Каму можна даслаць пасылку? 

  • Палітзняволеныя, суд над якімі яшчэ не адбыўся і прысуд не ўступіў у сілу, маюць права атрымліваць бандэролі і пасылкі ў неабмежаванай колькасці. Пасылку такім вязням можа даслаць любы чалавек, у тым ліку з-за мяжы. 
  • Знайсці і выбраць палітвязня, пачытаць падрабязную інфармацыю можна на сайце «Вясны» — prisoners.spring96.org
  • Палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-6 і СІЗА-7, пасылкі лепш не дасылаць, бо там яны залічваюцца ў 30-кілаграмовы ліміт у месяц. 

Заўвага: пасля разгляду апеляцыйнай скаргі (калі яна падавалася) і ўступлення прысуду ў сілу дасылаць пасылкі ў абмежаванай колькасці маюць права толькі родныя. 

Што вы можаце пакласці ў пасылку?

  • зефір, цукеркі, мармелад, пасцілу, халву, шакалад;
  • бульбу хуткага прыгатавання, макароны хуткага прыгатавання, суп хуткага прыгатавання, шматкі (грачаныя, аўсяныя);
  • вяленае мяса, каўбасу (сыравяленую, сыравэнджаную);
  • сыр;
  • каву любую, чай ліставы;
  • арэхі, курагу, фінікі, цукаты;
  • печыва, сухары;
  • цёплыя шкарпэткі;
  • канверты, аркушы паперы, паштоўкі, сшыткі;
  • каляровыя алоўкі, фламастары, шарыкавыя асадкі (чырвоныя забароненыя).

Што дакладна нельга дасылаць? 

  • чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семечкі, казінакі;
  • шматразовыя станкі для галення;
  • бяспечныя нажніцы;
  • шалік;
  • вільготныя сурвэткі, ватныя палачкі;
  • запальнічку;
  • пластыкавы посуд;
  • памэла і грэйпфруты;
  • пекінскую капусту;
  • соль;
  • кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.
  • акварэль.

Якія абмежаванні для пасылак з-за мяжы? 

Да 1 красавіка 2023 года норма адной пасылкі з-за мяжы складае 31 кілаграм, а кошт усяго, што перасылаецца, павінен быць не болей 1000 еўра. Мы раім рабіць невялікія пасылкі коштам да 30-40 еўра. На пошце вас папросяць запоўніць форму і пералічыць, што вы дасылаеце і колькі гэта каштуе. 

Як спакаваць пасылку? 

З усяго, што вы набылі ў пасылку, трэба зняць фабрычную ўпакоўку, зрэзаць цэтлікі, а прадукты харчавання перакласці ў празрыстыя пакеты. Інструкцыю па прыгатаванні і назву прадукту можна выразаць і пакласці ў пакет. Па магчымасці напішыце пералік усяго ўкладзенага ў пасылку на аркушы паперы на рускай ці беларускай мове.

На пошце вы можаце выбраць каробку памеру, які вам падыходзіць, ці выкарыстоўваць сваю. Не забудзьце напісаць усе даныя палітвязня, у тым ліку імя па бацьку і адрас утрымання. Звычайна пасылку можна адсочваць па штрых-кодзе, які выдаюць на пошце. Так вы даведаецеся, што яна не згубілася і трапіла да вязня.

Уявіце неверагодную ўдзячнасць і радасць чалавека, які атрымае вашу пасылку. Гэта знак таго, што пра яе ці яго не забылі, знак падтрымкі і веры ў вольную Беларусь. 

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0