Андрус Кубілюс. Фота: Domantas Pipas / Delfi

Андрус Кубілюс. Фота: Domantas Pipas / Delfi

«Латышы закрылі расійскі апазіцыйны тэлеканал «Дождь». Перад гэтым яго выгнаў з Масквы Пуцін. Латышы могуць мець сваю думку, наколькі такое рашэнне было юрыдычна і палітычна апраўдана. На думку Расы Юкнявічэне (дэпутат Еўрапарламента ад кансерватараў) і маю, такое рашэнне не было ні вельмі правільным, ні стратэгічна разумным.

Але гэтае рашэнне выклікала ў Літве масу публічных рэакцый, большая частка якіх была аднолькавай: так ім і трэба, таму што яны ўсе імперыялісты. Усе рускія — агенты імперыі зла», — напісаў Кубілюс.

«Расійская ліберальная апазіцыя адказала такой жа гнеўнай рэакцыяй без нюансаў. Гэта яшчэ больш раззлавала і літоўцаў, і латышоў», — дадаў ён.

Усе гэтыя рэакцыі, па словах палітыка, і падштурхнулі яго да напісання тэксту.

«Я лічу, што такая рэакцыя паказвае, якія праблемы ў мысленні, ва ўстаноўках маем мы самі. Псіхолагі называюць гэта праблемай псіхалагічных комплексаў. Некаторыя з іх могуць прывесці да сур'ёзных захворванняў грамадства. І пра гэта трэба казаць адкрыта. Таму што некаторыя з іх могуць мець істотныя негатыўныя наступствы, у першую чаргу для нас саміх і нашай ролі ў рэгіёне.

Мы самі павінны аналізаваць свае праблемы. Гэтак жа, як і расійская апазіцыя павінна спачатку разабрацца са сваімі праблемамі.

Мы часта адчуваем сябе і большымі праведнікамі, і лепшымі за расійскую апазіцыю, таму схільныя ў першую чаргу вырашаць іх праблемы, а не свае. Гэта не здаровае стаўленне. Вось чаму я пачынаю разглядаць у першую чаргу нас саміх. Не расійскую апазіцыю».

Кубілюс заявіў, што спачатку паспрабуе пазначыць асноўныя погляды, устаноўкі і асноўныя «літоўскія «рускія» комплексы», якія асабліва выразна праявіліся ў кантэксце гісторыі «Дождя». Яны, па словах Кубілюса, памылковыя.

Палітык заклікае не выключаць магчымасці таго, што Расія стане дэмакратычнай

«Устаноўка 1. Расія несумяшчальная з дэмакратыяй.

Многія як у Літве, так і наогул на Захадзе перакананыя ў тым, што Расія ў сваіх традыцыях дзяржаўнасці зусім не падыходзіць для дэмакратыі. Пераняўшы ад татара-мангольскага нашэсця многія дзяржаўныя інстытуты, яна вечна жыла пад кіраваннем самадзяржаўя, цароў, генсекаў або аўтарытарных прэзідэнтаў, у ёй ніколі не было сапраўднага парламентарызму, законнасці, міжінстытуцыйных сістэм стрымак і супрацьваг. У Расіі ніколі не было нічога падобнага да Вялікай Французскай рэвалюцыі, пастулаты якой стварылі цяперашні Захад. Таму Захаду трэба перастаць наіўна марыць пра дэмакратычную Расію.

Варта адзначыць, што Пуцін паслядоўна спрабуе пераканаць Захад паверыць у тую ж самую ўстаноўку, што ў Расіі няма ніякіх шанцаў стаць дэмакратыяй. Сваімі дзеяннямі ён фактычна стварыў і працягвае ствараць аблічча дзікай, азіяцкай Расіі, якая атручвае сваіх праціўнікаў, агрэсіўнай дзяржавы з ядзернай бомбай у руках. У такой дзяржаве, на думку Пуціна, ніколі не будзе дэмакратыі, і таму Захад павінен перастаць наіўна гаварыць пра перспектывы дэмакратыі ў Расіі, таму што гэта можа нерваваць, правакаваць Пуціна, і ён зноў пачне пагражаць ядзернай зброяй.

На думку Пуціна, Захад проста павінен прыстасавацца, адаптавацца да такой Расіі, якая яна ёсць цяпер, а значыць, Захад проста абавязаны падтрымліваць дыялог з Пуціным, незалежна ад таго, як ён сябе паводзіць.

Макрон з'яўляецца прыкладам таго, што заходнія лідары схільныя прымаць такую дактрыну, навязаную Пуціным, і схільныя прыстасоўвацца да яе, паколькі Макрон не верыць, што Расія можа быць іншай. Наступствам гэтага з'яўляецца тое, што некаторыя заходнія лідары па-ранейшаму схільныя геапалітычна «ахвяраваць» Украінай, каб толькі можна было б «падстроіцца» пад Пуціна. Падтрымкай Украіны, маўляў, не трэба раздражняць і правакаваць Пуціна. Таму што Пуцін і Расія дзікія, ніколі не будуць іншымі, і ў іх яшчэ ёсць жахлівая ядзерная бомба.

Можна па-рознаму ацэньваць аргументы, заснаваныя на гістарычным дэтэрмінізме, што Расія ніколі не зможа стаць дэмакратыяй, таму што яе ранейшая гісторыя нібыта ёй перакрывае шлях да дэмакратыі.

Я ў такія аргументы не веру, таму што бачу шмат прыкладаў, калі краіны ці народы, якія не мелі да гэтага дэмакратычнага досведу, ператварыліся ў дэмакратыі ў канцы ХХ стагоддзя і працягваюць паспяхова з гэтым спраўляцца.

Адна з іх — Манголія, прарадзіма манголаў і татараў, якая сёння, паводле многіх сусветных даследаванняў, выглядае не так ужо кепска з пункту гледжання паказчыкаў здаровай дэмакратыі. Другі прыклад — Тайвань, які дэманструе выдатную здольнасць да дэмакратычнага кіравання, нягледзячы на тое, што яго асноўная нацыя — кітайцы, а ў многіх прыхільнікаў гістарычнага дэтэрмінізму ёсць сотні аргументаў, чаму Кітай, кітайцы і канфуцыянства несумяшчальныя з дэмакратыяй.

Такім чынам, першая парада адносна нашых «рускіх» комплексаў — не верце, што Расія ніколі не стане дэмакратыяй. Ці хаця б сумнявайцеся ў словах тых, хто гэта ўпарта сцвярджае. Таму што гэта сцвярджае і Пуцін», — сказаў на заканчэнне разгляду гэтай устаноўкі дэпутат Еўрапарламента.

Выказвае надзею, што літоўцы не пойдуць шляхам нацыстаў

«Устаноўка 2. Рускія людзі не прыстасаваныя да дэмакратыі.

Мы часта чуем заявы аб тым, што рускія проста не здольныя да дэмакратыі: усе яны прагнуць аднаўлення імперыі, усе яны падтрымліваюць Пуціна і яго вайну супраць Украіны. Рускія — цёмны, неадукаваны народ, ватнікі, з прасякнутымі і адурманенымі прапагандай мазгамі. Дэмакратычных інстынктаў у іх няма і ніколі не будзе, так што давайце не будзем цешыць сябе ілюзіямі адносна дэмакратычных перспектыў Расіі.

Так мы самі міжволі становімся ні кім іншым, як звычайнымі расістамі.

Таму што такое стаўленне азначае, што, з нашага пункту гледжання, рускія — нацыя, якая знаходзіцца на ніжэйшай ступені развіцця, сапраўды гэтак жа, як некаторыя да гэтага часу думаюць пра чарнаскурых у Амерыцы ці Афрыцы. І што яны ніколі не падымуцца з гэтай больш нізкай ступені.

Мы свядома ці міжволі пачынаем лічыць сябе нацыяй больш высокай генетычнай якасці ў параўнанні з рускімі. Пуцін, наадварот, сцвярджае, што толькі рускія з'яўляюцца «абраным народам» і таму, на яго думку, рускія могуць знішчаць украінцаў.

Спадзяюся, што мы, па-першае, своечасова спынімся і не пойдзем нацысцкім шляхам ацэнкі і дзялення іншых народаў па якасці, адпраўляючы ў газавыя камеры прадстаўнікоў «непадыходзячай якасці».

Па-рознаму ўсё з гэтымі рускімі. Як і з літоўцамі.

Я памятаю простых расіян, якія вялізнымі дэманстрацыямі змагаліся за дэмакратыю ў Расіі ў часы Гарбачова. І тых, хто падтрымліваў незалежнасць Літвы.

Я не веру, што такія гены можна прапіць. Яны могуць быць «заасфальтаваныя» катком дыктатуры і пераследаў, але яны нікуды не падзенуцца. І вырываюцца з велізарнай сілай, калі гэта магчыма. Як гэта было летам 2020 года ў Беларусі.

Вось што палохае Пуціна. Менавіта таму ён і пачаў вайну, каб прыклад беларускай рэвалюцыі і поспехаў Украіны не заразіў простых расіян», — працягнуў Кубілюс.

Мы паддаёмся дэмагогіі самазадаволеных еўрапейцаў

«Устаноўка 3. Простыя расіяне і апазіцыя не ваююць са зброяй супраць крамлёўскага рэжыму.

Усё часцей чутныя скаргі літоўцаў, што не толькі простыя расіяне, але і лідары ліберальнай апазіцыі не пратэстуюць на вуліцах супраць крамлёўскага рэжыму, не бяруць у рукі зброю і, хай гэта будзе ў самой Расіі ці ва Украіне, не ідуць на фронт супраць злачыннай агрэсіі, накіраванай на аднаўленне імперыі. Мабілізаваныя расіяне сотнямі тысяч ці мільёнамі аддаюць перавагу ўцёкам з Расіі, але не праводзіць акцыі непадпарадкавання ў самой Расіі, якія расхіствалі б рэжым да асноў.

Сапраўды, такіх масавых пратэстаў у Расіі не відаць. Гэта дазваляе літоўцам — такім «салонным» ці «шампанскім» рэвалюцыянерам — даваць парады ліберальнай апазіцыі, якая ўцякла ад пуцінскага пераследу, што ёй лепш «узяць стрэльбы», вярнуцца ў Расію і пачаць там сапраўдную барацьбу.

Тым самым як бы кажам, што мы то ўжо сапраўды на іх месцы абавязкова зрабілі б менавіта так. Таму што мы ж гераічна заваявалі сваю незалежнасць і дэмакратыю, мы збіраліся на велізарныя дэманстрацыі, на Балтыйскі шлях і такім чынам разбурылі савецкую імперыю і камуністычную дыктатуру.

Мы неяк вельмі лёгка паддаёмся на такую дэмагогію самазадаволеных еўрапейцаў. Забываемся, што да гарбачоўскай перабудовы мы не адважваліся ні выходзіць на масавыя мітынгі, ні неяк інакш выказваць пратэст.

Былі смелыя дысідэнты, якіх саджалі і пераследавалі, быў Каланта і яго пратэснае пахаванне [у 1972 годзе 19-гадовы Ромас Каланта здзейсніў акт самаспалення ў Коўне, і ягонае пахаванне вылілася ў палітычную дэманстрацыю. — Рэд.], але літоўцы, мабілізаваныя ў савецкую армію, не пратэставалі і не ўцякалі ні ад яе, ні ад мабілізацыі, калі гэтая армія акупавала Чэхаславакію ці ўварвалася ў Афганістан. Сёй-той у Літве і цяпер ганарыцца сваім «афганскім» досведам.

Чаму ж тады ў нас не хапіла мужнасці, якой мы цяпер хочам навучыць расійскую апазіцыю? Таму што мы па-чалавечы баяліся пераследу, турмы, псіхушкі ці проста бязлітасна разбуранай прафесійнай кар'еры.

Таму мы і паўсталі толькі тады, калі паверылі, што гарбачоўская перабудова азначае, што за ўдзел у мітынгу больш не пасадзяць у турму. А ў Расіі цяпер саджаюць. За пост у фэйсбуку можна атрымаць 8 гадоў катаржных работ. Ці цябе могуць проста атруціць «Навічком».

Дык, можа, перастанем вучыць расіян, не ўстаючы з канапы, як змагацца з такім тэрарыстычным рэжымам? Таму што мы самі не змагаліся, калі былі паняволеныя. І цяпер толькі адзінкі з нас сталі бы змагацца», — разважае А. Кубілюс.

Сцвярджае, што частка калектыўнай адказнасці ляжыць на Захадзе

«Устаноўка 4. Усе расіяне калектыўна вінаватыя ў вайне супраць Украіны, таму апазіцыя таксама павінна быць пакараная.

Калі бачыш жудасныя ваенныя злачынствы рускай арміі ў гарадах Буча, Ірпень, Ізюм, несумненна, першае і самае простае сцвярджэнне, якое прыходзіць у галаву — вінаватыя ўсе расіяне. Аднолькава. Таму што яны дапусцілі Пуціна да ўлады, дазволілі Пуціну стаць дыктатарам, стаць агрэсарам, яны не пратэставалі, не змагаліся з гэтым злачынным рэжымам, які сёння тэрарызуе Украіну вайной, катаваннямі, згвалтаваннямі, забойствамі, а турмамі і «навічкамі» тэрарызуе расійскую апазіцыю.

Ну, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што частка гэтай калектыўнай віны за цяперашняга Пуціна кладзецца і на Захад, таму што Захад увесь час ішоў Пуціну на ўступкі, дамагаўся дыялогу і аднаўлення стасункаў нават пасля вайны з Грузіяй у 2008 годзе або акупацыі Крыма ў 2014-м.

Таму што большая частка Еўрасаюза дазволіла Крамлю пасадзіць сябе на іголку таннага газу, Паўночнага патоку і яхтаў Абрамовіча. Так з'явіўся цяперашні Пуцін, калі на Захадзе ўмацавалася парадыгма «толькі не правакаваць Пуціна»: не трэба правакаваць Крэмль заходняй падтрымкай інтэграцыі Украіны, барацьбой за свабоду слова або выбараў у Расіі, барацьбой супраць атручвання Навальнага.

Захад не рэагаваў на злачынствы Пуціна, таму Пуцін усё больш агрэсіўна рэагаваў на бяздзейнасць Захаду. Мы можам апраўдвацца тым, што мы, літоўцы, рэагавалі і гучна крычалі. Сёння многія на Захадзе прызнаюць, што мы мелі рацыю. Але гэта не дазваляе нам адчуваць сябе праведнікамі, таму што мы частка калектыўнага Захаду і ў добрых, і ў не самых добрых справах.

Вядома, апраўдваць злачынствы Пуціна проста абыякавасцю або пакорлівасцю Захаду было б памылкай. Аднак і ўсіх рускіх ператвараць у аднолькавых суб'ектаў калектыўнай віны было б памылкова.

Пра гэта мы, некалькі дэпутатаў Еўрапарламента і некалькі добра вядомых заходніх экспертаў нядаўна пісалі ў тэксце «Калектыўная віна — дылема пакарання расійскай апазіцыі». У гэтым тэксце мы прадставілі гістарычны прыклад таго, як змянялася стаўленне Захаду да калектыўнай віны немцаў за злачынствы нацысцкай Германіі.

Вось цытата са згаданага тэксту: «У першыя гады пасля разгрому гітлераўскай Германіі ў 1945 годзе канцэпцыя «калектыўнай віны», якая абвінавачвала ўсіх немцаў у нацысцкай агрэсіі, была стратэгіяй саюзнікаў у адносінах да нямецкага народа. З гэтай стратэгіяй было наўмысна скончана, калі стала ясна, што такая стратэгія можа стаць перашкодай для стварэння дэмакратычнай Германіі. Стратэгія «калектыўнай віны» была замененая на больш індывідуальную стратэгію, і немцы, якія відавочна выступалі супраць нацысцкага рэжыму, былі цалкам інтэграваныя ў працу па пераўтварэнні Германіі».

Мы павінны самі сабе адказаць на пытанне,

што важней для нас і для ўсяго Захаду: прытрымлівацца ўстаноўкі, што ўсе расіяне «калектыўна адказныя» і «калектыўна вінаватыя» ў злачынствах Пуціна, ці сапраўды клапаціцца пра тое, як разам з апанентамі Пуціна змагацца супраць Пуціна, а пасля перамогі над ім — агульнымі намаганнямі ствараць іншую, нармальную Расію», — пракаментаваў дэпутат Еўрапарламента.

Заклікае клапаціцца пра дэмакратыю ў Расіі

«Устаноўка 5. Дэмакратыя ў Расіі можа быць небяспечная для нас, таму што Расія зноў стане мацнейшай.

Многія з нас разумеюць, што Расія на чале з аўтарытарным Пуціным становіцца ўсё больш слабай палітычна, эканамічна і тэхналагічна. Гэта разумее і Пуцін, і гэта адна з галоўных прычын ягонай агрэсіі. Зразумела таксама, што перамены ў Расіі па меры яе вяртання на дэмакратычны шлях развіцця створаць для Расіі магчымасці вярнуцца на сусветныя рынкі і на нармальны шлях мадэрнізацыі.

Цалкам верагодна, што ў гэтым выпадку рэалізацыя ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі «зялёнага пакта» для Еўропы прымусіць і Расію трансфармаваць сваю эканоміку і адмовіцца ад поўнай залежнасці ад экспарту нафты і газу. Гэта дазволіла б Расіі стаць эканамічна паспяховай і моцнай дзяржавай.

Аднак ёсць літоўцы, якія лічаць, што лепш хай Расія застанецца без дэмакратыі, таму што калі дэмакратыя ўмацуе эканамічную моц Расіі, то гэтага нам не трэба, таму што небяспечна.

Прыступы такога літоўскага страху, што экспансія дэмакратыі на ўсход ад нас можа быць нам не патрэбная, паўтараюцца кожныя некалькі гадоў, кожны раз, калі ў нашым рэгіёне пачынаюць хістацца асновы аўтарытарных рэжымаў.

Так, некалькі гадоў таму, летам 2020 года, нашы эксперты гучна крычалі, што Літва здзяйсняе вялікую памылку, падтрымліваючы беларускую апазіцыю і Святлану Ціханоўскую. Таму што так Лукашэнка аслабляецца, а Лукашэнка нібыта адзіны гарант суверэнітэту Беларусі. Сёння мы ўсе бачым, куды гэты «гарант» завёў Беларусь, але ніхто не адважваецца прызнаць, што тады не меў рацыі.

Нядзіўна, што такія погляды ў нашых краях не рэдкасць. На днях высветлілася, што такія думкі меў і латыш Іварс Абаліньш, які сёння ўзначальвае латвійскую Нацыянальную раду электронных сродкаў масавай інфармацыі (NEPLP), якая нядаўна адклікала ліцэнзію ў «Дождя».

СМІ паведамляюць, што ў 2014 годзе ён публічна выступіў супраць рэвалюцыі на Майдане, асудзіўшы яе падтрымку, паколькі лічыў, што інтэграцыя Украіны ў Еўрасаюз была б небяспечнай, паколькі многія рускамоўныя апынуцца ў Еўропе. Яму таксама здавалася, што пуцінскі рэжым падыходзіць Расіі, бо сваёй аўтарытарнай уладай ён абараняе Расію ад распаду, а такі распад зноў жа мог бы быць небяспечны для Еўропы.

Праўда, цяпер той жа Іварс Абаліньш, калі гэтыя яго ранейшыя словы ўспомнілі пасля яго рашэння закрыць «Дождь», публічна прызнаў, што тады памыляўся, і папрасіў прабачэння.

Спрабуючы адказаць на гэтыя аргументы страху перад дэмакратыяй у Расіі, мы павінны перш за ўсё адказаць на пытанне, чаму эканамічна слабая Расія не з'яўляецца для нас нейкім дабром, да якога мы павінны імкнуцца і ў імя якога мы павінны супраціўляцца перспектывам дэмакратычнага пераўтварэння Расіі.

Сусветна вядомыя акадэмікі-палітолагі даўно даказалі, што дэмакратыі не ваююць адна з другой. А ў тым, што аўтарытарныя рэжымы схільныя да ваеннай агрэсіі, мы яшчэ раз пераканаліся пасля 24 лютага.

Так што з пункту гледжання нашай уласнай бяспекі расійская дэмакратыя пайшла б нам на карысць.

Тыя ж акадэмікі даказалі, што дэмакратыя больш устойлівая ў краінах, досыць багатых і эканамічна развітых (гэта не адносіцца да краінаў — экспарцёраў нафты або газу). Беднасць і дэмакратыя з цяжкасцю спалучаюцца, таму што беднасць спараджае палітычны радыкалізм.

Добра вядомы балючы вопыт Германіі: пасля паразы ў Першай сусветнай вайне Германія збяднела за кошт надзвычай буйных рэпарацый, якія знакаміты Джон Мейнард Кейнс лічыў несправядлівымі і небяспечнымі. Гэтаму яшчэ спрыяў сусветны крызіс 1929 года, у выніку якога далікатная дэмакратыя Веймарскай рэспублікі рассыпалася, адкрыўшы Гітлеру шлях ва ўладу.

Таксама варта згадаць досвед Захаду пасля Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў 1944 годзе, калі саюзнікі абдумвалі, што рабіць з эканомікай пераможанай Германіі, быў ухвалены план, складзены міністрам фінансаў ЗША Генры Маргентау, вядомы як «план Маргентау», які прадугледжваў знішчэнне цяжкай прамысловасці Германіі і падзел Германіі на некалькі незалежных дзяржаў. У аснове такога плана ляжала ўласная галоўная ўстаноўка Маргентау і яго паплечнікаў, што толькі такім чынам можна будзе пазбегнуць таго, што пасля вайны эканамічна падужэлая Германія пачне гадоў праз дзесяць Трэцюю сусветную вайну.

У адным з мемарандумаў, якія ўхваляюць «План Маргентау», гаварылася, што вайсковая прамысловасць у германскіх Рурскай і Саарскай абласцях (асноўных прамысловых раёнах) павінна быць знішчаная, а сама Германія з часам павінна ператварыцца ў краіну па сваім характары пераважна аграрную.

Але пасля вайны амерыканцы вельмі хутка зразумелі, што такі план быў зусім няслушным, таму што ён выракаў бы немцаў на доўгі перыяд галечы, што адкрыла б шлях да перамогі на выбарах розным радыкалам, уключаючы камуністаў, што падтрымліваліся б Сталіным.

Таму ўжо ў 1946 годзе Злучаныя Штаты і прэзідэнт Гары Трумэн пачалі ўсведамляць, што галоўная мэта ЗША ў пасляваеннай Еўропе — абарона дэмакратый ад замахаў на іх Сталіна, і хутка адмовіліся ад рэалізацыі дактрыны Маргентау і любыя намёкаў на разбурэнне эканомікі Германіі ці яе тэрытарыяльны падзел.

Дзяржаўны сакратар ЗША Джэймс Бірнс 6 верасня 1946 года ў Штутгарце сказаў знакамітую прамову, якую самі немцы назвалі «прамовай надзеі», у якой ён фактычна «пахаваў» план Маргентау і пазначыў перспектыву незалежнай, дэмакратычнай і эканамічна моцнай Германіі.

У 1947 годзе ЗША абвясцілі дактрыну Трумэна і План Маршала, рэалізацыя якіх была накіраваная на эканамічнае аднаўленне пасляваеннай Еўропы (уключаючы Германію), а за ўсім гэтым стаяла выразная геапалітычная мэта — абараніць еўрапейскія дэмакратыі ад радыкалізму выбаршчыкаў, расчараваных пасляваеннымі цяжкасцямі, і тым самым ад сталінскай камуністычнай экспансіі.

Такім чынам, калі мы хочам большай бяспекі для сябе, мы павінны паклапаціцца пра дэмакратыю ў Расіі. А для гэтага трэба, каб дэмакратычная Расія мела магчымасці эканамічна развівацца і стаць моцнай эканомікай.

Таму сёння, калі мы думаем, як Захаду давядзецца паводзіць сябе з Расіяй, якая прайграла вайну, мы павінны разглядаць не «Планы Маргентау» для такой Расіі, а нешта падобнае да Плана Маршала для дэмакратычнай Расіі. Таму што толькі гэта дапаможа стабілізаваць адроджаную пасля прайгранай вайны расійскую дэмакратыю, калі такое адраджэнне адбудзецца.

Пра гэта мы пісалі разам з заходнімі і расійскімі апазіцыйнымі экспертамі ў спецыяльна прысвечаным гэтаму тэксце «Адносіны ЕС з будучай дэмакратычнай Расіяй: стратэгія», — адзначыў Андрус Кубілюс.

«Магчыма, патэнцыйная смута ў Расіі палохае заходніх лідараў»

«Устаноўка 6. Адзіны шлях для нашай бяспекі — акружыць Расію высокім плотам. І хай закрытая ад свету Расія гніе і раскладаецца.

Некаторыя ў Літве лічаць, што мы можам абараніцца ад Расіі высокім плотам. Вельмі высокім плотам. Не толькі фізічным, але і плотам 5-га артыкула НАТА і супрацьракетнай абароны. Яны таксама кажуць, што калі мы будзем так абароненыя, то нам не прыйдзецца турбавацца аб тым, што далей здарыцца з Расіяй, таму што ад нас гэта ўсё адно не залежыць.

Нам лепш стаць «Балтыйскім Ізраілем», які хоць і акружаны сотнямі мільёнаў варожа настроеных арабаў, але здольны захоўваць свой суверэнітэт, перамагаць у войнах і пры гэтым быць інавацыйнай «нацыяй стартапаў», здольнай прыцягнуць мільярдныя інвестыцыі.

Нічога не маю супраць такой мары, стаць «Балтыйскім Ізраілем». Толькі яна мне здаецца не вельмі рэалістычнай. Таму што, па-першае, мы не габрэі з усім іх балючым і трагічным гістарычным вопытам, якія сфармавалі ўнікальны народ Ізраіля. Па-другое, Ізраіль, нягледзячы на тое, што ён акружаны сотнямі мільёнаў арабаў, усё ж такі мае прывілей валодаць ядзернай зброяй, а арабы — не. Яе пакуль няма нават у Іране.

Між тым, «мара» літоўцаў — разваленая і падзеленая Расія небяспечная тым, што Расія — ядзерная дзяржава. Традыцыйная «смута» ў Расіі можа быць не толькі моцна крывавай, але і жахліва ядзернай. Або суправаджацца распаўсюджваннем вагнераўскіх бандаў разбойнікаў і тэрарыстаў па Еўропе.

І перш за ўсё праз Літву. Таму што гістарычна шлях рускіх войнаў або рабаванняў у Еўропу ішоў праз Літву, як геаграфічна найбольш зручны.

Разлічваць, што магчымая смута ў Расіі нас не закране, па меншай ступені наіўна. Больш за тое, цалкам верагодна, што перспектыва падобнай патэнцыйнай смуты ў Расіі ўжо сёння палохае некаторых заходніх лідараў. І таму ў іх узнікае спакуса з асцярожнасцю ставіцца да першапрычыны такой магчымай смуты: поўнай ваеннай перамогі Украіны над Расіяй.

Папулярныя ў нас тлумачэнні, што Расія ніколі не стане дэмакратыяй і што лепш за ўсё замкнуць Расію ў яе ўласным «катле» і з бяспечнай адлегласці назіраць за тым, як яна сама сябе разбурае і развальвае, тым і небяспечныя, што могуць толькі яшчэ больш падтрымаць натуральныя страхі Захаду.

І такія страхі Захаду — самы жаданы і запаветны саюзнік Пуціна. Таму што Пуцін, прайграўшы вайну ва Украіне, адчайна шукае неабходных яму мірных перамоў з Захадам, і яму вельмі трэба, каб увесь свет і асабліва Захад, паверыў, што пасля прайгранай вайны і пасля Пуціна Расія сапраўды заглыбіцца ў поўны хаос, небяспечны для ўсяго свету, у тым ліку і ядзерны хаос.

І таму, на думку Пуціна, Захад больш не павінен падтрымліваць Украіну, таму што яе перамога якраз і выкліча смуту ў Расіі. Таму мы павінны сумленна спытаць сябе — ці сапраўды мы хочам дапамагчы Пуціну і працягваць палохаць Захад?», — паставіў пытанне палітык.

Ён мяркуе, што літоўцы дапамаглі б Украіне, калі б транслявалі веру ў магчымасць трансфармацыі Расіі.

«Так шмат слоў пра нашы ўстаноўкі ў дачыненні да Расіі. Часам мне нават здаецца, што яны пераважаюць у нас. Але гэта лжывыя ўстаноўкі. І нават небяспечныя.

Чаму яны лжывыя і небяспечныя — я ўжо патлумачыў. Не менш важна зразумець, чаму мы так думаем. І чаму мы так адчуваем. Якія нашы ўласныя псіхалагічныя комплексы прымушаюць нас паводзіць сябе такім чынам? І як мы можам самі сабе дапамагчы?

Перш за ўсё відавочна, што некаторыя нашы ўстаноўкі сёння вызначаюцца тым, што мы бачым на свае вочы. Не толькі Пуціна, але і ўсю расійскую армію, усю Расію суправаджаюць і будуць суправаджаць рэпартажы пра ўчыненыя імі найстрашнейшыя ваенныя злачынствы, пра забойствы, згвалтаванні, бамбаванні, пра бязмежныя чалавечыя пакуты ўкраінцаў.

Немагчыма проста глядзець на ўсё гэта бесстаронна. Салідарнасць — натуральная рэакцыя на гэта. І нянавісць таксама. Нянавісць да тых, хто забівае, нянавісць да тэрарыстычнай арміі, нянавісць да Пуціна, які яе ўзначальвае, і нянавісць да ўсяго, што з ёй звязана.

Гэта натуральная эмацыйная рэакцыя, і яна непазбежная. Але аднаго гэтага недастаткова.

На нас ляжыць значна большая адказнасць, чым проста аддавацца нянавісці. Мы нясём адказнасць перад будучымі пакаленнямі, мы павінны дапамагчы ім пазбавіцца ад такіх пагроз.

Мы дзесяцігоддзямі казалі, што пуцінская Расія ўяўляе сабой вялікую пагрозу. Нарэшце ў гэтым пераканаўся і астатні Захад, нарэшце і НАТА ўсвядоміла, што аўтарытарная Расія — самая вялікая пагроза еўрапейскай бяспецы. Таму ў цяперашні час НАТА радыкальна ўмацоўвае свае найважнейшыя інструменты барацьбы з такой пагрозай: палітыку стрымлівання (стрыманасць) і абароны (абарона).

Але стрымлівання і абароны недастаткова, каб цалкам ліквідаваць гэтую пагрозу. Гэтая расійская пагроза цалкам знікне толькі ў тым выпадку, калі Расія ператворыцца ў дэмакратыю. Гэтак жа як пагроза нацысцкай Германіі знікла толькі тады, калі яна была вымушаная трансфармавацца ў дэмакратыю пасля паразы ў вайне.

Таму заходняя палітыка ў дачыненні да Расіі павінна ўключаць тры аспекты: стрымліванне, абарону і трансфармацыю. Каб такая трансфармацыя адбылася, трэба дапамагчы рускаму народу пазбавіцца ад ранейшых мараў пра аднаўленне імперыі і паверыць у новую мару аб нармальным жыцці ў Расіі.

Таму стратэгія трансфармацыі, якая рэалізуецца Захадам, павінна ў першую чаргу ўключаць у сябе план дэмілітарызацыі Расіі (у амерыканцаў быў план дэнацыфікацыі Германіі), які ўключаў бы і разбурэнне постімперскіх мараў: ваеннае падаўленне Расіі ва Украіне; трыбунал для Пуціна і яго паплечнікаў; глабальная люстрацыя палітыкаў, адміністратараў, суддзяў, сілавых структур дзейнага рэжыму; сяброўства Украіны ў НАТА, якое канчаткова забівае постымперскія летуценні Расіі.

З іншага боку, такая стратэгія трансфармацыі павінна ўключаць у сябе план моцнай Украіны, таму што прыклад моцнай, паспяховай Украіны можа стаць наймацнейшым стымулам для простых расіян патрабаваць перамен у самой Расіі.

Мэта моцнай Украіны патрабуе не толькі таго, каб Захад дапамог Украіне выйграць вайну і дапамагчы Украіне аднавіць яе разбураную вайной эканоміку, але і таго, каб Захад амбіцыйна дапамог Украіне хутка стаць членам ЕС (таму што толькі гэта робіць паспяховымі суседзяў ЕС).

З іншага боку, у такім плане трансфармацыі павінна быць пагадненне, што Захад будзе значна больш інтэнсіўна працаваць з расійскай апазіцыяй, з ёй будуць стварацца планы іншай, нармальнай, паспяховай Расіі, якія ЕС разам з дэмакратычнай Расіяй дапаможа рэалізаваць.

З гэтай прычыны Захад ужо сёння павінен дапамагчы расійскай апазіцыі аб'яднацца і павінен дапамагчы ёй умацаваць магчымасці камунікацыі з простымі расіянамі.

Такая стратэгія трансфармацыі патрэбна не толькі апазіцыі Расіі, не толькі перспектывам самой Расіі, але яна патрэбна і нам, і ўсяму Захаду. Таму што іншая Расія больш не будзе ўяўляць пагрозы еўрапейскай бяспецы. І нашай бяспецы.

Дзеля таго, каб нашым будучым пакаленням больш не прыйшлося жыць пад пагрозай, варта прыкласці ўсе намаганні, бо, можа быць, у найбліжэйшай будучыні для гэтага адкрыюцца рэальныя магчымасці.

Як толькі Расія прайграе вайну, у Расіі могуць з'явіцца магчымасці для пераменаў. Неабходна быць гатовымі выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. Да гэтага павінен быць гатовы ўвесь Захад, да гэтага павінны быць гатовыя мы, і да гэтага павінна быць гатовая расійская апазіцыя.

Мы ў Літве знаходзімся ва ўнікальным становішчы — пасля пачатку вайны Захад стаў прыслухоўвацца да нашага меркавання. Мы можам працаваць разам з расійскай апазіцыяй. Заходняя падтрымка Украіны з'яўляецца нашай галоўнай стратэгічнай мэтай на гэты момант.

Захад падтрымае Украіну яшчэ больш, калі паверыць, што перамога Украіны прынясе пазітыўныя змены ў Беларусь і Расію. Але калі яны ў гэта не павераць, калі яны павераць, што Расія ні пры якіх абставінах не можа стаць дэмакратыяй, калі яны павераць, што Расія без Пуціна скаціцца ў крывавы і ядзерны хаос, Захад можа проста баяцца наступстваў перамогі Украіны.

Такім чынам, давайце разумець, што нашы «рускія» комплексы, гучныя заявы аб тым, што мы не верым у дэмакратычную і агульначалавечую перспектыву Расіі, аб тым, што было б лепш, каб Расія развалілася, небяспечныя, таму што нас ужо слухаюць на Захадзе.

Мы значна больш дапамаглі б Украіне, калі б транслявалі на Захад нашу веру ў магчымасць трансфармацыі Расіі, калі б мы самі пачалі рэалізоўваць такую стратэгію, калі б яшчэ больш інтэнсіўна працавалі з расійскай апазіцыяй, калі б паклапаціліся аб тым, каб адкрыць больш каналаў сувязі для яе з простымі расіянамі, а не як закрыць тыя, што ўжо дзейнічаюць.

Мы знаходзімся ўнутры вялікіх гістарычных падзей. Калісьці абрынулася Берлінская сцяна. Нам давялося ўнесці ў гэта свой унёсак. Цяпер могуць абрынуцца «крамлёўскія сцены»: сцены самадзяржаўя, клептакратыі, агрэсіі і дзяржаўнага тэрарызму. У нас ёсць магчымасці ўнесці і ў гэта свой уклад.

Але толькі ў тым выпадку, калі, як і ў гады «Саюдзіса», мы будзем паводзіць сябе мудра, а не толькі эмацыйна.

Эмоцыі часам з'яўляюцца зручным спосабам прыкрыць інтэлектуальную ляноту. Толькі асудзіць лягчэй, чым яшчэ і стварыць нешта іншае.

Павярхоўны папулізм магчымы і на патрыятычныя, і на геапалітычныя тэмы. Між тым войны ў нашы дні выйграе не папулізм, а розум і мудрасць. Пажадаем і сабе больш мудрасці! Таму што нам гэта патрэбна для нашай бяспекі!» — сказаў на заканчэнне Андрус Кубілюс.

Клас
79
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
15