— Зараз вы даведаецеся, што такое сапраўдная вёска! — Кацярына Касцюкова і сама з цяжкасцю прабіраецца па гурбах, журналісты ідуць за ёй цугам. У твар вецер кідае снег, завіруха такая, што бачыш толькі адлегласць у пару метраў, пасля — суцэльная заслона.

У галаве праносіцца думка: буслы маглі б застацца на зімоўку дзе-небудзь бліжэй да Мінска, але выбралі яны іншае месца — вёску Высокае ў Рагачоўскім раёне. Амаль 250 кіламетраў ад сталіцы.

Будынак старой школы — гэта цяпер хоспіс для жывёл «Дабраніка», а Кацярына — старшыня Гомельскага аб'яднання абароны жывёл.

У вальерах — дзясяткі сабак, у асобным будынку — каты, у былым кабінеце матэматыкі — буслы. Госці з Мінска да іх не з пустымі рукамі, прывезлі курыную пячонку і сэрцы.

Адзін бусел, падагнуўшы нагу, стаіць на акне, другі — каля печкі.

— Малайцы якія, адразу пазіруюць. Дарэчы, гэта хлопчык, — жанчына паказвае на птушку, якая бліжэй. — Ён і буйнейшы, і апярэнне ў яго іншае. У дзяўчынкі, якая стаіць на акне, пёраў менш.

Дэкарацыі, у якіх зараз зімуюць буслы, уражваюць. На сценах — стэнды «Асноўныя трыганаметрычныя формулы», «Уласцівасці ступеняў», «Формулы скарочанага множання». А насупраць — сена на падлозе, вядро з вадой і кавалкі курынай пячонкі.

Буслоў збожжам не пракарміць, ім трэба мяса

Два месяцы таму Кацярыне патэлефанавала сяброўка з Доўска (вёска за 30 кіламетраў ад Высокага) і расказала, што па вуліцах лётаюць два буслы. Што з імі рабіць — незразумела. Ужо пачыналіся халады, вось-вось маглі наляцець першыя замаразкі.

— Прыязджаю, а буслы прыбіліся да гаспадаркі адной мясцовай жанчыны. Па двары хадзілі куры, гусі, качкі, вераб'і і яны, — смяецца зоаабаронца, успамінаючы першую сустрэчу з бусламі. — Кажуць, у вёсцы ёсць гняздо і летам там з'явіліся чатыры птушаняты. Мабыць, гэтых двух бацькі не змаглі дакарміць. Яшчэ па адной версіі, хтосьці з мясцовых іх прытуліў, зачыніў у хляве, а потым выпусціў на вуліцу. У кожным разе птушкі аслабленыя, на пералёт не наважыліся.

Пакінуць іх у Доўску мясцовыя не змаглі, хоць вельмі за іх перажывалі. Па-першае, птушкам трэба нейкае памяшканне. Па-другое, у іх такі апетыт, што пракарміць не кожны зможа. Амаль паўтара кілаграма курыных сэрцаў, пячонкі, галоў, шый на дваіх. Людзі памылкова думаюць: буслам дастаткова збожжа, але гэта не так.

Па словах Кацярыны, складаней наважыцца прытуліць у сябе птушак, чым за імі даглядаць.

— Як іх злавіла? З цяжкасцю, не спяшаючыся хадзіла за імі па двары, пакуль не дачакалася патрэбнага моманту. Трэба адразу сказаць: у нас у краіне ёсць закон «Аб жывёльным свеце». Ён забараняе самастойна забіраць дзікіх птушак з прыроды. Таму мы адразу звязаліся са старшынёй сельскага савета, пазней — з начальнікам Рагачоўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І вырашылі гэтае пытанне, — уводзіць у тонкасці дзікай прыроды Кацярына. — Калі буслы апынуліся ў руках, яшчэ раз пераканалася: гэта падлёткі. Яны не біліся, не дзяўблі, дарослая птушка мяне так бы стукнула дзюбай, што мала не здалося б. Яны могуць пакінуць сур'ёзныя раны.

Буслоў загарнулі ў покрыва і перавезлі на новае месца — у вёску Высокае.

«Увесь час выпалоскваюць ежу ў вадзе. Здаецца, гэта замаскіраваныя яноты»

Да жыцця ў будынку старой школы птушкі адаптаваліся хутка. Кацярына гэта тлумачыць тым, што буслы заўсёды жывуць каля людзей і не ўспрымаюць іх як самую страшную пагрозу.

— Некаторыя дзікія жывёлы гінуць з-за страху: як толькі бачаць чалавека, адчуваюць наймацнейшы стрэс. І тут не зразумела, што рабіць. Параненай жывёліне трэба аказаць дапамогу, але, каб яна выжыла, часам трэба пакінуць у спакоі. З бусламі прасцей. На выгляд яны выглядаюць здаровымі, таму вырашыла не траўмаваць: не везці на агляд у ветэрынарную клініку. Перыядычна фатаграфую адходы птушак, адпраўляю спецыялістам. Па здымках многае можна зразумець, — кажа Кацярына Касцюкова.

У яе задача — не толькі выхадзіць ды адкарміць буслоў, але і не ператварыць іх у хатніх птушак. Самка і самец лётаюць, ёсць усе шанцы вярнуцца ў прыроду. Вось і даводзіцца трымаць дыстанцыю.

Буслоў не кормяць з рук, прыносяць ежу, вядро з вадой і сыходзяць. Зносіны зведзеныя да мінімуму.

Жанчына падхоплівае вядро з вадой і выходзіць на вуліцу:

— Яны ўвесь час палошчуць у ім ежу. Часам здаецца, што гэта замаскіраваныя яноты.

Буслы з падваконня злятаюць на падлогу. Ежа ёсць, ваду замянілі, час падпаліць у печцы. Як толькі пачынаюць трашчаць дровы, самец шырока выпроствае крылы — грэецца.

— Яны выдатна пераносяць тэмпературу да мінус 10 градусаў, — удакладняе наша суразмоўніца. — Адзін год у вёсцы маёй сяброўкі засталося восем буслоў. Праўда, усе траўмаваныя. Калі не памыляюся, толькі адзін не выжыў. Астатніх мы хутка прыстроілі.

— Каму?!

— Людзям, птушка не выпускная (не лятае). Вяскоўцы забралі буслоў сабе. У кагосьці яны сталі жыць разам з курамі.

«Калі жывёліну не ратуеш ты — яе ніхто не ўратуе»

У вёску Высокае, дзе каля трыццаці хат, Кацярына пераехала некалькі гадоў таму. Яна нарадзілася і вырасла ў Гомелі, шмат гадоў адпрацавала ў сферы гандлю, а потым вырашыла прысвяціць жыццё жывёлам.

Цяпер яе дзень выглядае так: накарміць усіх жывёл, расчысціць дарожкі ад снегу, пананосіць дроў і распаліць печкі, а потым зноў трэба брацца за рыдлёўку…

— Адразу планавалі зрабіць хоспіс для бяздомных жывёл, дзе будуць толькі інваліды і сабакі з коткамі сталага веку. Але атрымалася інакш. Калі жывёліну не ратуеш ты — яе ніхто не ўратуе. У рэгіёнах з гэтым сапраўды праблема. Можна спадзявацца: вось апублікуеш аб'яву, і хтосьці кінецца ратаваць здаровых бяздомных кацянят. Але так не адбываецца. Тут крыху іншая псіхалогія ў людзей, таму за год з прытулку забралі толькі двух сабак. Адзін паехаў жыць у Гомель, іншы — у Чачэрск, — адзначае зоаабаронца.

Пакуль ідуць развагі пра дабрачыннасць, пра тое, як пракарміць столькі падапечных, у буслоў пачынаецца высвятленне адносін за ежу. Яны становяцца насупраць адзін аднаго, чапляюцца дзюбамі і выпростваюць крылы. Самец больш агрэсіўны і не падпускае самку, пакуль сам не паесць. Яго дакараюць за такое «джэнтльменства», ён хутка падхоплівае курыную пячонку і ляціць на падваконне.

У сярэдзіне красавіка Кацярына зноў возьме покрыва, асцярожна абгарне ў яго буслоў і павязе назад у родныя мясціны.

— Побач Дняпро, шмат рачулак і дастаткова забалочаных месцаў з добрай кармавой базай. Ім будзе прасцей у родных краях, — усміхаецца Кацярына. — Першы час птушкі будуць яшчэ аслабленыя, бо не ляцелі вясной з Афрыкі. Думаю, праз некалькі тыдняў у дзікай прыродзе прыйдуць у норму: ад'ядуцца, натрэніруюць мышцы.

— Як думаеце, яны ў сваёй роднай вёсцы пазнаюць бацькоў?

— Птушкі сем'ямі Каляды не сустракаюць, — жартуе зоаабаронца. — Там іншыя адносіны: выкармілі птушанят — і да пабачэння. Гэтыя буслы дакладна не змогуць прэтэндаваць на гняздо бацькоў. Яны самі будуць выбудоўваць сваё жыццё ў прыродзе, набяруцца сіл і наступным разам паляцяць на зімоўку ў Афрыку.

Каментар спецыяліста

Як расказаў «Смартпрэс» арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі, кожны год на зімоўку ў Беларусі застаюцца 10-20 буслоў, часам іх колькасць можа даходзіць да сотні.

«Як правіла, у птушанят невялікія шанцы перажыць зіму, — каментуе спецыяліст. — Але, калі ёсць рэчка, якая не замярзае, або вялікі сметнік, цалкам могуць выжыць. Праблема не холад, а доступ да ежы, бо буслы — драпежнікі.

Часцей за ўсё на зімоўку застаюцца інваліды, аслабленыя птушкі ці птушаняты, якія позна вылецелі з гнязда. Гэтыя тры групы натуральным адборам звычайна элімінуюцца — іншым драпежнікам таксама трэба нешта есці.

— Ці можа птушка, пакінутая на зіму тут у людзей, вясной вярнуцца ў дзікую прыроду? Яе прымуць свае?

— Так, можа. Калі яе добра карміць, да вясны яна не будзе аслабленай. Лепш перад выпускам на прыроду перавесці бусла на жаб, мышэй і рыбу. І, вядома, яе прымуць свае.

— Што рабіць, калі бачыш, што на вуліцы зіма, а каля сумётаў лётаюць буслы? Трэба некаму пра гэта паведамляць, напрыклад, зоаабаронцам ці ў нейкія арганізацыі?

— Калі бусел лётае, значыць, у яго ўсё добра. Можна нікому не тэлефанаваць. Іншая рэч, калі параненая птушка. Ёсць цэнтр дапамогі дзікім жывёлам у Беларусі, але ці возьмуць туды бусла на доўгую ператрымку — пытанне. Буслы любяць мяса, а ў грамадскай арганізацыі сродкі звычайна вельмі абмежаваныя. Большасць зоаабаронцаў у краіне займаюцца выратаваннем катоў і сабак, да дзікіх жывёл рукі проста не даходзяць.

— Калі чалавек усё ж наважыўся дапамагчы буслу, як яго выходжваць у хатніх умовах?

— Калі бусел здаровы, з ім асаблівых праблем няма. Яму патрэбныя мяса, рыба і цёплы начлег. У кватэры дакладна гэтую птушку не пратрымаеш. З прыродаахоўнага пункта гледжання адзінкавыя пакінутыя ці загінулыя буслы не ўяўляюць праблемы для выжывання папуляцыі. Але з зоаабарончага пункта гледжання кожная асобіна важная. Усяго ў Беларусі гняздуецца каля 25 тысяч пар белых буслоў.

Клас
41
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
10