Ракетаносцы Ту-95МС на авіябазе «Энгельс» у 2005 годзе. Фота: Дзмітрый Пічугін / Вікіпедыя

Ракетаносцы Ту-95МС на авіябазе «Энгельс» у 2005 годзе. Фота: Дзмітрый Пічугін / Вікіпедыя

«Факт таго, што праз усю цэнтральную частку тэрыторыі краіны, абсталяванай эшаланаванай СПА, велізарнай колькасцю грамадзянскіх і вайсковых радыялакацыйных станцый, бесперашкодна пралятае варожы дрон, які знішчаецца толькі на падлёце да цэлі, выглядае вельмі дзіўным і максімальна дыскрэдытуе расійскія сілы СПА. З другога боку, імавернасць таго, што дроны запускаюцца дыверсійнымі групамі аднекуль з Паволжа, таксама ўяўляецца вельмі нядобрай», — піша «Тлумачыць Readovka».

Канал «Чорны палкоўнік» В. Алксніс» звяртае ўвагу на тое, што аэрадром у Энгельсе — адна з баз расійскай ядзернай трыяды і, як ён лічыць, згодна з расійскім заканадаўствам, такая атака «зʼяўляецца падставай для прымянення Расійскай Федэрацыяй ядзернай зброі». Але, канстатуе канал, які належыць былому расійскаму палітыку, палкоўніку авіяцыі Віктару Алкснісу, «відавочна, ніякай рэакцыі прэзідэнта РФ, як і пасля папярэдняй атакі на гэты аэрадром 5 снежня, не будзе».

Ён сумняецца і ў афіцыйнай версіі падзей ад Мінабароны РФ.

«Мяркуючы па відэа ўдару, падзенне абломкаў БПЛА выклікаць выбух такой магутнасці не можа. Падобна да выбуху боезарадаў магутнасцю некалькі соцень кілаграмаў трацілу і паражэнне нейкага буйнога абʼекта.

Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што ўдар быў нанесены па камандным пункце аэрадрома. Але што можа рабіць на камандным пункце аэрадрома а палове на другую ночы тэхнічны склад? Тым больш у ноч з нядзелі на панядзелак? Хутчэй за ўсё, тэхнічны склад знаходзіўся на стаянцы самалётаў і займаўся падрыхтоўкай самалётаў да палётаў. І менавіта па стаянцы самалётаў, падобна, быў нанесены ўдар. Але ўдар такой магутнасці па стаянцы самалётаў непазбежна павінен быў прывесці не толькі да гібелі тэхнічнага складу, але і па меншай меры нанесці механічныя пашкоджанні самалётам», — піша ён.

Канал «Ваенны інфарматар» канстатуе, што атакі аэрадрома стратэгічнай авіяцыі, «мабыць, сталі нормай».

«Чарговы раз рэактыўны беспілотнік бесперашкодна пераадолеў больш за 500 кіламетраў ад мяжы і быў збіты толькі над самім аэрадромам. Чарговы раз праціўнік наносіць удар не ў выпадковы момант, а напярэдадні падрыхтоўкі стратэгічнай авіяцыі да вылетаў», — піша канал.

Яго аўтары, як і астатнія, псуюць СПА свята, вінавацячы ў непрафесіяналізме.

«Вельмі цікава, а што збіраюцца рабіць вайскоўцы ў выпадку палёту да аэрадрома, напрыклад, некалькіх малапрыкметных крылатых ракет ля самай зямлі? Калі велізарны рэактыўны беспілотнік, які не мае сродкаў зніжэння цеплавой і радыёлакацыйнай прыкметнасці, выяўляецца і паражаецца толькі над галовамі пілотаў на аэрадроме.

Гэта прысуд сістэме радыёлакацыйнага пакрыцця і эшаланавання сродкаў СПА, а таксама паказальны ўрок аматарам маляваць прыгожыя роўныя кругі «зоны забароны доступу» (A2/AD) уздоўж расійскіх межаў і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку».

Канал прыходзіць да высновы: адзінае, што цяпер абараняе расійскую стратэгічную авіяцыю (і многія іншыя абʼекты) ад больш дзейсных удараў праціўніка, гэта «не магутная сістэма СПА і механізмы адказу на ўдар, а нежаданне ЗША павышаць эскалацыю канфлікту і выдаваць УСУ сучасныя малапрыкметныя ракеты вялікай далёкасці».

Канал узгадвае, што ў 1987 за гісторыю з палётам Маціяса Руста «свае пасты страціла практычна ўсё кіраўніцтва Савецкай Арміі».

Ігар Гіркін на сваім канале адкрыта здзекуецца з расійскай арміі. «Ну вось усё і высветлілася! Насуперак шыпенню замежных агентаў і зласліўцаў, МЫ ЗНОЎ ПЕРАМАГЛІ! Над авіябазай стратэгічных бамбавікоў у Энгельсе збіты ўдарны беспілотнік ворага. Ні адзін варожы апарат не вярнуўся на сваю базу! Хіба не поспех? — куражыцца ён. — З нецярпеннем буду чакаць узнагароджання афіцэраў СПА, якія атрымалі такую важную і такую патрэбную ў пачатку 11-га месяца СВА перамогу. Яна будзе сведчаннем таго, што і ў глыбокім тыле нашы вайскоўцы могуць здзяйсняць подзвігі, дэманструючы цуды прафесіяналізму, у чым несумненная заслуга (у тым ліку) і кіраўніцтва МА РФ».

«Да пачатку бягучай вайны нашы СПА падышлі гатовымі да мінулай каланіяльнай вайны», — прыходзіць Гіркін да высновы.

«Трое загінулых. У глыбокім тыле, за сотні кіламетраў ад лініі фронту. І не трэба ілюзій — Кіеў не спыніцца, пры першай жа магчымасці ўдарыць і па Маскве», — піша ў сваім канале карэспандэнт Андрэй Мядзведзеў.

Клас
146
Панылы сорам
5
Ха-ха
32
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
11