Фота: vecteezy

Згодна з новым дакладам ААН, дзірка ў азонавым слоі Зямлі, адна з самых страшных патэнцыйных экалагічных катастроф у гісторыі чалавецтва, будзе цалкам адноўлена ў большай частцы свету на працягу двух дзесяцігоддзяў. Гэта будзе зроблена дзякуючы рэалізацыі прынятых урадамі краін рашучых мер па паступовай адмове ад азоназнішчальных рэчываў.

У дакладзе таксама гаворыцца, што працэс аднаўлення слоя ва ўсім свеце, акрамя палярных рэгіёнаў, павінен скончыцца да 2040 года. Паўночнаму і Паўднёваму полюсам для гэтага спатрэбіцца крыху больш часу: азонавы слой над Арктыкай цалкам адновіцца да 2045 года, а над Антарктыдай — да 2066-га.

Пасля таго, як свет звярнуў сур'ёзную ўвагу на праблему страты азону ў 1980-х гадах, азонавы слой паступова паляпшаўся — дзякуючы Манрэальскаму пратаколу 1989 года — міжнароднаму пагадненню, якое дапамагло ліквідаваць 99% азоназнішчальных хімічных рэчываў, такіх як хлорфторвугляроды (ХФВ), якія выкарыстоўвалісь ў якасці растваральнікаў і холадагентаў (холадагент — працоўнае рэчыва халадзільных сістэм, якое пры кіпенні ці пашырэнні адбірае цеплыню ад цела, што ахалоджваецца, і затым пасля сціску аддае яго навакольнаму асяроддзю. Выкарыстоўваецца падчас працы кандыцыянераў, халадзільнікаў і г.д.).

У ААН заявілі, што дзеянні, прынятыя ў адносінах да азонавага слоя, таксама спрыялі больш сур'ёзнаму рэагаванню на кліматычны крызіс — ХФВ таксама з'яўляюцца парніковымі газамі, а іх далейшае некантралюемае выкарыстанне прывяло б да павышэння глабальнай тэмпературы на 1°С да сярэдзіны XXI стагоддзя і значна пагоршыла б і без таго жудасную сітуацыю ў свеце, дзе газы, што награваюць планету, усё яшчэ не памяншаюцца.

«Дзейнасць па аднаўленні азону стварае прэцэдэнт для дзейнасці па барацьбе са змяненнем клімату. Наш поспех у паэтапнай адмове ад хімічных рэчываў, якія разбураюць азон, паказвае нам, што можна і трэба зрабіць у тэрміновым парадку, каб адмовіцца ад выкапнёвага паліва і скараціць выкіды парніковых газаў — і тым самым абмежаваць рост глабальнай тэмпературы», — сказаў Петэры Таалас, генеральны сакратар Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі пры ААН, якая 9 студзеня і апублікавала даклад аб сваёй працы (ён складаецца кожныя чатыры гады).

Па словах Дэвіда Фэі, навукоўца з Нацыянальнага ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў, а таксама вядучага аўтара новага даклада, адзіны глабальны адказ на праблему ХФВ азначае, што Манрэальскі пратакол варта лічыць «найбольш паспяховым экалагічным дагаворам у гісторыі».

«Ён прапануе краінам свету магчымасць сабрацца разам, разам прыняць рашэнне і разам дзейнічаць у адпаведнасці з ім», — дадае ён.

Пры гэтым Фэі адзначае, што нават пры своечасовай і хуткай глабальнай рэакцыі на праблему ХФВ гэтыя рэчывы усё яшчэ застаюцца ў атмасферы на працягу стагоддзя.

«Гэта падобна да чакання, пакуль высахне фарба. Вам проста трэба пачакаць, пакуль прырода зробіць сваю справу і змые гэтыя хімічныя рэчывы», — падагульняе ён.

Чытайце яшчэ:

Метэаролаг патлумачыў, чаму на захадзе Беларусі цёпла, а на астатняй частцы тэрыторыі халодна

Навукоўцы знайшлі арганізм, які можа харчавацца толькі вірусамі

Даследаванне: кавідны стрэс прыводзіць да заўчаснага старэння мозгу

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1