Фота: БелТА

Фота: БелТА

«Я бачу, цяпер нагнятаецца сітуацыя. Асабліва пасля гэтых маштабных перамоў (маючыя адбыцца 19 снежня перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Мінску — НН) усе будуць казаць, што ўсё: ужо ў Беларусі няма ўлады, тут ужо расіяне пешшу ходзяць і кіруюць краінай. Яшчэ раз хачу падкрэсліць гэтую асаблівасць: ніхто, акрамя нас, Беларуссю не кіруе. Гэта нашы функцыі па Канстытуцыі, і мая ў тым ліку. Мы рэалізоўваем гэтыя функцыі», — заявіў ён.

«Шмат хто ў нас тут пачынае шаптацца, калі не атрымліваецца дамовіцца, што Расія ставіць непрымальныя для нас умовы, звязаныя з нашай незалежнасцю і суверэнітэтам. Абсалютна шчыра кажу: пры ўсіх складанасцях, калі Расійская Федэрацыя — кіраўніцтва — хоча будаваць адносіны з незалежнай суверэннай дзяржавай Беларусь, калі Расія ўспрымае нас як суверэнную і незалежную дзяржаву (але вельмі блізкую, вельмі надзейную, дзе ўсё рускае — ад мовы да расійскіх традыцый — свята ўшаноўваецца), мы гатовыя выбудоўваць адносіны. Але мы павінны заўсёды зыходзіць з таго, што мы — дзяржава суверэнная і незалежная», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паўтарыў сваё даўняе сцвярджэнне, што Беларусь у свой час была гатовая і далей жыць і працаваць у рамках Савецкага Саюза, але, тым не менш, здабытыя суверэнітэт і незалежнасць непарушныя: «Мы гатовыя былі ў адной дзяржаве жыць, служыць, працаваць. Імя яе — Савецкі Саюз. Усё было на маіх вачах. Але не мы яго разбурылі. І адкуль пайшлі тэндэнцыі да разбурэння гэтай дзяржавы, і пра прычыны гэтага разбурэння мы шмат ведаем. Таму нам, хай нечакана, дасталіся гэтыя суверэнітэт і незалежнасць. Мы свята павінны захоўваць. Таму што гэтага хоча беларускі народ».

Таксама Лукашэнка заявіў пра важнасць захавання той залежнасці ад Расіі, у якой Беларусь існуе цяпер.

«Але мы ніколі не будзем ворагамі Расіі. І ніколі коса ў бок Расіі глядзець не будзем. Гэта самая блізкая нам дзяржава, самыя блізкія нам народы. Думаю,

пакуль мы з вамі ля ўлады, мы будзем прытрымлівацца такой тэндэнцыі. Калі б было інакш, было б, як ва Украіне, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Усе гэта разумеюць, але не ўсе могуць пра гэта казаць».

«Тыя, хто збег, ім трэба зарабляць грошы на жыццё. Грошы хтосьці даў, сказаў, як сказаць, — яны кажуць. Таму суверэнітэт і незалежнасць непарушныя. І ўсякія размовы ў нас ці там (за мяжой) — інакш гэта значыць здрада інтарэсам беларускага народа», — заявіў Лукашэнка.

«Так, мы з Расіяй як суверэнная і незалежная дзяржава. Я гэта кажу спакойна, ведаючы пазіцыю прэзідэнта Расіі. Мы нават гэтае пытанне зараз не абмяркоўваем. Мы аднойчы адсеклі і дамовіліся, як будзем дзейнічаць, падпісаўшы гэтыя 28 праграм. Там няма замаху ні ў адной праграме на нашы суверэнітэт і незалежнасць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
9
Панылы сорам
98
Ха-ха
47
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
129