Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

«У Лукашэнкі няма шанцаў адмовіцца ад рашэння Пуціна, калі той яго прыме»

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначае, што Пуцін і Лукашэнка заўсёды сутракаюцца перад Новым годам. Такія сустрэчы праводзяцца ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы і носяць рэгулярны характар. Таму ў самой сустрэчы няма нічога новага.

«Але той факт, што падчас візіту Пуціна ў Беларусь на нашай тэрыторыі знаходзяцца расійскія войскі, тэхніка, мабілізаваныя і праводзяцца вайсковыя вучэнні, выклікае засцярогі. Фактычна мы бачым рэалізацыю пагрозы прымянення сілы супраць Украіны», — лічыць Латушка. 

Палітык лічыць, што пагроза паўнавартаснага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны павялічваецца.

«Наколькі нам вядома з нашых крыніц, падчас нечаканага візіту Сяргея Шайгу ў Мінск былі падпісаныя дакументы, згодна з якімі ў сітуацыі перафарматавання «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ў вайну кіраванне аб’яднанай групоўкай вайскоўцаў пераходзіць у рукі Расіі. 

Лукашэнку патрэбен фармальны дакумент, бо ён хоча, каб былі «паперкі».

Але Лукашэнка не хоча проста выйсці і аб’явіць, што заўтра вайна. Таму ён робіць усё паступова, каб не паўтарыць памылкі Расіі. Пра рост пагрозы нападу з тэрыторыі Беларусі днямі казаў і генерал Залужны», — адзначае Латушка. 

У дзеяннях Лукашэнкі Павел Латушка хутчэй бачыць спробу як мага лепей падрыхтавацца да нападу, чым спробу адцягнуць час, каб у выніку не прымаць непасрэдны ўдзел у вайне.

Фота: AP

Фота: AP

«Палітыкі, якія лічаць, што Лукашэнку трэба даць час, каб ён змог выкруціцца, робяць вялікую памылку. Яны такім чынам фактычна даюць Пуціну і Лукашэнку час, каб лепей падрыхтавацца. 

У Лукашэнкі няма ніякіх шансаў адкруціцца ад Пуціна. Уся эканамічная сістэма, усе прадпрыемствы, пастаўкі прадуктаў — усё скіравана на Расію. У яго няма шанцаў адмовіцца ад рашэння Пуціна, калі ён яго прыме, пачаць агрэсію з боку Беларусі», — упэўнены Латушка. 

«Напружванне сітуцыі вакол Беларусі — элемент ціску на Украіну»

Што тычыцца менавіта бягучай сітуацыі, то, на думку Латушкі, Пуцін спрабуе выкарыстоўваць яе для таго, каб з дамамогай Лукашэнкі павялічыць ціск на Украіну і паспрабаваць прымусіць яе сесці за стол перамоваў на сваіх умовах. 

«Пагроза другой спробы нападу з тэрыторыі Беларусі прымушае ўкраінскі бок засяроджваць на паўночных межах значную колькасць вайскоўцаў і тэхнікі. Гэта выгадна для Расіі.

Пакуль яны спрабуюць ціснуць менавіта такім чынам. Аднак Украіна не пагодзіцца на такія перамовы, бо тут стаіць пытанне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Яны маюць поўнае юрыдычнае і маральнае права адстойваць свае інтарэсы і не пагаджацца сядаць за стол перамоваў на ўмовах Масквы. Трэба разумець, што Украіна цяпер змагаецца не толькі за сябе, але і за нас і ўсю Еўропу ў цэлым.

Праз гэта імавернасць нападу з тэрыторыі Беларусі з удзелам лукашэнкаўскай арміі будзе расці. Гэта можа адбыцца, як кажуць розныя крыніцы, той жа генерал Залужны, напрыканцы лютага або ў пачатку сакавіка наступнага года», — лічыць Латушка.

Палітык упэўнены, што менавіта пытанні ўдзелу Беларусі ў вайне і будуць ключавымі на сустрэчы ў Мінску. 

«На ўзроўні ўрадаў, канешне, будуць абмяркоўваць і іншыя пытанні, але калі мы кажам пра такія праекты, як імпартазамяшчэнне, то па нашым аналізе ўся эканоміка Беларусі зараз будзе пераходзіць на рэйкі мілітарызацыі. Усе гэтыя імпартазамяшчальныя праекты звязаны менавіта з вытворчасцю дадатковага ўзбраення.

Па нашай інфармацыі, ідуць актыўныя фінансавыя ўкладанні, каб наладзіць у Беларусі вытворчасць дронаў. У Іран лётаў яшчэ Макей, пасля прэм'ер Галоўчанка. Туды лётае дэлегацыя за дэлегацыяй. Ідзе падрыхтоўка да працяглай вайны, дзе ў патрэбны Пуціну момант мусяць падключыцца і Узброеныя Сілы Беларусі», — лічыць палітык. 

«Гэта хутчэй рэверанс з боку Масквы»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе інакш. Ён разважае, што Пуцін наўрад ці ляціць у Мінск, каб заламаць рукі Лукашэнку і прымусіць яго ўвесці свае войскі ва Украіну. Сам факт такога візіту аналітык хутчэй называе рэверансам з боку Масквы, хоць і не адмаўляе, што ад Крамля можна чакаць чаго заўгодна.

«Але найхутчэй Пуцін такім чынам проста падкрэслівае, што ён цэніць свайго фактычна апошняга хаўрусніка.

Фота: Dmitry Azarov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Фота: Dmitry Azarov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Цяпер так званыя «ворагі рэжыму» шмат пішуць, што Лукашэнка стаў марыянеткай, што Беларусь акупаваная, што ён не мае ніякай самастойнасці, рэгулярна ездзіць на паклон да Пуціна ў Сочы і Маскву. А тут ужо сам маскоўскі «цар» вырашыў прыехаць, такім чынам ён выказвае павагу і падкрэслівае фармальнае раўнапраўе», — лічыць аглядальнік.

На думку Класкоўскага, не варта гіпербалізіраваць меркаванне, што Пуцін пастаянна прымушае Лукашэнку адправіць сваё войска ва Украіну, а той гераічна адбіваецца.

«Такая міфалогія вельмі часта раскручваецца ў медыя, у тым ліку ў незалежных. Гэта нават грае Лукашэнку на руку, бо такім чынам у нейкім сэнсе выглядае, што ён змагаецца за незалежнасць і з’яўляецца самастойным гульцом», — кажа Класкоўскі.

Аглядальнік мяркуе, што калі палітыкі паміж сабой і спрачаліся на гэту тэму, то, верагодна, Лукашэнку ўдалося пераканаць Пуціна, што Беларусі не варта гэтага рабіць з шэрагу прычын.

«Магчыма, Лукашэнка пераканаў яго, што беларускім вайскоўцам лепей заставацца на сваіх пазіцыях, каб абараняць заходнія межы ад НАТА, каб тыя не стрэлілі ў спіну рускім.

Фота: АР

Фота: АР

Верыць Пуцін у гэта ці не — дакладна не вядома, але ён, як чалавек канспіралагічнага мыслення з антызаходнімі стэрэатыпамі, сапраўды можа пагадзіцца з такой пазіцыяй. Цалкам верагодна, што ён можа думаць, што лепей не ўцягваць гэтую жменьку беларускіх вайскоўцаў ва Украіну, каб не будзіць ліха».

На думку Класкоўскага, іншы важны момант, які стрымлівае Лукашэнку і Пуціна ад паўнавартаснага ўдзелу беларускіх войскаў, заключаецца ў тым, што ў беларускіх вайскоўцаў няма выразнага настрою ісці ваяваць супраць Украіны.

«Апроч гэтага, Лукашэнка ведае, што гэтыя ідэі не падтрымліваюцца большасцю грамадства. Праз гэта вынікае, што шкоды ад уцягвання ў вайну беларускіх войскаў можа быць нашмат больш, чым карысці. Тым больш, што нават сам Лукашэнка казаў, што можа, калі што, паслаць 35—40 тысяч чалавек на фронт, але сэнсу ў гэтым няма. Бо відавочна, што гэта не тая крытычная маса, якая можа змяніць сітуацыю на фронце. А вось дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры Беларусі такі крок можа», — адзначае Класкоўскі.

Аналітык не выключае, што ў прыватных размовах Лукашэнка казаў Пуціну пра гэта. 

Таму, на думку Класкоўскага, цяпер няма сведчанняў таго, што Пуцін ляціць у Мінск, каб прымусіць Лукашэнку адправіць сваіх вайскоўцаў на вайну. 

«Нават калі яны дыскутуюць на гэтую тэму, то Пуцін узважвае ўсе «за» і «супраць» і разумее, што, напэўна, лепей працягваць выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм і крыніцу тылавога забеспячэння сваёй арміі», — лічыць эксперт.

Апроч гэтага не трэба забывацца пра тое, што нават сам факт стварэння напружанасці на мяжы Беларусі і Украіны дае плён Расіі. Украіна вымушаная трымаць войскі на паўночных межах, каб быць гатовай да паўторнага нападу з тэрыторыі Беларусі. 

Таксама на карысць таго, што Пуцін не мае намеру схіляць Лукашэнку да адпраўкі вайскоўцаў ва Украіну, гавораць і паводзіны ў эканамічнай галіне.

«Звычайна, калі Расіі трэба было схіліць Беларусь да прыняцця пэўных рашэнняў, паміж краінамі пачыналіся так званыя «газавыя», «нафтавыя» ці «малочныя» войны. Пуцін ціснуў на Лукашэнку эканамічна, каб схіліць яго прыняць патрэбнае для яго рашэнне. Сёння мы не бачым такога», — адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Што тычыцца сённяшняй заявы Лукашэнкі па газавай тэме, то аналітык не выключае, што падчас візіту Пуціна ў Мінск гэтае пытанне будзе вырашана на карысць Лукашэнкі. 

«Чыноўнікі не дамовіліся, таму паспрабуюць дамовіцца «правадыры». Пуцін можа зрабіць шырокі жэст, даўшы танны газ на 2023 год, калі Лукашэнка, у сваю чаргу, згодзіцца на тыя ці іншыя ўмовы Крамля (эканамічныя, палітычныя, вайсковыя)», — мяркуе Класкоўскі.

Чытайце таксама: 

Вайсковыя вучэнні ў Беларусі працягнулі да 26 снежня

ЗША не бачаць прыкмет падрыхтоўкі расійскага наступу на Кіеў

У Гаазе экс-камандзіра арміі Косава асудзілі на 26 гадоў турмы за катаванні 

Клас
19
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
9
Абуральна
21