Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: старонка Pabach Hrodna у інстаграме

Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: старонка Pabach Hrodna у інстаграме

«Нам здаецца, гэта тое, што ўжо даўно было на паверхні. Наўрад ці хто-небудзь будзе спрачацца з тым, што наш горад мае вельмі цікавую і разнастайную гісторыю і вялікую колькасць гістарычных помнікаў, якія яе захавалі. З-за гэтага да нас прыязджае шмат турыстаў. Як мы маглі назіраць улетку, не заўсёды і гідаў хапала на ўсіх», — распавяла адна з аўтарак аўдыягіда Эвеліна Швед. — «То-бок неабходнасць нейкага дадатку, які б дапамагаў і нашым мясцовым гарадзенцам пазнаць лепей горад і яго гісторыю, і вандроўнікам з іншых гарадоў ды краін пазнаёміцца з ім бліжэй, — гэта вельмі яўная патрэба».

Слухай, каб пабачыць

У камандзе Pabach Hrodna лічаць, што людзі праводзяць дастаткова шмат часу ў тэлефонах. Таму ім хацелася максімальна вызваліць чалавека ад кантакту з экранам, каб ён мог пабачыць сам горад і цікавосткі ад гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. «Адсюль і ідэя ды назва прыкладання».

Праект ствараюць валанцёры

Паводле словаў Эвеліны, праект — цалкам валанцёрская ініцыятыва. Каманда складаецца з зацікаўленых «добрых і таленавітых гродзенцаў».

Тэхнічную каманду складаюць айцішнікі, каманду па кантэнце — гісторыкі, краязнаўцы, гіды і настаўнікі. Ёсць людзі, якія не маюць гістарычнай адукацыі, але разумеюць, як уладкавана сучаснае гарадское асяроддзе.

На думку стваральнікаў, «для чалавека важна не толькі даведацца нейкія гістарычныя факты, але і дазнацца, куды можна зайсці паесці, дзе ёсць цікавыя месцы для дзяцей, якія зараз працуюць музеі і выставы, дзе можна знайсці якасны падарунак».

Пачалі з версіі для Android 

Зараз каманда займаецца стварэннем версіі аўдыягіда для Android. Яе можна будзе бясплатна спампаваць у краме дадаткаў Play market. Стваральнікі спадзяюцца, што гід будзе гатовы ў першай палове 2023 года.

«Праца вядзецца паступова, ужо зроблена вялізная частка. Але памятаем, што праект валанцёрскі. Шмат што залежыць ад занятасці саміх валанцёраў, якія дапамагаюць у свой вольны час. Таму робім, што магчыма, каб знайсці аптымальны баланс паміж якасцю і хуткасцю. Нам і самім ужо вельмі хочацца падзяліцца вынікамі працы», — сказала Эвеліна Швед.

Аўдыягіду трэба здаць экзамен 

З 1 студзеня 2023 года аўдыягіды павінны праходзіць атэстацыю. Яна адбываецца ў Міністэрстве спорту і турызму альбо ва ўпаўнаважаных ім дзяржарганізацыях. Там павінны ацаніць галасавое суправаджэнне тэксту аўдыягіда, сам тэкст, афармленне схемы маршрута, а таксама фота і відэа, калі такія прадугледжаны.

Распрацоўшчыкі аўдыягіда робяць усё, што неабходна, каб дадатак прайшоў афіцыйныя атэстацыі і праверкі. «Якраз зараз удакладняем усе гэтыя пытанні».

Навошта яшчэ адзін?

Падобныя аўдыягіды ўжо ёсць у Гродне — Grodno guide, а таксама «Славутасці Гродна». Па словах Эвеліны Швед, «гэта вельмі добрыя праекты, але ўсё ж у нас ёсць адрозненні. Мы робім менавіта аўтарскія маршруты і супрацоўнічаем з нашымі краязнаўцамі і гісторыкамі».

У канцы 2020 года ў Гродне запусцілі мабільны дадатак Grodno guide. Ён ўяўляе сабой звычайную карту Гродна з сэрвісу «Яндекс.Карты», сумешчаны з каталогам гасцініц, інтэрнатаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, гістарычных і культурных аб’ектаў, забаў. У сакавіку 2022 года ніякія аб’екты на карце ў Android-версіі дадатку не адлюстроўваліся. Не грузіліся таксама турыстычныя навіны. У 2022 годзе гарадскія чыноўнікі планавалі выдаткаваць на яго абслугоўванне больш за 8,5 тыс. рублёў.

Ад «гарадзенскіх коцікаў» да гарадскога медыя

Таксама ў дадатку Pabach Hrodna будуць іншыя цікавыя вобласці. Пра іх будуць паступова распавядаць на старонцы аўдыягіда ў інстаграме.

«У ідэале нам бы хацелася зрабіць пляцоўку, дзе можна будзе дзяліцца якасным і карысным гістарычным кантэнтам і сучаснымі цікавымі мерапрыемствамі горада».

Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: старонка Pabach Hrodna у інстаграме

Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: старонка Pabach Hrodna у інстаграме

У інстаграме стваральнікі праекта Pabach Hrodna падпісваюцца як «гарадзенскія коцікі». Яны ўпэўненыя, што коцікі — важны сімвал горада. «Бо хто не бачыў, як яны мурлыкаюць і ляжаць у кожным дворыку? І хто ведае горад лепей, чым яны?».

Акрамя гэтага, каманда распавяла, што іх «вялікі начальнік» — кот Стэфана Баторыя. «Гэта праект нашага знакамітага гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, якім ён пагадзіўся падзяліцца. І гэта таксама фарміруе сучасны гарадскі фальклор».

Падтрымаць каманду стваральнікаў Pabach Hrodna і падпісацца на іх у інстаграме можна тут.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0