Маці палітыка Таццяна Севярынец згадала, якім быў для Паўла канец 2006 года. Ён тады адбываў хімію ў вёсцы Малае Сітна (Полацкі раён).

«Мы з Кастусём наведалі ў Віцебскім ІЧУ Валеру Шчукіна, перадалі яму што з навагодніх прысмакаў, газеты, вярнуліся дадому і нарэшце датэліліся да Паўла — быў у атачэнні аховы у Маласітненскім інтэрнаце лясгаса. Захвалявалася я, сабралі, што было, і рванулі на вакзал. Ахова з’ехала сустракаць НГ па дамах, Паша быў адзін. Абнялі нашага сына, ноч чыталі паштоўкі, якія панапрыходзілі яму з усяго свету, частавалі дамашнім, крыху прыкарнулі, былі сведкамі строгага выхавання Паўлам Партызана — здаровага блакітнага ката, які «складаў» Паўлу «кампанію» на высылцы…

А Паша працаваў, як заўсёды, бо марнаваць час ён так і не навучыўся. Тады мы маглі вось так у ноч рвануць да сына, быць з ім побач… Зараз тое немагчыма.

Але я думкамі ўвесь час з табой, мой любы сынок, малюся за цябе і дзякую Госпаду, што Ён цябе нам даў», — напісала ў фэйсбуку Таццяна Севярынец.

Журналістка Любоў Лунёва ўспамінае ў сацсетках:

«Я яго памятаю яшчэ студэнтам. І памятаю, як яго, выдатніка, спрабавалі адлічыць з універсітэта, а мы хадзілі да рэктара, бо тады яшчэ гэта мела і сэнс і вынік…

Чаго толькі не адбылося ад таго часу!

Ёсць людзі, ад якіх сапраўды ідзе нейкае святло. Паша заўсёды такі. А яшчэ з яго б выйшаў цудоўны педагог. Я на свае ўласныя вочы бачыла, колькім падлеткам ён дапамог утрымацца на дарозе і не зваліцца ў канаву, калі ўжо зусім вобразна казаць».

«Чалавек Волі — ва ўсіх сэнсах гэтага слова», — напісаў пра Паўла паэт Уладзімір Някляеў.

Севярынца затрымалі ў чэрвені 2020 года. Летась яго асудзілі на 7 год за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках». Разам з ім судзілі блогера Змітра Казлова, грамадскую актывістку Ірыну Шчасную, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.

Адрас для лістоў: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0