Бахмут, Украіна. Фота: Libkos / AP
Аўтар піша, што вайна:
— аслабіла Пуціна і Расію (аўтар лічыць, што да 24 лютага пазіцыі Пуціна здаваліся моцнымі, але катастрафічная вайна не пакінула яму ніякіх шанцаў годна выйсці з сітуацыі і падарвала яго ўплыў у многіх сферах);
— вярнула да жыцця страх ядзернай вайны;
— прыцягнула ўвагу да Тайваня (дзеянні Расіі прымусілі задаць пытанне, якімі могуць быць крокі Кітая ў дачыненні да мяцежнага вострава — ці стала ўварванне больш імаверным, ці, наадварот, афіцыйны Пекін цяпер сто разоў падумае?);
— прывяла да росту інфляцыі і колькасці забастовак у Вялікабрытаніі (на фоне павышэння цэн на энерганосьбіты і агульнага падаражэння жыцця);
— прымусіла больш за 14 млн украінцаў пакінуць свае дамы;
— стварыла новую расійскую дыяспару (як піша газета, за апошнія 10 месяцаў з Расіі з'ехала больш людзей, чым пасля рэвалюцыі 1917 года);
— узмацніла асцярогі, што ў Афрыцы пачнецца голад (гэта звязана з блакадай Расіяй экспарту ўкраінскага збожжа, якая працягвалася першыя пяць месяцаў вайны);
— прывяла да ізаляцыі расійскай эканомікі (газета піша пра заходнія санкцыі, з-за якіх расійская эканоміка можа сёлета скараціцца на 4,5%);
— зрабіла нашмат больш складаным атрыманне інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Расіі (з краіны прымусілі з'ехаць мноства замежных журналістаў, а незалежную расійскую прэсу прымусілі замаўчаць);
— прымусіла нас больш думаць пра «зялёныя» тэхналогіі і ядзерную энергію (як піша аўтар, гэта вынік павышэння цаны энерганосьбітаў);
— НАТА ўмацавалася (газета нагадвае пра адзінства альянсу перад абліччам расійскай агрэсіі і пра будучае ўступленне ў яго Швецыі і Фінляндыі);
— дала ўяўленне пра тое, якімі будуць войны будучыні (з аднаго боку, гэтая вайна паказала важнасць сучасных тэхналогій, такіх, як спадарожнікавы інтэрнэт і дроны, з другога — апынулася на дзіва старамоднай з яе акопнай вайной і артылерыйскімі дуэлямі);
— паказала важнасць харызматычнага лідара (у публікацыі сказана, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі стаў адным з вядучых сусветных лідараў і здолеў заручыцца падтрымкай іншых дзяржаў, а ўкраінцы перамагаюць у прапагандысцкай вайне ў сацыяльных сетках);
— скончыла з ваенным табу ў Германіі (аўтар нагадвае, што вайна прадэманстравала, наколькі важнымі для эканамічнага росту ў Германіі былі танныя энерганосьбіты з Расіі, і прымусіла канцлера Олафа Шольца абвясціць аб радыкальным павелічэнні германскага ваеннага бюджэту);
— прынесла неверагодныя выгады вытворцам зброі (на думку выдання, больш за ўсё выйгралі амерыканскія і еўрапейскія вытворцы, паколькі вайна прадэманстравала значную перавагу заходняй зброі перад вырабленай у Расіі);
— умацавала ўкраінскую нацыянальную ідэнтычнасць (у самой Украіне стаўленне да Расіі кардынальна змянілася, а ў свеце цяпер ніхто ўжо не зблытае гэтыя дзве краіны; Sunday Times, як і іншыя заходнія выданні, цяпер выкарыстоўвае толькі ўкраінамоўную транслітарацыю ўкраінскіх гарадоў);
— парушыла сувязі Расіі з іншымі краінамі свету ў галіне спорту, навукі і мастацтва;
— стварыла пагрозу халоднай вайны ў Арктыцы (выданне нагадвае, што вайна прывяла да парушэння супрацоўніцтва паміж Расіяй і яе суседзямі па Арктычным рэгіёне, што мае наступствы для экалогіі рэгіёна і карэнных народаў, якія там жывуць);
— зрабіла авіяпадарожжы больш працяглымі (гэта звязана з закрыццём расійскай паветранай прасторы для заходніх авіякампаній. Напрыклад, да вайны палёт з Лондана ў Токіа займаў 12 гадзін, а цяпер — амаль 14);
— дала футбольнаму клубу «Чэлсі» новага ўладальніка (былы ўладальнік «Чэлсі» Раман Абрамовіч быў вымушаны прадаць клуб у траўні за 4,25 млрд фунтаў).





