Медыянны заробак — гэта сума, больш за якую зарабляе палова работнікаў, а другая палова — менш за гэтую суму. Такім чынам, гэта паказчык зарплаты сярэднестатыстычнага работніка, а не сярэднестатыстычнай зарплаты, што больш наглядна адлюстроўвае сітуацыю з заробкамі.

Паняцце сярэдняй налічанай зарплаты выглядае ўмоўна, асабліва калі ў краіне няшмат людзей з вельмі высокай зарплатай і, наадварот, многа з вельмі нізкай, калі пераважная большасць атрымлівае вельмі мала. Але першая група ўплывае на фарміраванне «сярэдняй тэмпературы па палаце» значна больш, чым другая. Для параўнання, сярэдняя намінальная налічаная зарплата ў краіне за лістапад склала 1648,2 рубля, гэта значыць, на 24,27% больш за медыянную. Прытым звычайна больш за 2/3 работнікаў недацягваюць да сярэдняй намінальнай зарплаты.

Па галінах медыянны заробак змяняўся нераўнамерна.

У прыватнасці, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках у лістападзе 2022 года ён склаў 1078,2 рубля, што на 18,3% больш, чым годам раней, а ў прамысловасці — 1498,8 рубля (плюс 17,3%), у тым ліку ў горназдабыўнай — 3287 (вышэй на 31,5%) і ў апрацоўчай — 1516,9 (плюс 18,3%). У будаўніцтве медыянны заробак склаў 1482,7 рубля (рост за год на 13,8%), у раздробным гандлі — 1060,7 (на 11,1%), на транспарце і ў лагістыцы — 1412,7 (плюс 16,5%), у паслугах часовага пражывання і харчавання — 1006 (вышэй на 19,1%), у фінансавай і страхавой дзейнасці — 1773,8 (на 19,1%), у адукацыі — 916,8 (на 12,2%), у ахове здароўя — 1099 (плюс 7,1%).

Спад адзначаны толькі па выглядзе дзейнасці «інфармацыя і сувязь», дзе медыянны заробак за год скараціўся на 3,5% да 2669,6 рубля, у тым ліку ў IT-сектары — на 10,5% да 3812,1 рубля.

Даныя аб медыянным заробку публікуюцца двойчы ў год: за май і лістапад.

Раней паведамлялася, што медыянны заробак у Беларусі за май 2022 года склаў 1167 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0