Олаф Шольц. Фота: Michael Sohn / AP
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц дапускае далейшыя перамовы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным аб заканчэнні вайны РФ супраць Украіны. «Наша мэта заключаецца ў тым, каб Расія спыніла сваю агрэсіўную вайну, а Украіна абараніла сваю цэласнасць», — заявіў кіраўнік нямецкага ўрада выданню Süddeutsche Zeitung (SZ), якое апублікавала гутарку ў суботу, піша Deutsche Welle.
Для гэтага «будзе неабходна размаўляць», растлумачыў канцлер.
«Яшчэ невядома, ці адбудзецца гэта па тэлефоне, відэасувязі або за доўгім сталом», — дадаў Шольц. Масква павінна «ўсвядоміць, што так далей працягвацца не можа», адзначыў кіраўнік урада ФРГ.
З ягоных слоў, Пуцін павінен «спыніць вайну, вывесці войскі і такім чынам стварыць магчымасць для ўзаемаразумення».
Шольц паказаў на «высокую» магчымасць эскалацыі ў святле няўдач РФ на поле бою.
Некалькім днямі раней канцлер ФРГ заявіў, што прэзідэнт РФ «фундаментальна пралічыўся» ў сваім бачанні ўладкавання еўрапейскіх краін і недаацаніў адзінства Еўропы і Захаду. Кіраўнік германскага ўрада звярнуў увагу на маштабную падтрымку Украіны, у тым ліку ваенную дапамогу.
У пачатку снежня Шольц і Пуцін упершыню з сярэдзіны верасня правялі тэлефонную размову. Канцлер настойваў на неабходнасці як мага хутчэй дасягнуць дыпламатычнага рашэння.
Разам з тым Шольц не чакае газавага крызісу ў Германіі ні гэтай, ні наступнай зімой.
Берлін разлічвае, што сумамі, вылучанымі ў рамках ужо запушчаных дзяржаўных мер падтрымкі, атрымаецца «змякчыць высокія цэны гэтай і наступнай зімой».





