Фота: sergey.markov.5 / Facebook

Фота: sergey.markov.5 / Facebook

Пра галоўныя вынікі года

  • Вынікі года катастрафічныя. Спецыяльная ваенная аперацыя, якая планавалася хуткай і эфектыўнай, аказалася не хуткай, не эфектыўнай і перарасла ў доўгатэрміновую ваенную аперацыю. Паведамляецца пра дзясяткі тысяч загінулых з боку Украіны і Расіі, але на самай справе ўжо, мабыць, сотні тысяч загінулых. Мільёны бежанцаў.
  • Ва Украіне адбыўся велізарны якасны зрух у дачыненні да Расіі. Пасля пачатку «СВА» (расійская прапаганда называе вайну ва Украіне выключна як спецыяльная ваенная аперацыя — НН) антырасійскія настроі дасягнулі парадку 70—80 адсоткаў. Адбылася кансалідацыя ўкраінскага палітычнага рэжыму на антырасійскай аснове. Гэта таксама катастрафічныя наступствы.

  • Расійская армія фактычна страціла статус другой арміі свету, калі не браць ядзерную зброю. У вачах усяго свету яна ацэньваецца як выключна неэфектыўная і няздольная вырашаць баявыя задачы.
  • У геапалітычным плане мы таксама бачым не пераход да шматпалярнага свету, а, наадварот, перазагрузку аднапалярнага свету, значнае ўзмацненне ЗША, якія паказалі сваю велізарную моц, эфектыўнасць, здольнасць кантраляваць палітычныя рэжымы. Заходняя цывілізацыя сёння як ніколі кансалідаваная вакол ЗША. А Расія аказалася слабай.

  • Бяда прыйшла не толькі ва ўкраінскія семʼі, але і ў расійскія. Акрамя тых, хто ваяваў на фронце з пачатку «СВА», падчас мабілізацыі былі прызваныя яшчэ 300 тысяч чалавек. Кожны з іх закранае па 3-4 сямʼі. Некалькі сотняў тысяч зʼехалі з краіны. Кожны з іх таксама мае дачыненне да 3-4 семʼяў. У выніку бяда закранула 10-15 мільёнаў семʼяў.

Пра мабілізацыю

  • Сурʼёзныя памылкі былі зробленыя падчас правядзення мабілізацыі <… > Сама мабілізацыя была арганізаваная настолькі дрэнна, што спалохаліся нават многія патрыёты. Калі мабілізаваных кідаюць на фронт, а сваякі купляюць ім усё тое, чым павінна забяспечваць дзяржава, і выдаткоўваюць на гэта дзясяткі тысяч рублёў, гэта выклікае зразумелыя нараканні, незадаволенасць і страх.

Пра расійскую сістэму і эліты

  • Расійская дзяржаўная сістэма прадэманстравала высокую ступень неадэкватнасці, паколькі не змагла прадбачыць ход развіцця ўсіх гэтых падзей. Вельмі памылкова праводзілася і cпецыяльная ваенная аперацыя, і палітычная праца.
  • У дзяржаўных структурах, кіруючай партыі доўгі час праходзіў адмоўны адбор. Бралі ў асноўным шэрых бюракратаў, якія ўсяго баяцца, а яркіх людзей выкідалі з сістэмы.

  • Расійскія эліты не вераць ні ў што. У гэтым галоўная праблема. Цынізм, прынцыповая антыідэалагічнасць — вось што іх характарызуе.
  • Эліты не лічаць гэтую вайну сваёй. Для іх гэта пуцінская вайна, вайна ватнікаў, глыбіннага народа. А эліты гэтай вайны не хочуць, яны лічаць, што Пуцін памыліўся, і прымуць любы зыход «СВА». І перамогу, і паразу. І гэта, вядома, вялікая праблема.

Пра тэрміны вайны

  • Ніхто не ведае. Усе аналітыкі — палітычныя, ваенныя — са сваімі прагнозамі праваліліся. Ніхто нічога як след не разумее. Можна прагназаваць толькі на тактычным узроўні, што адбудзецца ў наступны тыдзень-другі.

Пра Кітай і геапалітычны правал

  • Мы ўвогуле не чакалі, што Кітай зойме гіпертрафаваны нейтралітэт. Нам хацелася, каб Пекін займаў больш саюзніцкую пазіцыю. Але ён заняў больш нейтральную.
  • Чаму яшчэ многія краіны занялі такую пазіцыю? Галоўная прычына ў тым, што Расія не выйграе. Ніхто не хоча стаць саюзнікам таго, хто пацерпіць паразу.

Пра пагрозы прымянення ядзернай зброі

  • Калі Масква пачала намякаць на прымяненне тактычнай ядзернай зброі, гэта таксама сталі ўспрымаць як праяву слабасці. Навошта краіне, якая пераможа, ужываць тактычную ядзерную зброю? Гэта таксама ўспрымаецца як праява невытлумачальнай слабасці і прыкмета будучай паразы Расіі.

Пра «ўсё ідзе па плане»

  • Гэтыя знакамітыя словы «ўсё ідзе па плане». Яны наогул выклікаюць смех і адчуванне неадэкватнасці. Калі палітычнае кіраўніцтва неадэкватнае, то гэта індыкатар будучай паразы Расіі.

Пра перамовы

  • Цяпер перамовы абсалютна немагчымыя, таму што Захад хоча ваеннага паражэння Расіі і лічыць, што ён блізкі да гэтага. Таму Захад выстаўляе звышжорсткія патрабаванні. Па сутнасці справы, паўкапітуляцыю. Расія на гэта пайсці не гатовая. Таму перамовы немагчымыя. Але большасць краін, якія не далучыліся да санкцый, вельмі хочуць, каб вайна скончылася. Яны хочуць, каб Уладзімір Пуцін паводзіў сябе не як маньяк, які з'ехаў з глузду на вайне, а як адказны дзяржаўны дзеяч, які пры добрай магчымасці выйшаў на перамовы. Але гэтым краінам Пуцін і Лаўроў увесь час кажуць: «Мы гатовыя да перамоваў. А наш вораг — не».

Пра Гаагу

  • Гаага цалкам рэальная. Мы ж былі сведкамі распаду СССР. Былі сведкамі, як яны паланілі Слабадана Мілошавіча.

Пра пагрозу паразы

  • Галоўная рызыка — гэта параза ў ваенным канфлікце ва Украіне. Расія ўжо зрабіла некалькі крокаў да сваёй паразы.

  • Пагроза паразы Расіі самая сурʼёзная, істотная і галоўная. Параза прывядзе да катастрофы для расійскай дзяржаўнасці і, магчыма, да ліквідацыі РФ як незалежнай дзяржавы наогул.
Клас
152
Панылы сорам
4
Ха-ха
26
Ого
10
Сумна
3
Абуральна
8