Фота ілюстрацыйнае
«Чаму мы не можам карыстацца гарачай вадой круглыя суткі, бо гэта стварае нязручнасці, і асабліва тым, у каго маленькія дзеці, хворыя пажылыя людзі?» — з такім пытаннем звярнуліся жыхары Дрыбіна ў рэдакцыю мясцовай раённай газеты «Савецкая вёска».
Сітуацыю пракаментаваў начальнік кацельна-цеплавой і газавай гаспадаркі КПК «Жылкамгас» Аляксандр Кускоў:
«Графік падачы гарачай вады зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам. Перавесці на кругласутачны рэжым падачу гарачай вады кацельня пакуль не мае тэхнічнай магчымасці».
Намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Уладзімір Лясяк, у сваю чаргу, адзначыў, што кругласутачна падаваць ваду ў шматкватэрныя дамы будзе нявыгадна, бо пацягне вялікія затраты электраэнергіі. А калі камусьці карыстацца гарачай вадой па графіку не падабаецца — хай той ставіць сабе награвальныя сістэмы:
«Гарачая вада ў шматкватэрныя дамы райцэнтра падаецца з катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, гэта значыць, пры спальванні дроў.
Па заканадаўстве ў невялікіх населеных пунктах, такіх, напрыклад, як Дрыбін, гарачая вада павінна падавацца толькі пры спальванні мясцовых відаў паліва, — тлумачыць чыноўнік. —
Усталяваць дадаткова яшчэ адзін кацёл, які б падаваў большую колькасць гарачай вады, сёння няма магчымасці. Для падачы гарачай вады выкарыстоўваюцца магутныя энергазатратныя помпы, а спажыванне вады атрымліваецца невялікае, бо людзі ў асноўнай масе карыстаюцца гарачай вадой раніцай і ўвечары.
Калі гарачую ваду падаваць кругласутачна, то гэта прывядзе да вялікага спажывання электраэнергіі. А гэта эканамічна нявыгадна і затратна.
Таму, калі спажыўца не задавальняе дзейны графік падачы гарачай вады, ён можа ўсталяваць індывідуальны электранагравальнік або газавы награвальнік вады».






спасибо, барин. спасибо, родимый