Па інфармацыі адной з крыніц, затрыманне адбылося яшчэ ў лістападзе мінулага года. Затрымалі высокапастаўленага следчага за хабар — называлася сума ў 500 тысяч даляраў. Крыніца таксама паведаміла, што акрамя Далінніка былі затрыманыя некалькі службовых асоб з Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. З гэтым ведамствам Даліннік супрацоўнічаў па абавязку службы — усе буйныя «фінансавыя справы» перадаваліся з ДФР КДК менавіта ва ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сферы цэнтральнага апарата СК.

Паводле звестак, атрыманых ад іншага інфарматара, Дзмітрыя Далінніка ўзялі за атрыманне хабару ў 20 тысяч даляраў.

«Яго затрымалі ў дзень яго нараджэння — 11 лістапада. Наколькі мне вядома, узялі кагосьці яшчэ з ДФР», — паведаміў ён.

Інфармацыю пра тое, што Даліннік затрыманы, пацвердзілі таксама ў арганізацыі былых сілавікоў Беларусі BYPOL.

«Затрыманы месяц таму за хабар. І не адзін», — распавялі ў BYPOL.

Паводле непацверджанай інфармацыі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Яго мабільны тэлефон не адказвае. На адным з гарадскіх нумароў, пазначаных як яго рабочы, паведамілі, што «Дзмітрый Аляксандравіч хварэе».

«Наўрад ці ў вас атрымаецца з ім звязацца», — паведамілі па іншым нумары.

Дзмітрый Даліннік узначальваў следчую групу па «справе Tut.by».

Клас
21
Панылы сорам
6
Ха-ха
54
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
10