клас
20
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
3