«Цяпер даціскаюць каментатараў і рэпоснікаў»

Паводле мужчыны, у ЦІП на Акрэсціна па яго меркаванні тры «палітычныя» мужчынскія камеры і адна «палітычная» жаночая. У шасцімеснай камеры ўтрымліваюць да 30 мужчын, у чатырохмеснай — да 20 чалавек. Паводле яго падлікаў з 30 чалавек у камеры былі толькі два, якія затрымліваліся ў 2020 годзе, і тры чалавекі, што вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы. Па-ранейшаму ў камерах не выключаюць ноччу святло і будзяць у дзве і чатыры гадзіны ночы.

«Асноўная маса людзей на Акрэсціна — гэта тыя, хто затрымліваецца за каментары і рэпосты. Ёсць тыя, каго затрымалі за піва: іх вязуць на афармленне пратакола за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення і распіццё спіртных напояў, але ў аддзяленні могуць паглядзець іх тэлефоны і знайсці там фота са сцягам або каментар. Усё — стаў палітычным.

Гэтак жа працягваюць вылоўліваць тых, хто браў удзел у маршах 2020 года. Як правіла, апазнаюць па фота. Як я зразумеў, яны бяруць чалавека, глядзяць фота з мітынгаў, і калі ёсць сумесныя фота з сябрамі, знаёмымі, калегамі, то пачынаюць адпрацоўваць іх. Міліцыянты выпампоўваюць усе паведамленні з телеграма. Ніякіх узломаў, здаецца, тэлеграма няма. Людзі трапляюцца самі з-за фота і неабароненасці сваіх персанальных даных. Такое пачуццё, што цяпер тыя, хто затрымліваўся ў 2020 годзе ці сядзяць, ці з'ехалі. Цяпер даціскаюць каментатараў і рэпоснікаў.

Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі пасля перасячэння мяжы. Напэўна, тых, хто з'ехаў пасля 2020-га, занеслі ў асобную падбазу. Гэтак жа затрымліваюць футбольных фанатаў з татуіроўкамі.

Мне здаецца, што цяпер крыху зменшылі абароты, але, як правіла, паток там пастаянны. Украіна падкідвае навіны, а праз гэта з'яўляюцца новыя каментары і, адпаведна, затрыманыя».

«Прасцей перажыць збіццё і «суткі», але ведаць, што ты выйдзеш на волю»

Як адзначае былы арыштант, «каруселяць» (перазатрымліваюць пасля «сутак» і судзяць па новых пратаколах) адсоткаў 10—15 ад колькасці затрыманых, якія знаходзяцца ў адной камеры.

«Затрыманыя, якія праходзяць праз ГУБАЗіК, — збітыя ў 60—70% выпадкаў. Былі хлопцы, якіх збівалі патэльняй. Чаму патэльня — незразумела. У міліцыі, у асноўным, лаюцца матам, не б'юць. Але ўсё залежыць ад затрыманага.

Збіваюць, як правіла, дома, калі няма нікога. На Акрэсціна бачыў у хлопцаў сінякі на нагах, у раёне сцёгнаў. Радзей сустракаюцца драпіны на твары.

Але самае страшнае, як па мне, дык гэта невядомасць. Чалавек адразу атрымлівае «суткі», а потым дазнаецца ў камеры пра «каруселі», каментары і магчымасць «уляцець» на крыміналку. Маральна забівае невядомасць… Прасцей перажыць збіццё і «суткі», але ведаць, што ты сапраўды выйдзеш на волю. А тут ты не ведаеш, паедзеш на Валадарку ці дадому. Гэта катаванне».

«Суддзі і сведкі ўжо не апранаюць масак»

«На судзе стаіш у кайданках перад ноўтбукам. Побач міліцыянт у тэлефон гуляе. Усіх «кантрольных» (яны так называюць палітычных) перавозяць у кайданках. Любое перамяшчэнне — у кайданках.

Удзельнічаюць у судзілішчах, як правіла, тыя, хто ва ўсім гэтым ужо замазаны. Суддзі і сведкі ўжо не апранаюць маскі. Балаклавы апранае АМАП і ГУБАЗіК. Тыя, хто афармляе, ГАМ, РАУС, ім ужо ўсё роўна — яны ўжо «злітыя» ў інтэрнэт і не хаваюцца.

Многіх працягваюць звальняць з дзяржаўных арганізацый за «суткі» і калі дзесьці засвяціўся. Ёсць нават прыватнікі, якія баяцца браць на працу палітычных».

«Не так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta, як за падпіскі на ўкраінскія парталы навін»

«Быў выпадак, калі затрымалі чалавека за стрым. П'яны мужчына прапаноўваў усім сваім гледачам ехаць ва Украіну, а раніцай да яго прыехаў ГУБАЗіК. Ёсць выпадкі праглядаў сілавікамі стрымаў і чат-рулеткі.

Вельмі цікавая рэакцыя міліцыі на ўкраінскую тэму. Не так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta і Матольку, як за падпіскі на ўкраінскія парталы навін. Цяпер тэматыка Украіны іх больш турбуе. Оперупаўнаважаныя на допыце часта пыталіся, хто з сяброў, сваякоў ваюе ў гарачых пунктах, хто са знаёмых цяпер знаходзіцца ва Украіне. Тэма Украіны для іх вельмі страшная. Яны баяцца супраціву са зброяй.

Так як яны працуюць па адмашцы зверху, то, адпаведна, яны дапускаюць сцэнар пройгрышу РФ у вайне. Бо ніхто не ведае, як будуць працаваць УСУ. А так як уцягнутая і Беларусь, то яны думаюць, што УСУ або полк Каліноўскага могуць зайсці на нашу тэрыторыю».

«На трэці-пяты дзень пачынаюць хварэць ўсе»

Мужчына, які нядаўна вызваліўся з ЦІП распавёў, што цяпер хварэюць усе арыштанты:

«Вірус ходзіць. На трэці-пяты дзень хварэюць усе».

Яшчэ адзін мужчына, які ў 2022 годзе двойчы трапляў на «суткі» дапаўняе, што «людзі там хварэлі заўсёды»:

«Гэта не залежыць ад надвор'я. Праз тое, што людзі спяць на падлозе і скразняк ў камеры, людзі пачынаюць хварэць».

Лекі арыштантам выдаюць у асноўным з іх перадач. Гэта адзінае, што даходзіць з перадач на Акрэсціна. Лекі прымаюць у любы час. Вось, што раіць перадаваць цяпер былы арыштант:

«Пакецікі ад прастуды, таблеткі для рассмоктвання для горла, спрэі ў нос, у горла, ад кашлю таблеткі, антыбіётыкі, самыя простыя вітаміны: аскарбінкі, рэвіт, гексавіт, ундэвіт».

Былы арыштант распавядае, што ў камеры на Акрэсціна яго пакусалі рэчавыя вошы.

Яшчэ адзін з суразмоўцаў «Вясны» сустрэў Новы год на «сутках»:

— Як адзначылі Новы год? — Спалі. Але шумна было з-за салютаў.

«Ужо заўсёды ёсць так званы эвакуацыйны чамаданчык»

«Калі жывеш у Беларусі, то ўжо на аўтамаце глядзіш у вокны пры выхадзе. Выкарыстоўваеш новыя тэлефоны пасля затрымання. Ужо заўсёды ёсць так званы эвакуацыйны чамаданчык. Прывыкаеш жыць у такім тэмпе. Але насамрэч, калі сілавікі захочуць, то цябе затрымаюць.

Адзінае, што хачу сказаць: трэба зносіць усё інстаграмы і телеграмы, то-бок выдаляць акаўнты і мяняць тэлефоны».

Клас
11
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
23
Абуральна
79