Фота: Unsplash

Фота: Unsplash

Ранні ўсплёск звычайных рэспіраторных вірусаў, у тым ліку рэспіраторна-сінцытыяльнага віруса (або RSV) і грыпу, у апошнія тыдні назіраецца ў школах і бальніцах розных краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Адна з прычын такога ўсплёску — у тым, што ўсё больш людзей збіраецца ў памяшканнях без мер засцярогі, у прыватнасці, без масак, якія выкарыстоўвалі ў часе пандэміі COVID-19.

Прадстаўнікі аховы здароўя Вялікабрытаніі і Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявілі, што атрымалі паведамленні аб павелічэнні колькасці інвазійных стрэптакокавых інфекцый і павелічэнні колькасці смерцяў у некаторых мясцінах, прычым часцей за ўсё пакутуюць дзеці да 10 гадоў. Афіцыйныя асобы Вялікабрытаніі заявілі, што колькасць зарэгістраваных выпадкаў сур'ёзных захворванняў, выкліканых стрэптакокавай бактэрыяй А, большая, чым чакалася ў гэты час года. У Вялікабрытаніі зарэгістравана каля 74 смерцяў, у тым ліку 16 сярод дзяцей.

«Гэта па-ранейшаму няшмат, але па меры таго, як усё больш людзей хварэе на стрэптакок, вы ўбачыце, што ў многіх людзей могуць быць сур'ёзныя ўскладненні, звязаныя з гэтай інфекцыяй», — кажа Пітэр Чын Хонг, спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска.

Бактэрыі, якія называюць стрэптакокам групы А, — даволі распаўсюджаныя і могуць выклікаць шэраг захворванняў, у тым ліку ангіну, шкарлятыну і захворванне скуры — імпетыга. Інфекцыі распаўсюджваюцца ў асноўным праз дыхальныя шляхі або падчас непасрэднага кантакту, напрыклад, падчас ежы з адной талеркі.

У асноўным інфекцыі працякаюць лёгка, і іх можна лячыць антыбіётыкамі. Аднак больш рэдкія інвазійныя стрэптакокавыя інфекцыі бываюць агрэсіўнымі, бо бактэрыі могуць пранікаць у крывяносную сістэму і выклікаць сур'ёзныя ўскладненні, у тым ліку пнеўманію, сіндром таксічнага шоку і некратычны фасцыіт, які яшчэ называюць «хваробай, што з’ядае цела».

Ад 14 000 да 25 000 выпадкаў больш сур'ёзнай, інвазійнай стрэптакокавай інфекцыі назіралася за апошнія пяць гадоў у ЗША штогод і штогод рэгістравалася ад 1 500 да 2 300 смерцяў. Амерыканскі Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў не адсочвае больш лёгкія, неінвазійныя стрэптакокавыя інфекцыі.

На мінулым тыдні Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што яна атрымала паведамленні як мінімум з пяці краін, сярод якіх Францыя, Швецыя і Нідэрланды, пра ўмеранае павелічэнне колькасці выпадкаў інвазійнага стрэптакока А. Паведамленняў пра новыя штамы бактэрый або павышэнне ўстойлівасці да антыбіётыкаў не паступала, паведаміла СААЗ, — гэта дало арганізацыі падставу меркаваць, што рызыка для насельніцтва ў цэлым даволі нізкая.

Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў вывучае магчымы рост колькасці інфекцый сярод дзяцей у ЗША. Бацькі павінны пераканацца, што ў дзяцей зробленыя прышчэпкі ад грыпу і ветранай воспы, бо гэтыя хваробы таксама павялічваюць рызыку заражэння стрэптакокам А. Бацькам варта ведаць, як выглядаюць сімптомы некратычнага фасцыіту і сіндрому таксічнага шоку, і неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу, калі яны лічаць, што ў іх дзіцяці адна з гэтых інфекцый.

Фактары, што спрыяюць патэнцыйнаму ўздыму сур'ёзных выпадкаў стрэптакока А, могуць уключаць зніжэнне агульнага імунітэту ў насельніцтва пасля таго, як меры засцярогі ад COVID-19 прадухілілі распаўсюджванне іншых рэспіраторных інфекцый, кажуць эксперты па інфекцыйных захворваннях. Ранні рост колькасці выпадкаў грыпу таксама можа спрыяць таму, што заражэнне грыпам павялічыць рызыку бактэрыяльных інфекцый, у тым ліку стрэптакокаў.

«Некаторыя людзі будуць больш успрымальныя да такіх бактэрый, як стрэптакок, менавіта пасля таго, як захварэлі на грып», — адзначае доктар Чын Хонг.

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
4