Фота Офіса прэзідэнта ЗША 

Фота Офіса прэзідэнта ЗША 

У пачатку афіцыйнай праграмы візіту Зяленскага ля Белага дома сустрэлі прэзідэнт Байдэн з жонкай. 

«Для мяне вялікі гонар быць побач з вамі ў сумеснай абароне ад жорсткай вайны, якую вядзе Пуцін», — сказаў Байдэн.

«Цяжка паверыць, што прайшло ўжо 300 дзён і што Пуцін груба паквапіўся на права ўкраінцаў на існаванне як нацыі і напаў на ні ў чым не вінаваты ўкраінскі народ толькі для таго, каб запалохаць», — дадаў Байдэн.

Байдэн запэўніў Зяленскага, што абедзве амерыканскія партыі ў Кангрэсе падтрымліваюць украінцаў і разам з саюзнікамі ў Еўропе, Японіі і іншых краінах працягнуць аказваць Украіне неабходную гуманітарную і вайсковую дапамогу, уключаючы нядаўна абвешчаную пастаўку сучасных ракетных комплексаў СПА «Пэтрыят».

Сустрэча двух прэзідэнтаў доўжылася больш за дзве гадзіны.

На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Уладзімір Зяленскі сказаў, у прыватнасці, што прэзідэнт Байдэн пацвердзіў навіны пра чарговы пакет вайсковай дапамогі Украіне, у які ўвойдуць і магутныя сродкі СПА.

«Я вяртаюся дадому з добрымі навінамі, з пакетам вайсковай дапамогі амаль на 2 мільярды даляраў, і асноўны элемент гэтага пакета — сістэмы «Пэтрыят», якія ўзмоцняць магчымасці нашай супрацьпаветранай абароны», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Джо Байдэн на прэс-канферэнцыі зноў падкрэсліў, што Расія б'е зімой па ўкраінскай інфраструктуры, каб «людзі пакутавалі ад холаду і голаду, каб раз'яднаць людзей».

У адказ на пытанне, наколькі ЗША хвалюе трываласць кааліцыі саюзнікаў Украіны, Байдэн сказаў, што ЗША не лічаць гэтае пытанне праблемным.

«Мы не бачылі буйнога ўварвання ў еўрапейскую краіну з часоў Другой сусветнай. […] Мы разумеем, што пад пагрозай — сама ідэя суверэнітэту. Пуцін думаў, што аслабіць НАТА, але ён узмацніў яго. Ён прывёў НАТА да яднання, да далучэння Фінляндыі і Швецыі», — сказаў Байдэн.

Карэспандэнт «Сі-эн-эн» спытаў Байдэна, ці думалі ЗША пра магчымую эскалацыю з боку Расіі ў адказ на пастаўкі Украіне комплексаў «Пэтрыят». Прэзідэнт адказаў, што не думалі, бо «Пэтрыят» — гэта абарончая зброя.

Карэспандэнт украінскага тэлеканала «Інтэр» спытаў прэзідэнтаў, якім яны бачаць «справядлівы» або «сумленны» канец вайны.

Уладзімір Зяленскі, які адказваў на пытанне першым, сказаў, што асноўная ўмова Украіны ў мірных перамовах — вяртанне тэрыторый і пакрыццё страт.

«Для мяне як для прэзідэнта справядлівы мір — гэта адсутнасць кампрамісаў па нашай тэрыторыі і пакрыццё ўсіх страт. Расія павінна адказаць за ўсё, што зрабіла супраць нас, Еўропы і ўсяго цывілізаванага свету. Мы прапанавалі ЗША крокі, якія могуць прывесці ў выніку да міру», — сказаў ён.

Байдэн дадаў, што ЗША падзяляюць ўкраінскую пазіцыю адносна ўмоў міру. «У нас з Зяленскім абсалютна аднолькавае бачанне», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Адпор Пуціну і памяць пра барацьбу з нацызмам

У прамове перад абедзвюма палатамі Кангрэса ЗША Зяленскі зноў падзякаваў амерыканцам за дапамогу ў вайне і сказаў, што для перамогі і Украіны, і ўсяго вольнага свету стойкасць прыйдзецца праявіць і ўкраінцам, і іх саюзнікам.

Зяленскі, акрамя іншага, зноў параўнаў цяперашнюю вайну і пуцінскую Расію з Другой сусветнай і гітлераўскай Нямеччынай.

Сцяг з Бахмута. Скрыншот відэа

Сцяг з Бахмута. Скрыншот відэа

«Яны кінулі супраць нас усё, гэтак жа, як і такая тыранія калісьці… Кінулі ўсё, што ў іх ёсць, супраць вольнага свету. Гэтак жа, як адважныя амерыканскія салдаты, якія трымалі абарону і адкінулі гітлераўскія войскі ў Каляды 1944 года, адважныя ўкраінскія салдаты робяць тое ж самае з пуцінскімі войскамі ў гэтыя Каляды. Украіна трымае свае пазіцыі і ніколі не здасца», — сказаў прэзідэнт Украіны ў Кангрэсе ЗША.

На гэтых словах кангрэсмены чарговы раз усталі і апладзіравалі Зяленскаму стоячы.

Зяленскі выступаў на англійскай, і яго словы «ніколі не здасца» — «will never surrender» — былі відавочнай адсылкай да знакамітай прамовы Уінстана Чэрчыля.

Падчас выступу Зяленскага Кангрэс ЗША 21 раз апладзіраваў стоячы

Прэзідэнт Украіны падзякаваў амерыканскаму народу за падтрымку. Ён таксама звярнуўся па падтрымку, распавёў, у якіх умовах жывуць украінцы ў час вайны.

Зяленскі заклікаў да працягу фінансавай падтрымкі з боку ЗША, звяртаючыся да Кангрэса: «Вашы грошы — гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў глабальную бяспеку і дэмакратыю, якімі мы кіруем вельмі адказна».

У завяршэнне свайго выступу Зяленскі ўручыў Кангрэсу баявы сцяг з Бахмута ў знак падзякі за дапамогу. Пасля гэтага спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі ўручыла Зяленскаму сцяг ЗША.

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0