Жыхары Івацэвічаў — 59-гадовы бацька і яго 34-гадовы сын — рыбачылі на возеры Журавец. Яны прасвідравалі лёд, але клёву не было.

Тады мужчыны вырашылі знайсці іншае месца, але, калі прайшлі некалькі метраў, не выконваючы дыстанцыі, лёд праламаўся — і абодва рыбакі апынуліся ў вадзе.

Пачуўшы крыкі аб дапамозе, вясковец з Аброва зняў з сябе целагрэйку, адрэзаў вяроўку ад санак і асцярожна папоўз да палонкі. З дапамогай вяроўкі мужчына і выратаваў рыбакоў. Ён пераапрануў іх у сухое адзенне і адправіў дадому, а толькі потым яны паведамілі пра здарэнне ў МНС.

Як аказалася, таўшчыня лёду ў тым месцы была ўсяго 2—3 см, а там, дзе рыбачылі астатнія, — каля 6 сантыметраў.

— Акрамя таго, што была парушаная забарона мясцовых органаў улады аб выхадзе на лёд, у аматараў экстрэмальнай рыбалкі не было з сабой не тое што выратавальных камізэлек, але нават элементарных сродкаў выратавання, — распавяла Аліна Матарніцкая, старшыня Івацэвіцкай арганізацыі Асвода.

Клас
11
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
1